– На жаль, пан пытаецца не ў таго. Янцэк не майстра, Янцэк звычайны гандляр, які можа здабыць амаль усё. Акрамя, мабыць, душы, бо гэта ўжо юрысдыкцыя касцёла… царквы, сінагогі, кірхі… сангхі? – ён дапытліва пазіраў на наведвальніка.
– О, гэта добра, вельмі добра, пане гандляр, – сівы аглядваў пакой. – Я, ведаеце, збіраюся жаніцца, і мне патрэбен пярсцёнак.
– Пярсцёнкаў у Янцэка шмат, – гандляр ступіў на добра вядомую яму сцежку. – Прошу пана сюды. Як выглядае дзяўчына? Прыгожая? Што пан жадае: срэбра, золата, каштоўныя камяні?
Гандляр выцягнуў куфар, у якім ляжалі дошкі з прывязанымі пярсцёнкамі. Тут было амаль усё, што прыдумаў чалавек: і залатыя з бурштынам, і срэбра са смарагдамі, і розныя змейкі, кіпцюры, мініяцюрныя цмокі, што абвіваюць хвастом палец, і нават пярсцёнкі з косткі валасатага слана. Сівы глядзеў абыякава на гэтае багацце.
– Гэта, канешне, усё прыгожа, спадар Сімагліцкі, але я не заможны чалавек. Не магу я дазволіць сябе гэтую прыгажосць… Можа, у вас ёсць нешта простае? Напрыклад, драўляныя пярсцёнкі?
«Так, незаможны, а шукаў ювеліра», – сумнеў гандляра рос. Ён дастаў скрутак з драўлянымі вырабамі. Звычайна яны не карысталіся попытам, бо крама падарожнічала па вялікіх і багатых кірмашах. Сівы тым жа незацікаўленым позіркам пералічыў упрыгожанні.
– Не, гэта мне не падабаецца… Я не бачу таго, што шукаю. Можа, яшчэ ёсць? Мне патрэбен асаблівы пярсцёнак. Драўляны, з заімшэлым каменем.
– Хай пан не злуецца, але гэта ўсё. З каменем… Гэта складана зрабіць, бо дрэва не атрымаецца паплавіць ці загнуць. Здаецца, пан не знойдзе тут, чаго шукае.
Янцэк прыводзіў куфар у парадак, складваў дошкі і скруткі з такой вялікай негасціннасцю, за якую загадаў бы сам сябе адлупцаваць. Нельга так з пакупнікамі – не прапанаваць альтэрнатывы, не праводзіць да дзвярэй, не змусіць набыць хоць нешта. Сівога гэта не задаволіла. Ён схапіў гандляра за каўнер і моцным рыўком прыўзняў над зямлёй.
– Паглядзі. Лепей. Спадар, – адбіў тры словы ён. – У цябе ёсць гэты пярсцёнак. Некалькі дзён назад чалавек прадаў яго табе.
– Што… Пане… Ратуйце!
– Цішэй, гандляр, цішэй. Ніхто ж не прыйдзе, ты ведаеш. Таму я зараз цябе адпушчу, ты знойдзеш мой пярсцёнак, і мы больш ніколі не ўбачымся. Добра? – казаў сівы, быццам супакойваў парася перад святамі.
– Д-д-добра… Можа, у запісах нешта ёсць… Я пагляджу для пана…
Сівы апусціў Янцэка на зямлю, і той на ватных нагах пайшоў да прылаўка. «Кніга, трэба знайсці кнігу. Хто гэта такі?..
Спытаю кнігу…» – калацілася сэрца. З верхняй палічкі прылаўка гандляр выцягнуў тоўстую кнігу ў барвовай скураной вокладцы. Разгарнуў. Старонкі ўсеяныя дробнымі літарамі, ніводнага малюнка. Янцэк перагарнуў некалькі старонак – адно і тое ж. Але ён яшчэ не задаў пытання!
Кніга сама не выдае нічога!
– Ну?
– П-п-прабачце… Хай в-васпан выбачае. Зрок дрэнны, Янцэку трэба знайсці акуляры.
На шчасце, акуляры знайшліся хутка. Янцэк апрануў іх, і адразу тысячы колераў напоўнілі пакой. Яны цягнуліся з розных тавараў на палічках, ад сцен, падлогі ды столі – ад усяго. Але яны не звычайныя, не зразумелыя кожнаму чалавеку. Яны выцягвалі старых уладальнікаў, адкідвалі прамені майстроў ці мясцін, дзе былі зроблены, свяціліся прызначэннем той ці іншай рэчы.
Гандляр зірнуў на кнігу, што ляжала на прылаўку, – звычайная, без аніякага намёку на чараўніцтва ці розум. Патрэбнага колеру няма, толькі слабы прамень каменнага святла цягнуўся ад паперы. Яго дапаўняла нешта вайсковае, зброя ці шэраг жаўнераў. «Кніга… Хут… Скралі» – сціснуў кулакі гандляр. Ён зірнуў на сівога, і сабачае святло дацягнулася да прылаўка. Але ў ім не было ні праменяў кануры, ні чалавечых маленькіх рук, ні цёплай печы. Мокры і слізкі колер… Як кроў на дрэве ў навальніцу. Амаль воўчае святло… Вочы, звыклыя да ацэнкі каштоўнасцей і пошуку ўнікальных рэчаў, выхапілі прамень камення з усяго святла ў пакоі. Таго самага, першароднага белага камення, з якога быў зроблены ўвесь сусвет, пакуль жыццё не засеяла яго.
Такі ж свет, які прынёс хлопец некалькі дзён таму.
– Скралі…
Янцэк забыўся. Ён забыўся, што ён гандляр, што ён слабы, што ён спужаўся за хвіліну да гэтага. Не трэба было граць ролю. І ён даў волю гневу… Выкінуў наперад раскрытую далонь, і сівога аднесла да сцяны. Янцэк расправіў плечы, выпрастаўся. Сівому падалося, што гандляр кранае патыліцай столь.
– Што ты… – захрыпеў чалавек.
– Скралі!
Гандляр сагнуў пальцы, хапаючы паветра, быццам леташні снег. Ён павярнуў далонь і падкінуў уяўны сняжок дагары. Сівога прыціснула да столі.
– Ты скраў маю кнігу. Дзе яна? – голас Янцэка быў роўны і гулкі.
– Я… нічога… гэта не я!
– Брэшаш! – ён павярнуў далонь яшчэ.
– Не… Не я гэта! Гэта хлопец… Ліп… і… ніч… А-а-а, – задыхаўся сівы. – Гэта ўсё ён! Ён скраў у мяне пярсцёнак… жонку ад… адбіў… Я шукаю яго. Мы… мы жадаем аднаго. Знайсці злодзея… Давай аб’яд… А-а-а…
Гандляр расціснуў далонь. Сівы ўпаў на падлогу. У галаве шумела, як пасля ночы з гарэлкай. Рукі дрыжалі. Ён паспрабаваў падняцца, але ногі яго не слухаліся, цела не жадала быць ваўком сёння.
Янцэк сеў за прылавак, ля манет і іншых скарбаў.