Расейцы з’явіліся з балота. Ніхто не зразумеў, як яны выйшлі на дарогу, як трапілі менавіта на ўланаў, як дабраліся так хутка ад Ружан. Здаецца, тыя самі гэтага не разумелі. Але выпалілі першыя. Расцягнуты паходны строй уланаў не чакаў гэтага. Стрэльбы былі на сёдлах, шаблі ў ножнах, а розумы цягнуліся да цёплага вогнішча. Людзі стаміліся ад адыходу, ад доўгага чакання, харунжы Сыракомля не біў па карку жаўнераў за зламаны шэраг ці незараджаную пістолю. Ворагаў было больш. Уланы нікога не чакалі.
Янка памацаў пальцам палічку пістолі – толькі б порах не адсырэў ад гэтага дажджу. Калі шэраг зламаўся і ўланы кінуліся прэч з гасцінца, Янкаў конь панёс. Ён не слухаўся ні цугляў, ні шпор, а ў самай гушчы вызваліўся ад вершніка і знік. Янка, падаючы, паспеў выхапіць толькі пістолю. Ні ежы, ні дадатковага пораху з кулямі, ні стрэльбы – нічога…
Хвіліна адпачынку скончылася – час рухацца далей.
Што рабіць, Янка дрэнна ўяўляў. Спачатку трэба было знайсці каня, бо без яго прыйдзецца доўга выходзіць з гэтага лесу. Ды і як можа вершнік вярнуцца ў войска без зброі, без рэчаў, без каня? Які ён пасля гэтага ўлан? Адправяць у пехацінцы. Адно сэрца, як казаў пан Волян…
Янка не быў паляўнічым, ён быў ваяром. Калі паляваць – дык са стрэльбай і конна. Калі сачыць за зверам, дык з дапамогай ляснічага. Сам ён чытаць адбіткі не ўмеў. Але конь збег у гушчу. Янка прабіраўся праз хмызы і пустазелле, шукаў зламаныя галінкі і сцябліны траваў, па некалькі хвілін аглядаючы кожны куст. Лепш пазней знайсці, чым заблукаць.
Ззаду нехта хрумкаў. Янка асцярожна павярнуўся і нацэліў пістолю.
– Хто там? Выходзь!
Цішыня. Паліць проста наўгад адзінай куляй – амаль самае дурное, што магчыма зрабіць. Янка выцягнуў шаблю.
– Выходзь, пан!
Пацебнік заварушыўся. Імгненне – і з галін алешніку на ўлана глядзелі іклы дзіка. Крокаў з пяцьдзясят, мабыць. Янка забіваў гэтых жывёлаў, але на паляванні, са стрэльбы ці дзідай. А тут… Куля з пістолі добра калі патрапіць у вока, але хутчэй – проста здыме кавалак мяса з ілба. Янка зрабіў асцярожны крок назад. Калі схавацца, калі не пагражаць жывёле ці яе сям’і, то, магчыма, дзік сыдзе.
Дзік парохкаў і пачаў нюхаць зямлю. Улан павольна адыходзіў, сачыў за жывёлай. Яшчэ з пяць крокаў – і ён апынецца за дрэвам. Дзік падняў пысу і паглядзеў на Янку. Чорныя вочы глядзелі ў зялёныя, колеру вясновага лісця. Чалавек супраць звера.
Янка вельмі павольна засунуў пістолю за пояс. Калі прыйдзецца бегчы, лепш трымаць адну руку вольнай. Не варта чакаць, пакуль дзік сам кінецца… Тры, два, адзін… Янка рвануў ад жывёлы.
Хмызы. Цемнікі. Пацебнікі. Параснік. Янка бег наперад, не шукаючы адбіткаў каня, не выбіраючы шлях. Проста наперад, далей ад раз’юшанага звера, але дзік быў гаспадаром гэтага лесу і не адставаў. Яшчэ хвіліна. Яшчэ імгненне.
І маладому ўлану прыйдзецца прыняць бойку.
Раптам зямля пад нагамі сышла. Яе месца заняла дрыгва, вязкая, мокрая, зялёна-барвовая. Янка адразу праваліўся па калена, спатыкнуўся. Калі падаў, ён не выпусціў шаблю, толькі прыкрыў твар вольнай рукою. Багна яго чакала.
Дзік прайшоўся цвёрдымі капытамі па спіне ўлана і завяз у балоце. Твані ўсё роўна, каго абдымаць. Дзік заварушыў нагамі, пачаў шукаць цвёрдую глебу. Карычневая поўсць макрэла, злівалася з зямлёй, што цягнула істоту да сябе. Янка выпрастаўся. Мокрая слізкая глеба падышла да пояса, паўзла далей. Выцягнуцца самому немагчыма. Дзік быў зусім побач, цягнуўся ікламі, раз’юшана рохкаў. Цвёрды, вялікі, цёплы… Улан падняў шаблю.
– Прабач…
Кроў змяшалася з багнай. Жывёла памерла б і так. Яна брыкалася, закопвала сябе глыбей. Янка працягнуў рукі і абапёрся на цёплае цела. Ён аддаліў час смерці, момант, калі ў ноздры зальецца брудная вада ляснога люстэрка.
23 жніўня 1794 года
Багна даходзіла да грудзей Янкі, чакала, павольна цягнулася да горла. Мёртвы дзік амаль цалкам знік, пакінуў толькі невялікую купіну карка. Пальцы адзервянелі.
Улан падняў позірк. Святло месяца прабівалася праз лістоту. Янка мог разгледзець дрэвы, хмызы, траву.
Мроіцца ці што? Кроках у трыццаці, на другім боку багны, вершнік на белым кані.
– Дапамажыце, – прадрыжаў голас улана.
– Янка, ты?
Вершнік саскочыў з каня, схапіў стрэльбу і асцярожна, трымаючыся за дрэвы, каб не ўпасці, крочыў. Да Янкі было недалёка, крокаў два-тры ад бліжэйшага дрэва. Але гэта былі самыя цяжкія для ўлана крокі. Багна кайданамі трымала яго. Вершнік працягнуў стрэльбу Янку, але даўжыні не хапала.
– Трымайся, дружа, зараз…
– Базыль?
Розум, што быў падрыхтаваны да смерці, абудзіўся. Вершнік адчапіў бандальер ад стрэльбы, скінуў пояс. Даўжыні павінна хапіць, абы толькі вытрымала скура…
Сябры сядзелі ля дуба. Сціплыя запасы былі падзелены паміж імі: па кавалку хлеба, вяленага мяса ды паўбіклагі вады. Янкаў мундзір, увесь у мокрым брудзе, вісеў на галіне і спрабаваў сохнуць.
– Калі на нас напалі, – распавядаў Базыль. – конь панёс ад нечаканасці. Быццам раней гукаў бойкі не чуў, дурная жывёла… Чаго глядзіш?
Конь асуджальна фыркнуў.