– Не хлусіш, хлопча? Дакладна ўзяў?
Янка кіўнуў з набітым ротам.
– Але, як ты можаш хлусіць. Я ж кацёл пасля зелля праўды не мыў – адразу там юшку і зварыў. Але я і пасля пярэваратня толькі вадой спаласнуў… Гэта калі з’явяцца валасы там, дзе не павінны быць, ці адрасце пятачок – не пужайцеся. Праз некалькі гадзін павінна прайсці.
Уланы паглядзелі адзін на аднаго – ці няма пятачка альбо хваста.
– Добра, пашукаю я твайго каня заўтра. Калі што – падымем агентурную сетку па балоце. Мабыць, хто што і бачыў – ёсць у ведзьмаў свае спосабы.
– Не ведаю, як вам за гэта аддзячыць, – разгубіўся Янка.
– Аддзячыць? Рыдлёўкі ў рукі – і на балота.
– Што? – спужаўся Базыль.
– А то. Буякі тапталі? Моркву рвалі? Вось і трэба градкі аднавіць, прапалоць, перакапаць. А то я столькі часу культываваў ды культываваў. Паліваў. Угнойваў. А вы раз – і ўсё.
– Мы не сяляне якія, каб у глебе капацца, – пакрыўдзіўся Базыль.
– Цішэй ты, – тузануў сябра Янка. – Лепш у глебе капацца, чым у лесе паміраць.
– О то добра, – узрадаваўся пан ведзьма. – Рыдлёўкі за хатай, насенне ў шафе. Папая, дапаможаш хлопцам?
Правядзеш і пасочыш?
– Угумц, – згадзілася памаранчовая істота.
25 жніўня 433 года
Вогнішча плакала рудымі слязамі.
– О жахлівы Дальжвальд, заклікаю да цябе. Прыйдзі да дзяцей тваіх, што распалілі вогнішча ля Дрэва Цёмнай Ночы.
У час маладзіка зоры асабліва яркія, бліскучыя. Яны спрабуюць зазірнуць у кожны куток, пад кожны камень ці хмыз, спрачаюцца з вогнішчам за панаванне над наваколлем.
Збан стаяў напалову ў полымі. Жрэц апусціўся на калені і ўдыхнуў пар чароўнага настою. Вочы пабялелі, позірк перастаў блукаць, а наваколле расплылося. Дзяўчына, што стаяла ззаду, падтрымала яго.
– О Вялікі Воўк, я прыйшоў. Я прынёс. Я згадзіўся. Спусціся з Вечнага Дрэва да нас, прымі нашы дары.
Дрэва рыпела, трэсла галінамі, шамацела лістотай. Яно задаволенае.
Да вогнішча з цемры выйшаў вялізны чорны воўк. Ён стаяў на задніх лапах, цень даходзіў амаль да верхавіны дрэва, а вочы палалі чырвоным.
– Ты прывёў-у-у яе, жрэц. Ведаеш, я сумняваўся, але ты зрабіў правільны выбар, – пашча раскрылася ў жудаснай усмешцы. – Ты ведаеш, што рабіць далей!
Жрэц падняўся. Ногі амаль не трымалі яго. Адвар воўчніка і мухамораў рабіў сваю справу – чалавек выклікаў бога, размаўляў з ім, але цела не жадала слухацца. Жрэц падвёў дзяўчыну бліжэй да вогнішча. Сваю дачку. Адзіную. Сем братоў ахоўвалі і любілі яе, самую малодшую. Прыгажуня са светлымі, амаль залатымі валасамі, вялізнымі зялёнымі вачыма. Яна магла ашчаслівіць добрага ваяра, удалага паляўнічага, найлепшага каваля. Паўвёскі сваталася да яе, нягледзячы на моцнага і жорсткага жраца-бацьку. А цяпер яна дастанецца Ваўку.
Жрэц зняў з дзяўчыны даўгую льняную кашулю. Шэрая адзежа паляцела ў вогнішча. Драўляна-касцяныя каралі, што аздаблялі тонкую шыю, адправіліся следам. З яе вушэй жрэц асцярожна зняў бронзавыя завушніцы. Жоўты метал пачаў чырванець ад полымя. Апошняе – скураны вянок са срэбнымі і меднымі падвескамі. Дзяўчына зняла яго сама, і даўгія залатыя валасы рассыпаліся па плячах. Дрыжачай рукой яна кінула апошнюю сваю рэч, апошні кавалак чалавечага жыцця ў пражэрлівае вогнішча. Больш у яе нічога не засталося.
Чорны воўк працягнуў лапу цераз вогнішча. Пальцы яго былі даўгія, амаль чалавечыя, з жоўтымі кіпцюрамі. Ён працягнуў яе, як хлопец дае руку дзяўчыне, запрашаючы на танец.
– Ідзі да мяне, дачка смяротнага чалавека.
І дзяўчына адказала кавалеру. Падала руку. Зрабіла крок. Полымя лізнула яе пяткі, абхапіла ногі, паднялося да таліі. Адвар не даваў адчуваць боль, ён цягнуў наперад. Ветру не было, ніхто не збіваў жар і языкі агню. Дзяўчына заплюшчыла вочы і ўдыхнула спякоту сканчэння старога жыцця. Полымя дайшло да валасоў.
Яна зрабіла другі крок, нага ступіла на зямлю. Свежая зялёная трава пад ступакамі дзяўчыны пачарнела і запалілася. Полымя сышло з дзявочых валасоў, і тыя сталі попельна-белымі, амаль срэбнымі, як поўня.
– Не бойся. Цяпер ты – мая! – прарыкаў Воўк.
Моцны вецер збіў жраца з ног. Вуглі, што засталіся ад вогнішча, траскаталі. Дрэва маўчала.
26 жніўня 1794 года
Уланы сышлі шэсць дзён таму. Апошнія часткі польска-літоўскай дывізіі прайшлі праз рынкавую плошчу чатыры дні таму. Мястэчка сціхла. Крамы зачыняліся раней, на гандлярскія шэрагі радзей выходзілі людзі, а карчмары схавалі вялізныя катлы. Недзе недалёка, у Ружанах, стаялі расейцы. Даходзілі чуткі пра аўстрыйцаў, што ідуць на Рэч Паспалітую. Жыхары чакалі.
Янцэк сядзеў на звычайным месцы – злева ад кузні на рынкавай плошчы, адкуль добра бачны гасцінцы на Косава і Сялец. Мясцовыя смяяліся з яго – вандроўны гандляр не сышоў за войскам, застаўся тут, у Бярозе; займае амаль самае дрэннае месца пры тым, што вызвалілася процьма добрых; не баіцца расейцаў і не закопвае грошы ў кацялку. А Янцэк спакойна пазіраў на іх: колькі ён бачыў гэтых войнаў, колькі страт ды прыбыткаў атрымліваў ад войскаў, што блукалі па зямлі. Расейцы, англічане, немцы, ма́я, зулусы – заўсёды можна проста пераключыць дзверы.