– Сёння ноч – дзень. Дапамагай падымаць харугву. Хвіліна… – харунжы паглядзеў у вочы ўлану. – Тры хвіліны – і каб быў у мундзіры і ля каня.
– А што здарылася?
– Расейцы парэзалі нашых ля брадоў Дзэрэчына. Толькі са штаба – зараз будуць трубіць трывогу, – харунжы накіраваўся да выхаду. – Ноч у яго, сон… Я, можа, таксама спаць хачу…
8 жніўня 1794 года
Без кнігі было цяжка. Не, кніг у бібліятэцы было шмат, розных і карысных, але нішто не магло параўнацца з той самай кнігай, якую скралі. Кожны раз прыходзілася запісваць продажы на паперу, склейваць ды падшываць, а пасля – перапісваць у роўную таблічку вынікі гандлю. Кніга рабіла падлікі сама… Памяць Янцэка Сімагліцкага не падводзіла яшчэ, нягледзячы на глыбокую старасць, што надышла некалькі стагоддзяў таму. Але гандаль патрабуе парадку. Павінны быць паперкі, квітанцыі, справаздачы. Бо без іх ты ўжо не лепшы гандляр у свеце, а звычайны крамнік на сельскім кірмашы.
Жоўтае святло ў дзвярах, што вялі да аператарскай, змянілася на памаранчовае.
– Ды што такое, да Генуі два дні! – Янцэк адкінуў пяро на стол.
На даўгой сцяне гарэлі два ліхтары: жоўты пад надпісам Genova і чырвоны пад Ruzhany. Янцэк выйшаў у бібліятэку.
– Ружаны, Ружаны… Гэта, здаецца, на ўсходзе… – мармытаў ён пад нос.
Так, без той самай кнігі было цяжка. Спачатку бярэцца вялізны том з усімі назвамі мястэчак і гарадоў па альфабэце. Вялікае Княства Літоўскае. Наваградскае ваяводства. Далей – геаграфія літоўская. Апісанне, склад насельніцтва, даты кірмашу, прыбытковыя тавары ды мануфактуры. Тканіны, цэгла, воўна. Усё таннае, але добрай якасці. Янцэк накіраваўся адключыць паліва ў чырвонага ліхтара – каб не замінаў, але нешта ў старой галаве круцілася. Ружаны… Наваградскае… Мапа!
Гандляр выцягнуў мапу і разаслаў яе на стале. Зэльва, Зэльва, дзе яна?
Ля палаца сядзелі гвардзейцы. Высокія сцены давалі дастаткова ценю, каб адпачыць спякотным жнівеньскім днём. Ніхто не ведаў, калі прыйдзе загад рухацца далей, таму карысталіся кожнай хвілінай.
– Дзень добры, паны жаўнеры. Прабачайце старога Янцэка, што патурбаваў… А ці можна даведацца, адкуль паны прыйшлі і ці надоўга ў нашых мясцінах? – падышоў да адпачываючых гандляр.
– І табе ўсяго добрага. З-пад Слоніма мы. Вам жа лепш, калі затрымаемся на больш часу. Кажуць, за намі маскалі ідуць.
– О то добра… У сэнсе добра, калі б панове засталіся… А не падкажаце, ці не былі паны ў Зэльве з паўтара тыдні таму? Мой брат, што трымае там краму, даслаў ліст – нейкі жаўнер забыўся кашэль у яго. Янам Ліпінічам клічуць. Ці не ведаюць панове яго?
– Не, пан, не ведаем. Мы з літоўскіх палкоў, на Зэльву не заходзілі. Але вы можаце параспытваць палякаў.
Гандляр падзякаваў і адышоў ад гвардзейцаў. Здавалася, гэта былі тыя ж самыя войскі, што ён раней сустракаў. А гэта было добра – ёсць шанц знайсці злодзея і вярнуць кнігу. Янцэк хутка пакрочыў да дзвярэй сваёй крамы.
Як знайсці аднаго чалавека з вялікага натоўпу? Блукаць і глядзець у вочы? Доўга, надта доўга. Янцэку патрэбны чараўніцтва, пошук, цуд. Але без кнігі цяжка будзе падабраць пэўную формулу…
На вочы трапіў компас. Звычайны марскі компас, якім карысталіся апошні раз гадоў з пяцьдзясят таму. Кошт гэтай рэчы – амаль нічога. Ні моцы, ні магіі, ні цікавай гісторыі. Простая працоўная рэч. Але… Гандляр зняў з палічкі тонкую кнігу. «Чарадзейства пошуку». Чырвоная стрэлка, магніт, імкнецца да поўначы, бо больш нічога не ведае, не ўмее. Але ёй магчыма давесці нешта новае, накіраваць на іншае. Замясціць вобраз паўночнай зоркі энергіяй чалавека!
З вобразам было ўсё добра – ёсць імя, ёсць успаміны пра самога жаўнера. А вось з кавалкам… Пярсцёнак! Янцэк выцягнуў драўлянае ўпрыгожанне з кішэні. Гэта было вельмі добрае набыццё, бо энергія так і струменіла з яго: каменная, старая, крывавая, яскравая, вогненная, ільдзяная – амаль магічная вясёлка. Гандляр меркаваў выкарыстоўваць упрыгожанне як падсілкаванне для крамы, як крыніцу моцы. Вельмі добрае набыццё, якое нельга захоўваць у куфры пад замком… Але хлопец аддаў пярсцёнак добраахвотна, абмяняў на пістолю. Зараз не ён уладальнік. Вобраза ды эфірнага адлепку можа і не быць, ці быць так мала, што компасу не хопіць… Янцэк сканцэнтраваўся.
Компас паказваў на дзверы. Гандляр зрабіў два крокі ўбок. Стрэлка варухнулася і зноў была накіравана на выхад. Поспех! Янцэк выйшаў на вуліцу. Праца з компасам забрала шмат часу – цені на зямлі выцягнуліся. Гэта быў цуд, што адлепак Яна Ліпініча на пярсцёнку быў яшчэ моцным і свежым. Пачакай з пару тыдняў – за ноч не змог бы саўладаць з вобразамі…
Па вуліцы ішлі жаўнеры. Шэрагі панура адбівалі крок.
– Панове, панове, – хапаўся за жаўнераў Янцэк. – Куды вы, панове? Пачакайце… Куды вы?
– На Сялец, кажуць, – кінуў, спыніўшыся, жаўнер. – Не хвалюйцеся, дзядуля, вернемся калі-небудзь.