З прыбыткам было дрэнна, часамі розум засынаў ад аднастайнасці рынку, а стрэлка компаса не рухалася. З раніцы прыйшоў раз’езд – дзясятак расейскіх вершнікаў. Чакаць больш не было сэнсу – палякі не вернуцца.
Янцэк сабраў неабходнае ў шлях. З ежай, посудам, адзеннем ды іншым начыннем асаблівых цяжкасцей не было. Але ж заставалася асноўная праблема – крама. Ён – гандляр. Не вандроўнік. Нельга здраджваць выбару. Пасля гэтага будзе толькі нешта новае, невядомае. Крама можа пераўтварыцца ў галеру, каня ці дрожкі. Знікне тавар. Знікнуць магічныя рэчы і кнігі. Знікнуць дзверы.
– Прабачце, у мяне проста выбару іншага не было.
– Які, да халеры, выбар? Ён забаўляўся, а ты – шабляй!
Сухі дзядок з даўгой заімшэлай барадою лаяўся на Янку. Улан выглядаў панура і вінавата. Базыль стаяў побач і моцна сціскаў рыдлёўку. Калі што, ён падтрымае сябра. Шабляй, словам, кулаком. Але зараз да гулкіх абвінавачванняў ці праклёнаў не дайшло, а шаблі (як і іншая зброя) засталіся ў хаце ведзьмы. Тут толькі рыдлёўкі.
– Ён жа толькі пасябраваць хацеў! Мабыць, парохкваў весела нават… Ну чаго ты адразу за зброю? – нападаў дзядок.
– Дык гэта ж дзік. Вялізны. З ікламі. Я ад яго збегчы спрабаваў, але не атрымалася! У багну трапіў, а ваш дзік яшчэ па спіне капытом прайшоўся, – абараняўся Янка.
– А ты спыніўся б. Пачухаў яго шыю. Ці то цяжка? Гэта ж жывая істота! Была…
– Гэта дзікі звер. Як мне яго чухаць, пане? Дзік бы мяне збіў з ног і затаптаў. У мяне так стрыечны дзед на паляванні памёр, – узгадаў Янка.
Дзядок перамяніўся. Вочы яго павялічваліся, а рот хапаў паветра. Папаі побач не было – ён пабег за гаспадаром ведзьмай.
– Так ты яшчэ і з роду паляўнічых? Мо ты спецыяльна прыйшоў у лес, каб забіць каго?
– Дык я ж кажу, пане, заблукаў. Намеру не было… Давайце, я, можа, вам заплачу за дзіка. Колькі ён каштуе? – Янка паляпаў па кішэнях.
– Якое каштуе, сын палёў, якое каштуе? – мох у барадзе дзеда заварушыўся. – Гоня быў сябрам, а не маёмасцю! Я табе пакажу – каштуе…
Дзядок схапіўся за рыдлёўку, што так зручна стаяла побач. Янка не стаў чакаць, калі да яго даляціць сельскагаспадарчая прылада працы. Ён выставіў рыдлёўку як стрэльбу са штыком. Здаецца, нічога цяжкага. Дзядок тонкі як елка, ніжэйшы за ўлана. Адбіцца ад першых нападаў, а потым паспрабаваць скруціць яго.
Дзед ударыў плазам з размаху. Рыдлёўка ўлана злавіла чаранок і затрэслася. Такой моцы Янка не чакаў. Наступны ўдар ён таксама злавіў, але правую руку працяў востры боль. Скруціць дзядка не атрымаецца, тут вытрымаць бы да прыходу гаспадара буяковай дзялянкі і Папаі.
Базыль паспрабаваў умяшацца, але дзядок моцным рухам адкінуў яго. Удар ішоў за ўдарам. Злева, справа, зверху. Здаецца, сілаў у гэтым тонкім чалавеку было, як у тысячагадовага дуба. Удар – блок. Янка не заўважыў, як апынуўся спінаю ля вялізнага каменя. Дзядок замахнуўся, і латок рыдлёўкі на трэць зайшоў у камень побач з галавою ўлана. Дзяржальня рассыпалася.
Янка глядзеў на метал, што тырчаў з каменя, і цяжка дыхаў. Дзядок схапіўся за галаву.
– Ён… прабачце мне, пане… – Янка шукаў словы.
– Скажы, хлопча, ён мучыўся там, у багне?
– Я не…
– Гоню было балюча? Ён захлынаўся вадою? Ён баяўся трапіць да Кадука? Што трапіць у багну, дастаецца Старому… Пасля катаванняў, пасля патаплення. Лепш на кіўбасы жывога перакруціць… Ён пакутаваў?
– Ён… не паспеў, пане, – Янка суха зглынуў. – Я зрабіў… хутка…
– Дзякуй табе, – дзядок плакаў.
27 жніўня 1794 года
– Станіслаў, рыхтуй сваіх. Выходзіце адразу за кароннай пярэдняй.
Штаб збіраўся да наступнага пераезду – у Пружанах рабілася небяспечна. Кабінет генерала дывізіі Караля Серакоўскага, які звычайна быў падобны да поля бойкі чалавека з паперамі, пусцеў. Кнігі, мапы, дакументы, лісты – усё складалі ў скрыні і куфры. Палкоўнік Станіслаў Кёнінг стаяў ля стала, не замінаючы слугам выносіць рэчы.
– Кобрын?
– Так, – кіўнуў Серакоўскі. – У нас і так мала войскаў, не можам тут доўга знаходзіцца. Ды яшчэ навіны пра аўстрыякаў.
– Аўстрыя таксама, пан генерал? – здзівіўся Кёнінг.
– А чаго яшчэ чакаць? Макраноўскі піша, што іх бачылі ля Любліна ды Владавы. Ізноў краіну хочуць парваць. Двух разоў ім не хапіла… Нічога, прагонім і гэтых. А пакуль трэба адысці да Бярэсця – там сцены таўсцейшыя. Нам бы больш гармат, але нічога не зробіш. Можа, мясцовыя што ахвяруюць… – генерал агледзеў пакой. – Добра, пытанні ёсць?
– Не, пане генерал. Дазвольце ісці?
– Так.
Палкоўнік накіраваўся да дзвярэй.
– Пачакай, Станіслаў, – Серакоўскі ўзгадаў, што яго турбавала. – Харугва Сыракомлі так і не дайшла?
– Не, не маем звестак, – спыніўся Кёнінг.
– Дрэнна… Шэсцьдзясят уланаў – і проста зніклі. Не маглі ж іх чэрці скрасці. Можаце ісці.
Палкоўнік Кёнінг адправіўся рыхтаваць жаўнераў да адыходу.