– Так, пане. Мне дзед распавядаў, што гэты герб падараваў князь нашаму далёкаму продку. Той быў вельмі моцны і вялікі ростам, паляваў на нячысцікаў. Аднойчы ён напаткаў у лесе, недзе пад Белавежай, ведзьміна каменнае дрэва. Што менавіта за дрэва гэта было – у паданні роду не кажацца. Але, калі глядзець на прозвішча Ліпінічы, то гэта была ліпа ці нешта да яе падобнае. Мой продак ссек яе сякерай велікана, якога перамог раней. Пасля гэтага шмат пачвар і чорных чараўнікоў збеглі з гэтага краю, бо больш не маглі атрымліваць чараўніцкую моц і супрацьстаяць хрысціянскаму чалавеку. За гэта продак атрымаў шляхецтва і надзел. А рогі на герб дадалі пры крулі Жыгімонце Старым, бо мой прапрапрадзед быў літоўскім лоўчым і аднойчы на паляванні выратаваў круля ад раз’юшанага лася з палаючымі вачыма. Але гэта больш нагадвае казку. Самі разумееце, – усміхнуўся Янка, – не можа адзін род так часта сутыкацца з чараўніцтвам.
– Казкі не казкі, але ж гэта гісторыя. Твая і тваіх продкаў. І яна не павінна быць горшай за якіх-небудзь Сасаў ці Пястаў. Кожны радавод абрастае міфамі з паданнямі… Ліпініч… «Дэнбарог» з трыма галінамі… – Волян спыніўся на імгненне. – Слухай, а ты з якіх Ліпінічаў, з камянецкіх?
– Так, пане. Маёнтак Сарэва. Гэта некалькі вёрст ад мястэчка.
– О, дык мы, лічы, сваякі. У цябе павінна быць прабабка з роду Хоцінаў, з тракайскіх караімаў. Айса, ці Айна, ці…
– Так, Айча Хоцін, толькі яна мне прапрабабка па бацькавай лініі.
– А я ўсё думаў, каго ты мне можаш нагадваць. Гэта стрыечная бабуля маёй жонкі. Як ляціць час, няўжо ў нас з табою розніца ў два пакаленні? – Волян пакруціў вус. – Перад вайной мы з бабкай прымушалі ўнука радавод вучыць… Ну і самі трошкі ў памяці абнавілі. Памятае старая галава, памятае. Гэй, майстра Ежы, прынясіце нам два келіхі віна – я сваяка спаткаў!
6 жніўня 1794 года
– Ліпініч, вазьмі чвэрць уланаў з шостай харугвы і з’ездзі з айцом Іосіфам, – перадаў загад палкоўніка харунжы Сыракомля.
Уланы Кёнінга стаялі ля Жыровічаў з учарашняга вечара. Пасля адыходу часткі літоўскай дывізіі аб’яднаныя сілы Рэчы Паспалітай пад Слонімам былі ўсё яшчэ мацнейшыя за расейцаў, але патрулі даносілі аб расейскіх войсках Дэрфельдэна з паўночнага захаду і Зубава з усходняга напрамку. Дывізію маглі ўзяць у кола, з якога прыйдзецца вырывацца, як ваўкам з паляўнічай агароджы. Старыя сцены Слоніма трымалі расейцаў паўтара стагоддзі назад, але супраць сучаснай артылерыі гэта як скураны даспех супраць кулі.
Наўкол горада генерал Серакоўскі расставіў палкі вершнікаў, каб у пэўны час звязаць ворагаў бойкай. Астатняя дывізія паспее адысці за некалькі гадзін. Лепш страціць пяць соцень, чым здаць у палон сем тысяч…
Узяць з сабою Базыля Янка не змог – той толькі вярнуўся з раз’езда ля Русакава. Без сябра было трохі сумна аб’язджаць мясціны, але загад ёсць загад. Належала правесці ўніята да адзінокага хутара, даехаць да Баравікоў, а на зваротным шляху забраць святара і падрыхтаваць даклад для палкоўніка. Звычайна раз’езды водзіць харунжы, больш вялікія групы (ад паловы харугвы) – паручнік. Але ў бойцы пад Змосцем паручнік Габельскі, камандзір Янкі, загінуў ад штыка расейца. Таму пан Сыракомля часова кіраваў шостай харугвай, пакуль не знойдзецца замена з больш вопытных ваяроў[12]
. Ён не мог сысці з лагера, а астатнія малодшыя афіцэры былі занятыя.– Ойча Іосіф, а з якога месца вас забраць і праз колькі? – Янка параўняўся са святаром.
– З Літвы, пане. Гадзіны праз тры, не раней, – адказаў уніят.
– Дык тут жа ўсюды Літва… – не зразумеў Янка.
– Літва ў Наваградку і Вільні, а тут Палессе, пане жаўнер. Берасцейшчына, калі вам прасцей. Літва – гэта вунь тая вёска, – святар паказаў рукой праз поле. – Дарэчы, калі пан не ведаў, тут у наваколлі багата падобных назваў:
Літвінкі, Літоўцы, дзве Літвы, Літвяны…
– Але ж, пане, я з вамі не пагаджуся, – пасуровеў улан. – Бо літоўская правінцыя – адзіная і непадзельная частка. Ад Балтыкі да Мазыра і далей. Моцная дзяржава, з войскам і…
– Вось бачыце, пане жаўнер, правінцыя. Чаму вы не сказалі Вялікае Княства? Не Літва? А менавіта правінцыя? – святар дапытліва глядзеў на Янку. – Можа, таму што пан каталік і паляк?
– Я каталік, пане, але мясцовы, камянецкі. Мае бацькі…
– А чаму тады ўсё ж правінцыя? – перарваў улана ойча Іосіф. – Пан нават не заўважыў, мабыць, як сказаў гэта… Карона лічыць нас правінцыяй, яшчэ не поўнасцю каталіцкай, Расея пазірае на нас як на «исконно русские православные» землі… Цьфу на іх. А што мясцовая шляхта? Хто ўжо паляк, хто русін, а хто ў кірсе сябе шведам уяўляе…
– Але ж веравызнанне – воля кожнага. Гэта тое, чым і адрозніваецца… адрозніваемся мы ад суседзяў. Мы не палім нікога за не тую веру, не збіваем да паўсмерці.