– Павел, хацеў з вамі пагаварыць пра Харовіча. На хлопца за той сцяг, сарваны з Мінгарвыканкама, пачалі крымінальную справу – «шыюць» яму хуліганства…
– Так, я чуў, – пацвердзіў Кміціч.
Аляшэўскі няўпэўнена кашлянуў, моўчкі пастукаў пальцамі па стале.
– Вы казалі, быццам маеце знаёмага ў КДБ. Можа быць, яго можна папрасіць паўплываць на гэтую справу? Хай бы хлопцу перакваліфікавалі абвінавачанне ў знявагу дзяржаўных сімвалаў, а? Там пакаранне ніжэйшае… Ці можна вас папрасіць правесці такія перамовы? Ведаеце, у яго старая маці, якая цяпер засталася зусім адна, яе няма каму даглядаць. Калі Змітра надоўга пасадзяць, ёй будзе надзвычай цяжка. Я вам нават скажу, што нядаўна сам быў сведкам, як маладафронтаўцы скідаліся ўласнымі грашыма, каб перадаць ёй.
Галоўрэд замаўчаў, запытальна зазіраючы ў вочы Кміцічу. Той стаяў моўчкі, узважваючы сітуацыю. Каб выйграць час, журналіст агледзеўся па баках. У кабінеце Аляшэўскага, як і ў іншых супрацоўнікаў рэдакцыі, стаялі стол і камп’ютар. Аднак замест стандартнага крэсла ў яго быў мяккі скураны фатэль, у кутку каля акна стаяў акварыум са скалярыямі, адну сценку ўпрыгожвала абстрактная карціна. Ніякіх дакументаў на стале не было – усю папяровую працу галоўрэд пераклаў на плечы сакратаркі.
– Вы ж разумееце, што за свае паслугі гэты чалавек можа захацець падзякі, праўда? Што мы можам абяцаць яму ўзамен? – голас Кміціча гучаў напружана і неяк адстаронена.
Рэдактар зноў кашлянуў: абяцаць штосьці супрацоўніку КДБ у ягоныя планы яўна не ўваходзіла.
– Дык жа мы і так ужо яму насустрач пайшлі, – радасна знайшоў ён выйсце са складанай сітуацыі. – Вы ж працавалі над матэрыяламі, якія ён вам прапанаваў. А газета апублікавала гэтае цікавае даследаванне. То-бок першы крок насустрач зрабілі мы, і цяпер наша выданне можа спадзявацца на падзяку з ягонага боку!
Кастрычнік, 1927
Кастрычніцкія раніцы ўжо цёмныя. Гэта летам можна вяртацца дадому а шостай гадзіне, калі даўно ўжо ўстала сонца, а цяпер – цямрэча. У цэнтры Воршы яшчэ хаця б свецяць ліхтары, а тут, на бакавых вулачках, – хоць у хованкі гуляй.
Андрэй Камар ішоў стомлены, уваччу мільгацелі набраныя газетныя загалоўкі і лозунгі да дзесяцігоддзя пралетарскай рэвалюцыі. Усё так, хутка ўжо дзесяць гадоў, як працоўны народ скінуў уладу паноў і буржуазіі. А для чаго? Як казаў таварыш Ленін – для таго, каб самі працоўныя маглі авалодаць усімі здабыткамі чалавечага духу і думкі. Гэта значыць, што не павінна быць ніякіх перашкод для…
Чыёсьці цела прыціснула хлопца да плота, на рот легла рука, каб не дапусціць галасу. Андрэй адчуў, як у скронь яму тыцнуўся сцюдзёны метал.
– Пачнеш шумець – застрэлю! – злым шэптам паабяцаў чалавек, які так знячэўку напаў на юнака.
Вочы Андрэя зрабіліся вялікім і круглымі, калі ён пазнаў нападніка – гэта быў Васіль Луст, які так нядаўна зусім не хацеў гаварыць з ім і Хлюдзінскім.
Цяпер мужчына зусім не нагадваў Андрэю таго баязліўца, які падчас іх візіту дрыжэў як авечы хвост. Зрэшты, калі б хлопец не быў настолькі спалоханы нечаканым нападам, дык зразумеў бы, што Луст па-ранейшаму страшна баіцца. Вочы ягоныя блішчэлі ўтрапёна, як у вар’ята, вусны пабялелі ад нервовага напружання, твар быў перакошаным. Нападнік працягваў гаварыць гучным шэптам, і на твар юнака ляцелі пырскі ягонай сліны:
– Ты не зразумеў мой намёк з першага разу і прыйшоў зноў. Ды яшчэ не адзін – прывёў з сабой нейкага памагатага… Цяпер я табе кажу адкрыта, без усялякіх намёкаў: ты мяне не ведаеш і ніколі не бачыў, зразумеў? Зусім ні-ко-лі! І на вуліцы ты мяне пры сустрэчы не пазнаеш. А лепш увогуле пяройдзеш на іншы бок.
Ствол настойліва свідраваў Андрэеву скронь, быццам хацеў забрацца пад яе і пацікавіцца змесцівам ягонай галавы. Луст не зводзіў сваіх ашалелых вачэй з твару юнака, ягоная рука па-ранейшаму заціскала рот ахвяры.
– Ты ўсё зразумеў? Міргні два разы… Малайчынка! І запомні: нашая наступная сустрэча можа стаць для цябе апошняй у жыцці – я цябе папярэдзіў. А зараз ты моўчачкі пойдзеш да сябе дадому і нікому не раскажаш пра тое, што тут адбылося.
Мужчына адпусціў Камара, зрабіў некалькі крокаў убок, і ягоны сілуэт расплыўся ў цемрадзі за вулічнымі клёнамі.