– Дзякую яшчэ раз, – Вадзянік пакруціў свае даўгія вусы-канаты. – Дык вось. У горадзе зараз стаяць мясцовыя войскі. Каля лесу – замежныя. Яны ўжо некалькі разоў біліся, і будуць біцца яшчэ. Нашая мэта – зразумець, каго мы падтрымаем, і ці падтрымаем. Хто першы хоча ўзяць слова?
Першы падняўся Лесавік:
– Я жыву на гэтай зямлі ўжо колькі год, сваймі рукамі высаджваю елкі, бярозы, хмызы, дубы ды іншыя расліны.
І колькі год людзі прыходзяць, ссякаюць дрэвы, топчуць пустазелле, крадуць жаб’юкі. Так, мне гэта непрыемна, але мясцовыя нас паважаюць, глыбока не заходзяць, перад дрэвам прабачэння просяць. Яны нашыя і звыклыя. А гэтых замежнікаў вы бачылі? Яны на вогнішчы маладыя бярозкі пасеклі! Пад свае гарматы зрылі некалькі хат барсукоў!
Ператапталі ўсе буякі на падлеску! Мясцовыя такога сабе не дазвалялі, я вам кажу! А пасля таго, як тутэйшыя спалілі лесапілку, што прыносіла майму сэрцу столькі болю, ім рукі цалаваць… Таму давайце будзем патрыётамі і падтрымаем мясцовых, а гэтых замежнікаў будзем у лесе лавіць і на корм вупырам аддаваць.
– Падтрымліваю! – завыў ад радасці Вупыр.
– А я супраць! – выйшаў да цэнтра Анчыпар. – Я восемдзесят гадоў як жыву на млыне. Колькі змянілася млынароў, колькі жорнаў разбілася, а я тут. Пан Лесавік казаў – будзьма патрыётамі. А я быў патрыётам свайго млына!
А гэтыя «тутэйшыя» прыйшлі і спалілі яго. І які я цяпер Анчыпар без хаты? Дзе мне наганяць сны і абяцаць горы золата? Дзе, вы мне скажыце! Можа, у ратушы? Ці ў сінагозе? Спіць такі сабе равін і сніць, як на яго спіне Анчыпар з залатой мукой катаецца… Бязглуздзіца ды і толькі. Застаецца толькі з Апіўнем па корчмах пайсці… Гнаць гэтых «тутэйшых» трэба. Не было ад іх раней нічога добрага і не будзе. Ды і якія яны мясцовыя, панства? Я нікога з іх не ведаю. А вы? Нічым яны не лепшыя ад замежнікаў… Гнаць і вупырам на сняданак аддаваць!
– Безумоўна падтрымліваю, – бадзёра прарыкаў Вупыр.
– Добра, – узяў булаву маршалка Вадзянік. – Хто яшчэ хоча прамовіць, панове?
– На корм! – крыкнуў Вупыр.
– За літвінаў! – дыхнуў Лазавік.
– Усіх у ваду! – булькнула Русалка.
– А можа, схаваемся? – спытаў Хут.
– Ізноў вырашаць… – прабуркаў Шатан.
– Пад зямлю іх! – пагладзіў рыдлёўку Кладнік.
– Самога цябе пад зямлю! – клацнуў зубамі Вупыр.
Дзяўчына з зялёна-блакітнымі валасамі на гэты раз не змагла перакрычаць натоўп, і Вадзяніку давялося булавой супакойваць істот. Яшчэ некалькі разоў хапаліся яны за шаблі і вілы; Кладнік рыдлёўкай выбіў Вупыру зуб; Апівень укусіў Начніцу за пятку, бо тая абяцала знішчыць увесь алкаголь; Хапун пакінуў падбітае вока Красналюдку. Вядзьмарка агледзела раны, выдала Маленькаму чалавеку халодны камень і зляцела дадому на чорным каце (на мятлу грошай не хапала – вайна ды эканамічныя праблемы).
Паседжанне перанеслі на заўтра.
4 жніўня 1794 года
Нечарговы кірмаш у Зэльве скончыўся гэтак жа нечакана, як і пачаўся. Праз два дні лямпачка згасла, а на вуліцах стала пустынна, як пасля мору. Янцэк Сімагліцкі гандляваў ня толькі рэчамі, але і адным з найкаштоўнейшых тавараў – інфармацыяй. Наведвальнікі шмат чаго распавядуць, абы толькі скінуць грош-другі. А Янцэк зробіць свае высновы. Другая вайна за апошнія пяць год у Рэчы Паспалітай – падстава, каб паставіць пытальнік насупраць Зэльвы ў кнізе, дый побач з астатнімі мястэчкамі краіны. Гандляр лічыў прыбытак: срэбра і золата, літыя паясы, некалькі ўпрыгожанняў. Вайскоўцы шчодрыя пасля бойкі, калі захапілі абозы, калі ёсць што прапіць, а зараз – таргуюцца, як апошнія габрэі, а яшчэ шляхта!
У дзверы пагрукалі. Учора гэта было б натуральна. Праз тыдзень, калі чакаецца Эдынбургскі кірмаш, гэта было б чакана. А зараз…
– Ёсць хто? – шчоўкнуў замок на дзвярах. Зараз, калі крама лунае ў забыцці, па-за рынкамі і плошчамі, па-за гарадамі і вёскамі, у месцы, да якога ісці некалькі тыдняў па гушчарах і балотах, і то не трапіш… Ці нехта вельмі моцна хоча набыць якую дробязь, ці гэта менавіта той момант, калі чалавек выпадкова спаткае скарб, хай ішоў ён проста па грыбы і заблукаў.
Дзверы зачыніліся за высокім чалавекам з сівымі валасамі. Нават не так, яны былі не сівыя, а белыя як крэйда. Праз левае павека праходзіў шнар, ружовы, яшчэ не поўнасцю залекаваны. Само вока расплюшчвалася толькі напалову, паказваючы малочна-блакітную зрэнку. Адзенне ў яго было звычайнае: ані новае, ані старое, ні чыстае, ні бруднае, не багатае, ні жабрацкае. Самае сярэдняе адзенне, якое толькі магчыма знайсці ў чалавечым царстве. Але гэтага не можа быць. Гэтак жа, як не бывае людзей звычайнага росту альбо сярэдняй мовы.
– Дзень добры… – падняўся гандляр. – Вітаю пана ў краме Янцэка Сімагліцкага, найлепшай краме ў… Праходзьце…
– Вітаю, добры чалавек, – сівы падышоў да прылаўка. – Я тут заблукаў, шукаючы добрага злотніка. Мо вы мне дапаможаце?
Янцэк зрабіў некалькі крокаў улева, каб не трапляцца на збялелае вока сівога.