Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– Калі вы раптам загаворыце, мы адразу пра гэта дазнаемся, – сказаў ён. – У нас свае каналы інфармацыі. Вас чакае экіпаж. Мой сябар вас праводзіць.

Мяне спехам правялі цераз вітальню і зноў увапхнулі ў карэту. Ізноў я на імгненне пабачыў дрэвы і ўвесь сад. Містэр Латымер, які ішоў за мной, моўчкі сеў у экіпаж насупраць мяне. У поўнай цішыні мы адолелі нейкую бясконцую адлегласць, вокны, як і перад тым, былі заслоненыя. Нарэшце – як толькі прабіла поўнач – экіпаж спыніўся.

– Выходзьце тут, містэр Мелас, – сказаў мой спадарожнік. – Прабачце, што пакідаю вас так далёка ад дому, але ў мяне няма выбару. Любая спроба прасачыць маршрут экіпажа можа прынесці вам шкоду.

Кажучы гэта, ён адчыніў дзверы, і я ледзьве паспеў выскачыць на дарогу, бо фурман падсцёбнуў каня, і карэта з грукатам рушыла. Я агаломшана азірнуўся: я стаяў пасярод верасовай пусткі, па якой рассыпаліся цёмныя купкі жаўтазелю. Удалечыні быў відаць шнур дамоў, сямтам у верхніх вокнах гарэла святло. У супрацьлеглым баку я пабачыў сігнальныя агні чыгункі.

Экіпаж, што прывёз мяне, ужо знік з вачэй. Я стаяў, круцячы галавою, спрабуючы зразумець, дзе я ўвогуле, і тут пабачыў, як нехта набліжаецца да мяне ў цемры.

Калі чалавек падышоў, я зразумеў, што гэта рабочы станцыі.

– Скажыце, калі ласка, дзе я? – спытаў я.

– Ўондсуарт-Коман, – сказаў ён.

– Як тут сесці на цягнік да Лондана?

– Вам трэба прайсці недзе з мілю да станцыі Клэпхем, – сказаў рабочы. – Вы акурат паспееце на апошні да вакзала Вікторыя.

Так скончылася мая прыгода, містэр Холмс. Я не ведаю, дзе я быў і з кім размаўляў, я пераказаў вам усё, што мне вядома. Зразумела адно: нехта займаецца чорнымі справамі, і я хачу дапамагчы таму няшчаснаму, калі здолею. Я расказаў усё містэру Майкрафту Холмсу наступным жа ранкам, а потым звярнуўся ў паліцыю.

Пасля таго як грэк скончыў свой незвычайны аповед, мы ўсе некаторы час сядзелі моўчкі. Потым Шэрлак падняў вочы на брата.

– Што-небудзь зрабілі? – спытаўся ён. Майкрафт узяў са століка выпуск «Дэйлі Ньюс».

Любы, хто мае інфармацыю пра джэнтльмена з Афінаў на імя Павел Кратыдэс, які не размаўляе па-ангельску, атрымае ўзнагароду. Такую ж узнагароду атрымае той, хто прадставіць інфармацыю пра грэцкую даму, якую завуць Сафія. X2473*.

– Гэта было ва ўсіх газетах. Адказаў няма.

– Як наконт грэцкай місіі?

– Я звяртаўся туды. Яны нічога не ведаюць.

– Тады трэба тэлеграфаваць шэфу грэцкай паліцыі.

– Уся энергія Холмсаў дасталася Шэрлаку, – сказаў Майкрафт, паварочваючыся да мяне. – Рабі ўсё, што магчыма, і паведамляй мне, калі нешта зрушыцца.

– Абавязкова, – адказаў мой сябар, уздымаючыся з крэсла. – Буду трымаць у курсе цябе і містэра Меласа таксама. А пакуль, містэр Мелас, я на вашым месцы быў бы вельмі асцярожны, бо з гэтых абвестак яны зразумеюць, што вы іх выдалі.

Па дарозе дадому Холмс зазірнуў на тэлеграф і адаслаў некалькі тэлеграмаў.

– Што ж, Ўотсан, – зазначыў ён, – мы зусім не змарнавалі сённяшні вечар. Так Майкрафт пастаўляў мне найцікавейшыя мае справы. Загадка, якую нам толькі што задалі, хоць і мае адзінае яснае тлумачэнне, але цікавая пэўнымі дэталямі.

– Вы спадзеяцеся развязаць яе?

– Ну, ведаючы столькі, колькі ведаем мы, было б надзвычай арыгінальна не дакапацца да ісціны. Дый у вас, мусіць, склалася сваё тлумачэнне фактаў, што нам прадставілі.

– Ну, у агульных рысах так.

– І што вы думаеце на гэты конт?

– Мне здаецца відавочным, што паненка з Грэцыі была скрадзеная ангельскім джэнтльменам на імя Гаральд Латымер.

– Скрадзеная адкуль?

– З Афінаў, магчыма. Шэрлак заматляў галавой:

– Гэты малады чалавек ні слова не ведае па-грэцку. Дама даволі добра размаўляе па-ангельску. Адсюль вынікае, што яна пэўны час пражыла ў Англіі, а ён ніколі не быў у Грэцыі.

– Тады мы можам дапусціць, што яна прыехала наведаць кагосьці ў Англіі, а гэты Гаральд схіліў яе да ўцёкаў.

– Гэта больш імаверна.

– Значыць, брат – бо, я так разумею, яны сваякі – прыбывае з Грэцыі, каб умяшацца. Ён неасцярожна аддае сябе пад уладу маладога чалавека і яго старэйшага таварыша. Гэтыя двое хапаюць гаротніка і гвалтам спрабуюць прымусіць яго падпісаць паперы па перадачы ім спадчыны дзяўчыны, магчыма, палонны – яе апякун. Той адмаўляецца. Ім патрэбны перакладчык, і яны кідаюцца па містэра Меласа, а да таго ім перакладаў іншы чалавек. Паненка не ведае, што яе брат у Англіі, і адкрывае гэта выпадкова.

– Выдатна, Ўотсан! – усклікнуў Холмс. – Мяркую, вы недалёкі ад ісціны. Як вы бачыце, усе карты ў нас у руках, нам варта баяцца толькі таго, што гэтыя двое могуць ужыць гвалт. Але яшчэ крыху – і мы схопім іх.

– Як жа нам знайсці той дом?

Перейти на страницу:

Похожие книги