Раптам у хату ўварваўся Базыль.
– Янка, хутчэй, там нехта ў гумне хаваецца. Свенчыц напаткаў мужыка, а той лататы даў, – Базыль кінуў у бок дзвярэй.
– Хто там у вас? – паглядзеў Янка на старасту.
– Нікога, пане. Не ведаем мы нічога. Усе нашыя на полі зараз… – няўпэўнена адказаў стараста.
– Ну тады пайшлі, паглядзім… – падняўся Янка. – Базыль, падрыхтуй паходні.
Яны выйшлі на вуліцу. Жаўнеры чакалі загад ад часовага камандзіра.
– Дзеля чаго паходні, пане? – пацікавіўся стараста.
– Дык у гумне ж цёмна. Як мы будзем шукаць там людзей? Толькі з паходнямі… У вас жа нічога каштоўнага там няма?
– Янка, ты… – перапужаўся Базыль.
– Давай, хутчэй, пакуль ніхто не збег, – падміргнуў сябру Янка. – Дык што, пане стараста, можна ў вас сена пазычыць, каб шукаць зручней было?
– Злітуйцеся! Не трэба… – кінуўся ў ногі стараста. – Панове, не трэба паходняў! Уцекачы, жаўнеры… Яны прыйшлі ўчора… Яны… Калі вы не сыдзеце, калі мы пра іх скажам… Там дзеткі нашыя! Яны забралі іх… Яны…
Янку раздражняўлямант старога. Дэзерціры… Невядома, колькі іх. Невядома, ці ёсць у іх зброя. Невядома, чые яны.
Падпальваць гумно – не варыянт ні ў якім разе. Ні адзін добры шляхціч не кіне паходню на дах у роднай зямлі.
Тым болей калі там ёсць людзі… Трэба было нешта рабіць.
Жаўнеры чакалі.
– Базыль, вазьмі двух чалавек і забярыцеся наверх. Стараста, нам патрэбна даўгая лесвіца… Разбярыце кавалак даху і пачынайце паліць па дэзерцірах. Вам не важна трапіць у каго. Асноўнае – каб яны збеглі з гумна. Свенчыц, ты з пяццю ўланамі чакай з адваротнага боку. Астатнія – за мной. І прыбярыце ўсіх з вуліцы.
У планаванні асады, хай і невялікай, Янка быў не вельмі моцны. Старыя рыцарскія раманы не распавядалі пра бойкі з уцекачамі ці забойствы на адлегласці. Там заўсёды высакародныя рыцары сыходзіліся на полі, з мячамі ці шаблямі, на роўных. А тут… Трэба было імправізаваць.
Уланы абступілі будынак, стаялі ля сцен. Дзеля супакою Янка крыкнуў, каб людзі ў гумне здаваліся. У адказ куля вылецела са шчыліны ў дзвярах. Пістолі цэляць на дваццаць крокаў. Страляюць – на сорак. Але гэта ў руках добра навучанага шляхціча. Куля трапіла ў глебу. Карабіны ўланаў білі далей, але пакуль маўчалі.
– Давай! – крыкнуў Янка.
І Базыль стрэліў. Гэта магло не спрацаваць, калі б унутры былі добрыя ваяры. Калі б яны паспрабавалі схавацца за перагародкамі. Але дэзерціры не чакалі, што праз дах кроплі свінцу дацягнуцца да іх. Яны выбілі дзверы разам з завалай. Кінуліся вонкі. Дзевяць чалавек на трыццаць уланскіх карабінаў. Сінія мундзіры. Літоўская пярэдняя варта…
Янка махнуў шабляй. Свае стралялі ў сваіх…
Забілі трох. Пяцярых паранілі.
14 жніўня 1938 года
Ішоў другі месяц, як яго кінулі сюды. Кожны дзень пачынаўся з ператрусаў. Ахоўнікі аглядалі ўсё, ад ложка (калі чалавеку пашэнціла спаць не на бетоннай падлозе) да самога чалавека, яго адзення, рота, пальцаў – усяго. Потым – хвіліна на прыбіральню і праца да вечара. Камяні, бетонная крошка, чыстка каналізацыі… Здаецца, самыя агідныя і цяжкія працы сабраліся самі, пачуўшы пра адчыненыя вакансіі ў турме. Ахова здзекавалася, прымушала бегаць гадзінамі, поўзаць, а яшчэ… Часамі здавалася, што гэта проста не людзі.
Калі войт, ці міністр, ці начальнік паліцыі ставіў на тваёй справе рэзалюцыю «На выпраўленне ў Бярозу», на табе ставілі крыж. Людзі вар’яцелі, хварэлі, ламаліся, паміралі. Ён хацеў вытрымаць, хацеў выйсці адсюль, не выдаць нікога, маўчаць далей, але пасля першага месяца кінуў на гэта спадзявацца.
Знізу пагрукалі.
Першыя прыкметы вар’яцтва – гукавыя галюцынацыі. Так вучылі на медыцынскім факультэце, які ён цяпер ніколі не скончыць.
– Злезьце з дзвярэй, калі ласка! – настойліва пагрукалі другі раз.
Гэта не скончваецца. Наступны крок – зрокавыя міражы ды падманы. Ён падняўся з падлогі і адышоў да сцяны. На месцы, дзе сядзеў вязень, з’явіліся дзверы. Звычайныя драўляныя дзверы, як у хаце, з замком, ручкай ды дзіркай для вока. Відаць, учора вартаўнік прыклаў яго галавой да сцяны мацней, чым звычайна. Што далей? Пахі ды тактыльныя галюцынацыі?
Дзверы адчыніліся, і ў камеру вылезла такса. Звычайная карычневая такса, з маленькімі лапкамі, У паліцэйскім кіцелі і чорнай пілотцы. На поясе вісела скураная кабура з наганам.
– Дзень добры, пане паласацік.
Ён паглядзеў на сваю турэмную адзежу. Здаецца, усё тут пераўтвараецца ў краты. Вокны, паветра, адзенне. Жыццё.
– Слухай, пан, ёсць прапанова. Цябе як зваць? – такса аглядала пакой.
– Эээ…
– Не істотна. У мяне тут швагер мандарыны з Кітая прывёз. Добрыя, салодкія, як першае каханне. Пяць мяхоў. Не ведаю, куды іх. Не варэнне ж рабіць! Табе не патрэбна?
– Але ж… гэта ўсё галюцынацыі… гэта неўзапраўду…
Ён прысеў спінаю да сабакі. Таксе гэта, вядома, не спадабалася. Бач чаго прыдумаў – ігнараваць!
– Паглядзі, які ты бледны. Недахоп вітамінаў ў арганізме. Ты даўно садавіну еў? Аддам мех за сем злотых. Думай, пан.
– Але ў мяне з сабою…