– Ліпініч казаў, што яны збеглі праз акно, калі пачаліся стрэлы, – паспрабаваў абараніць Янку харунжы. – Ды і стралялі дэзерціры. Не гумно ж было падпальваць.
– Не далучайся, Сыракомля. Адзін стрэл, і тое не факт, што цэліліся. Ліпініч, ты хоць галавой папрацаваў перад тым, як аддаваць загады? Выкурыць як пчол, абкласці гумно і чакаць, ды ў апошнім выпадку проста не страляць па выбягаючых людзях. Колькі варыянтаў, а яны… Літвіны, адзін па сваім страляе, другі гарады здае.
– Прашу прабачэння ў пана, – Янка адмахнуўся ад штурхаючага яго Сыракомлі. – Я шляхціч і не…
– Ты не на п’яным сейміку, а ў войску, улан, – перарваў яго Серакоўскі. – Адзін раз розум не паслухаў, і зараз спрабуеш. Яшчэ скажаш чаго непатрэбнага. Нарабілі дрэні, а цяпер за вамі чысціць прыйдзецца. Сыракомля, вазьмі Ліпініча і чакайце ў прыёмнай.
Уланы выйшлі. Генерал сеў за стол і стомлена працёр вочы. Апошнім часам дывізіі не шанцавала. Яны толькі і рабілі, што адыходзілі ды чакалі. Грабоўскі, якога адправілі з некалькімі палкамі шукаць расейскія войскі Дзівава, яшчэ не вярнуўся, а раніцай прышлі дрэнныя навіны.
– Ці не надта жорстка ты з імі, Караль? – спытаў палкоўнік Кёнінг. – Можа, у тым выпадку іначай немагчыма было.
– Можа, Станіслаў. Але ж сам разумееш, ад гэтага ўчынак не становіцца лепшым. Хлявінскі здаў Вільню расейцам, а тут вось. Усе на нервах зараз… Улан гэты, здаецца, гарачы, імкнецца да бойкі. Адашлі яго на некалькі дзён ад войска.
– Водпуск? – здзівіўся палкоўнік.
– Не, пакаранне. Хай сядзіць у мястэчку, а шаблю, стрэльбу ды каня пад замок.
16 жніўня 1999 года
Жукі бегалі па шкляных сценах слоіка. Яшчэ паўгадзіны – і ўсе пойдуць у вогнішча. І вялікія паласатыя, нібы вязні, і маленькія ружовыя лічынкі. Няма чаго знішчаць чужую бульбу! Праз дарогу час павольна абгрызаў цагляныя сцены манастыра. Там ніхто не жыў, ніхто не працаваў, не служыў імшу. Толькі буракі з морквай прымалі пострыг.
Яшчэ трошкі – і будзем гуляць у інквізіцыю. Ці прызнаеш сваю віну, пан Паласацік? Не, яна круціцца! Полымя, ачысці яго душу…
– Збегай да ручая, набяры вады, – адарвалася ад рыдлёўкі бабуля.
Ваня, хлопчык гадоў дзевяці, узяў металёвую лейку ды пабег да лесу. Ручаём называлі мясцовую раку, Крэчат. Дзякуючы меліярацыям, заводам ды новым будынкам яна змяльчэла, часткова забалоцілася. Ад «вынасных» агародаў, якія мясцовым вылучыў горад, да вады вяла сцежка: капуста, бульба, буракі, гарбузы, абрэзаныя бутэлькі на палках, агароджа з вяровак, дарога для веласіпедаў, дзесяць крокаў праз дрэвы – і ты адчуваеш мокрую глебу пад нагамі. У самой рацэ тырчэлі рэшткі моста – драўляныя агрызкі слупоў. У гэтым месцы шырыня ракі была добра калі некалькі метраў, а раней… Побач з былым мастком нехта кінуў дзверы ды некалькі дошак – каб было зручней.
Хлопчык ступіў на дзверы і апусціў лейку пад ваду. Дошкі недаверліва пахіснуліся. Трэба не зваліцца, бо будуць лаяцца… Яшчэ палову лейкі… Плюх!
– Прывітанне, пане хлопчык. Што такі маленькі і прыгожы робіць тут адзін?
Лейка затанула. Прывабная дзяўчына з зялёна-блакітнымі валасамі глядзела на хлопчыка. Яна, няведама як, сядзела на вадзе. Быццам гэта не вадкасць, а глеба… Здаецца, маці нешта такое чытала Ваню раней, што з вялікім жаданнем вадой можна нават дыхаць.
– З-здрасце… А вы не дапаможаце мне дастаць? – хлопчык паказаў на бліскучую бляху ў глыбіні.
– Можа, і дапамагу, малы прыгажун. Як цябе зваць? Хадзі да мяне, тут так прахалодна, у гэтую спякоту… – цурчэў дзявочы голас.
– Бабуля будзе лаяцца. Я лепш тут пастаю.
Дзяўчына цяжка ўздыхнула. Прыгожыя даўгія валасы самі сабраліся ў тугі хвост. Яна выйшла на бераг.
– Што за людзі пайшлі… Ну добра, хлопчык. Давай раўнаважны абмен. Ты мне паслугу, а я табе.
– А што трэба рабіць? Дзяўчына паказала драўляны пярсцёнак. Адкуль ён узяўся? Кішэні на яе вопратцы не было, сумкі ці кашаля таксама. Белая паўпразрыстая даўгая кашуля, і толькі.
– Нічога складанага, – яна працягнула пярсцёнак хлопчыку. – Надзень гэта ды ўдар па бліжэйшым дрэве.
– А для чаго гэта?
– Трэба. Ты ў чараўніцтва верыш? Ну вось і добра. Гэта, так бы мовіць, цуд, які спіць. І яго трэба разбудзіць. Зразумеў? Нічога складанага, я ж кажу. Толькі як ударыш, лепш убок адскоч.
Ваня ўзяў пярсцёнак. Драўляны, з цікавай разьбой, у якую забілася ціна. Месца, дзе звычайна змяшчаецца каштоўны камень, цалкам зацягнута водарасцямі.
Ён надзеў пярсцёнак на палец. Нічога не адбылося.
Пярсцёнак быў надта вялікім, не дзіцячы памер, і жадаў зваліцца. Наступны крок – дрэва. Хлопчык падышоў да бліжэйшай ліпы і асцярожна занёс руку. Ударыць і адскочыць. Ну, наперад.
Ізноў не здарылася нічога. Дзяўчына агледзела маленькі адбітак на кары.
– Ізноў… Мала крыві, ці што?.. Выбачаюся за страчаны час, – яна працягнула руку па пярсцёнак.
– А лейка? – хлопчык схаваў рукі за спінаю.
Заставалася яшчэ некалькі ходак да ручая, і бульба будзе палітая. А потым – Джардана Каларад на фоне старых кляштарных сцен.
17 жніўня 1794 года