– Ану стаяць, чортавы сыны! – крычыць харунжы Волян.
Янка прыкладваў кавалак мяса да падбітага вока. Пан Волян прывёў фельчара.
– Ты дзеля чаго туды палез, дурань?
– Нешта трэба было рабіць, пане Волян. Яны тут усё пабілі б…
– Ну і чорт бы з ім! Нешта мне гэта нагадвае, хлопча… Можа, у наступны раз, наадварот, ты мяне будзеш ратаваць?
– Не, пане, – усміхнуўся Янка. – Трэба тры разы для поўнага ліку.
18 жніўня 1794 года
– І што, ён з аканіцай кінуўся на натоўп? – не верыў генерал Серакоўскі.
– З кавалкам. Там яшчэ вартавыя былі. З жаўнераў дапамагаць кінуўся толькі Ліпініч, – харунжы Волян казаў з гонарам.
– Малады, гарачы… Нам бы такіх паболей. А ім бы паболей розуму… Мы тады расейцаў за тыдзень прагналі б. Такія хутчэй загінуць, чым шаблю з рук выпусцяць. Усё яшчэ прапануеш яго, Станіслаў?
– Так, пане генерал, – адказаў Кёнінг.
– Ну тады добра. Потым вырашым… – Серакоўскі спыніўся ля стала з паперамі. – Пачынальнікаў бунту ўсіх узялі?
– Так, пан генерал, усіх. Пяць чалавек. Сядзяць зараз у сутарэннях кляштара. Мніхі, канешне, скардзяцца – не падабаецца ім гэта.
Серакоўскі ўзяў паперу са стала і працягнуў:
– Добра. Трэба правесці суд. Па ўсіх законах ды правілах. Знайдзіце з афіцэраў некалькі тых, хто жадае быць адвакатамі. Абвінавачваць будзе Міхал Забэла, палкоўнік трэцяга палка. Яго падначаленыя гэта пачалі – яму іх і караць. Прысуд… Мы ўсе ведаем, што бывае за здраду. Загад ёсць. Засталося толькі ўпісаць імёны.
– Куля? Яшчэ да суда? – здзівіўся харунжы Волян.
– Пятля… Варыянтаў няма, панове. Мне самому гэтага не хочацца рабіць.
Генерал Серакоўскі вагаўся, казаць ці не. Ён адышоў да акна.
– Калі б іх магчыма было толькі аблаяць і адпусціць… Але здрада прысязе – цяжкае злачынства. Гэта не кавалак хлеба на кірмашы ці суседская жонка. Тут усё надта сур’ёзна.
Праз два дні, пры правільных абставінах, прыйдзе загад памілаваць іх. Ён таксама напісаны ляжыць, – Серакоўскі паказаў на паперы на стале. – Але імёны туды, магчыма, трапяць не ўсе.
На рынкавай плошчы будавалі шыбеніцу.
19 жніўня 1794 года
Пяць дзён Янцэк Сімагліцкі будаваў дзверы. Зрабіць выхад для пазазямной крамы – цяжкая праца. А калі рабіць гэта на адлегласці, без падрыхтаванага кавалка сцяны, дзвярэй. Без таго, што набыта, што належыць Янцэку, без яго маёмасці… Раней гандляр шукаў чалавека, даваў грошы, і той ставіў на месцы ўсё патрэбнае: сімвалы, шыльду з дошкі зачараванага дрэва – і сувязь ладзіцца за некалькі хвілін. Але зараз чалавека не было.
Першая спроба выкінула дзверы далёка – у мястэчка Сялец. Порах ды некалькі старых упрыгожанняў змянілі ўладара, а Янцэк займеў невялічкі прыбытак. Але компас паказваў за межы паселішча.
На другую спробу ён вырашыў далучыць энергію каменя з пярсцёнка. Звычайна крама забірае моц агню, што ўпаў з неба і надзейна схаваны пад каменным пакоем. Але часамі гандляр карыстаўся нечым дадатковым, падсілкоўваў краму. З мармуровага пяцікутніка Янцэк змахнуў попел і паклаў крыніцу моцы – пярсцёнак. Медзяное кола шаўковымі ніткамі звязаў з пярсцёнкам і крутануў. Лямпы ў апаратным пакоі замігацелі. Звязаная канструкцыя павольна паднялася на фут над сталом. Янцэк выбраў лічбы на двух вялікіх дысках і апусціў падважнік.
Калі няма той ніткі, што вядзе праз цемру прасторы, шукаюцца бліжэйшыя вольныя дзверы. Метады пошуку Янцэк не мог зразумець дагэтуль. З аднымі і тымі ж каардынатамі на дысках дзверы адчыняліся заўсёды ў адным месцы. Але дастаткова змяніць іх, паставіць хай на локаць убок, і цябе можа выкінуць на супрацьлеглую ўскраіну мястэчка. А то і ў суседняе. І чым больш энергіі ў крамы, чым мацнейшы артэфакт ён выкарыстоўвае – тым менш патрабаванняў да дзвярэй, тым бліжэй да кропкі яны адчыняюцца. Аднойчы Янцэк спаліў кітайскі парасон, што мог выклікаць навальніцу, і адчыніў дзверы звычайнай сялянскай хаты. А тут – першародны камень, дрэва, старэйшае за самага старога чалавека. Павінна атрымацца!
І атрымалася. Дзверы адчыніліся там, дзе іх ніколі не існавала.
Янцэк націснуў на ручку, і пахі балота ўварваліся ў краму. За дзвярыма раслі хмызы, віліся пацеркі журавін, імшэлі ствалы дрэваў. Гандляр зрабіў некалькі крокаў наперад. Праз цемру лістоў і галін прабіваліся рэдкія прамяні святла.
Раптам нехта вялікі варухнуўся. Чорная поўсць затрэслася. Вялізныя лапы-галіны сталі аркай над гандляром, а тысяча вачэй уставілася на яго.
– Хто ты? Як ты можаш непакоіць Старога Кадука?
– Я… – Янцэк муляўся. – Лепшыя тавары з усяго сусвету…
– Ты? Як ты… Камень!
З лап выраслі даўгія пазногці. Яны віліся, давалі адросткі, цягнуліся ў глыб крамы. Янцэк адскочыў назад і зачыніў за сабою дзверы. Але істота часткова засталася ў пакоі, цягнулася да застылага ў паветры кола з пярсцёнкам. Гандляр не збіраўся так проста аддаваць сваю маёмасць! Ён схапіўся за першую шаблю, што зручна ляжала ля ўвахода. Імгненны ўдар – і галіны-пазногці торгаюцца на падлозе. Моцны крык затрос вокны.