– Нічога, хлопча, пройдзе. Некалькі дзён адпачнеш, – пан Волян суцяшаў Янку. – У цябе рана зацягнулася? Якраз ёсць час схадзіць да фельчара. Наведай карчму, пасядзі ў маёй бібліятэцы, пашпацыруй па садах картэзіянцаў.
– Яны забралі маю шаблю… – Янка глядзеў у акно.
– Не моцная страта, пане ўлан. Іншыя толькі і мараць, каб атрымаць водпуск, а табе далі яго як пакаранне.
Выкарыстай усё магчымае! Ну! Не хвалюйся ты так – дні праляцяць, як куля цераз Крэчат. Не паспееш заўважыць.
– Можа, і так, пане Волян. Але гэта ганьба для шляхцюка. Каня са стайняў не даюць, зброю забралі, на патрулі ці варту не адпраўляюць. Бадзяюся па мястэчку, як селянін які. Кожны мясцовы сабака бачыць жаўнера без войска, шляхцюка без гонару. Што я такога зрабіў, га? Не адпускаць жа гэтых уцекачоў… Яны злачынцы! Іх трэба пакараць па законах вайсковых і Рэчы Паспалітай! Іх, а не мяне! Зараз усе будуць памятаць Яна Ліпініча… Паказваць пальцам… Што я бацьку скажу?
– Супакойся! – Волян па-сяброўску штурхнуў улана ў плячо. – Нічога ніхто памятаць не будзе, калі васпан сам выкрасліць гэта. Князя Вітаўта Кейстутавіча памятаюць як пераможцу крыжакоў, а не як чалавека, што хаваўся ў вялікага магістра ордэна. Ці то шабля – частка твайго цела альбо розуму? Ці прадаў Радзіму, што цябе трэба зараз ганьбіць? Ці, можа, гэта ты збег з войска? Кінь дурное, хлопча.
– Пан Волян, вы чуеце? – перапалохаўся Янка.
З боку рынкавай плошчы даносіўся гул. Улан з харунжым стральцоў выйшлі на вуліцу. Ля хаты гандляра, дзе зараз змяшчаўся штаб дывізіі, сабраўся вялікі натоўп – людзі крычалі, штурхаліся, ламіліся ў дзверы. Сінія мундзіры.
Янка пазнаў гербы трэцяга палка літоўскай пярэдняй варты на капелюшах. Штаб абступілі па коле.
– Пусці да генерала!
– Яго няма. На раз’ездах.
Вартавы трымаў зараджаную стрэльбу ў руках. Жаўнеры пакуль не выцягвалі зброю, але былі настроены рашуча.
Чуліся крыкі «Ганьба», «Дамоў», «Генерала». Нехта прыцягнуў бервяно.
– Я па стральцоў, – пан Волян схапіўся за галаву. – Янка, давай да ўланаў сваіх!
Але Янка яго не пачуў. Ён кінуўся ў натоўп, распіхваў рукамі жаўнераў, прабіраўся да будынка. Нешта патрэбна рабіць. Там некалькі вартавых супраць сотні. Яны нічога не здолеюць, і раззлаваныя жаўнеры ўварвуцца ў штаб. Не істотна, ёсць там хто, няма нікога – гэтага нельга дапусціць. Гэта – ганьба. І для палка, і для ўсяго войска. «Толькі б ніхто не пальнуў», – спадзяваўся Янка. Ён прабіўся да дзвярэй, дзе вартавыя адмахваліся стрэльбамі ад жаўнераў, як паляўнічымі булавамі ад ваўкоў.
– Дзе афіцэры? – Янка перакрыкваў натоўп.
– Пад вартай у лагеры сядзяць! – адказаў жаўнер са шчарбатым тварам. – А ты хто такі?
– Я жаўнер! Такі ж, як і вы! Што вы робіце? Браць аблогай кіраўніцтва – гэта не па-шляхецку. Вы ж у войску! – Янка адштурхваў жаўнераў.
– А чаму мы тут гніём, у балотах? Чаму мы павінны паміраць за нейкага худароднага ў Варшаве? Час жніва прыйшоў, а мы тут бадзяемся. Хай гэтыя заможныя страляюцца з маскалямі.
– Мы ўсе сядзім і чакаем! – Янка шукаў нешта, каб абараніцца. – І нам цяжка. І афіцэры тут не ў адпачынку. Мы кінем службу, дык маскалі захопяць усю Радзіму. Вы сюды расейцаў жадаеце?
– Да што мы з імі размаўляем? – падтрымаў шчарбатага смуглявы жаўнер. – Паглядзі на яго форму. Гэта ўлан! З тых, што забілі Майцека.
– Бі яго!
Янка дакараў сябе, што пабег ратаваць вартавых. Трэба было паклікаць больш людзей. Побач стаяць стральцы пана Воляна – можа, яны б выправілі гэтыя абставіны. Але рабіць нешта позна. Натоўп кінуўся. Вартавыя не паспелі прыкруціць штыкі да стрэльбаў і зараз працавалі імі, як цапамі. Жаўнеры не дасталі шаблі. Яны цягнуліся рукамі, хапалі за адзенне і зброю, спрабавалі адкінуць людзей ад сцяны.
У Янкі зброі не было – ён здаў яе два дні назад. Біцца на кулаках – цікавая забава, але для карчмы, адзін на адзін. Трэба нешта ўзяць у рукі. Трэба нечым біць… Раптам ён адштурхнуў шчарбатага жаўнера так, што той упаў на зямлю, і кінуўся да акна. Аканіца ледзьве трымалася на цвіках. Адзін рэзкі рух – і тая з грукатам упала на зямлю. Ён схапіўся за дошку і пацягнуў на сябе. Ззаду нехта накінуўся на Янку, але было позна – пашарпаная, абламаная дошка ў паўтара локці апынулася ў руках улана. Так сабе зброя, але выбіраць няма часу.
Янка ўдарыў дошкай па спіне, быццам адганяючы камара летам. І жаўнер, што трымаў яго за шыю, адскочыў. Галоўнае – не біць вострым бокам… Галоўнае – нікога моцна не параніць… Галоўнае – каб не паранілі цябе. Гадзіны, што былі праведзены ў бойках на дубінках пад час вучобы ў калегіуме, не прайшлі дарма. Улан адбіваўся ад раз’юшаных жаўнераў. Нават калі дасталі шаблі. Янка прымаў удары па-казацку, сыходзячы ад вострага ляза. Шаблі не ламалі дрэва, толькі выстругвалі пілавінне.
Паварот, удар. Мяккі блок. Кулаком у сківіцу і адыход да сцяны. Жаўнер з крывой шабляй бяжыць на яго. Замахваецца. Янка робіць крок убок, і жаўнер хібіць. Паварот. Жаўнер замахваецца, але Янка хапае яго за руку. Клінч. Дошка цяжэйшая за шаблю. Жаўнер падае на зямлю, у Янкі з’яўляецца металёвая зброя. Нехта хапае яго за руку.
Стрэл.