Здаецца, туману тут не было. Зусім. Ніколі. Над буяковымі дзялянкамі, паміж дрэваў і хмызоў, над бруднымі люстэркамі, што трапляюцца між моху балота – кожнай раніцай белы туман хаваў зямлю. Але толькі не хату ведзьмы, якая была напрыканцы брукаванай сцежкі. Ці на пачатку – ніхто не ведае.
Янка замацоўваў свае рэчы на кані Базыля. Калі мяхі з ежай, адзеннем, паходнымі рэчамі і зброяй яшчэ нармальна размяшчаліся на спіне жывёлы, то сядло было складана неяк прыстасаваць. Можа, кінуць яго?
З-за будынка паказаўся гаспадар хаты. Побач з ім ішоў вялізны дзік.
– Не хвалюйцеся, хлопцы. Гэта Ціма, вучоны і разважлівы, – пан ведзьма ўсміхнуўся. – Лясун адправіў на дапамогу, каб не занадта нагружаць каня. Вы не бойцеся – ён толькі гуляць надта любіць. І жалуды. Будзе шмат спыняцца ля дубоў – загрывак яму пачухайце і нагадайце напрамак. Ну, давай, Ціма, ходзь да каня, пазнаёмся.
Дзік падышоў да асядланага каня. Конь недаверліва фыркнуў. Дзік зацікаўлена паглядзеў – раней ён ніколі не бачыў падобных жывёл. Абышоў і прынюхаўся. Пахне не балотам. Конь асцярожна зрабіў крок назад. Дзік рохкнуў і знік за хатай. Праз хвіліну ён вярнуўся з чырвоным яблыкам у зубах і паклаў садавіну перад канём. Конь памацаў капытом, прынюхаўся і з’еў яблык.
– Вось і пасябравалі, – сказаў пан ведзьма.
– Перадайце пану лесуну, што мы вельмі ўдзячныя… Дарэчы! – Янка ўдарыў сябе па лбе і выцягнуў з ільнянога меха залатую кветку з чорным насеннем.
– О, добра! – пан ведзьма радасна глядзеў на падарунак. – Пасаджу сёння ж. А цяпер нагружайце Ціму – і ў шлях. Толькі ехаць верхам на ім не раю – надта наравісты. Ды і па балотах верхам – дрэнная ідэя. Як дойдзеце да мяжы з вёскай ці гасцінца – адпусціце. Шлях дахаты ён сам знойдзе.
Уланы паглядзелі на дзіка, які спрабаваў схапіць каня за хвост.
– Бачыце, вы так тыдзень да вёскі ісці будзеце. Я вам зрабіў невялічкую дапамогу, – ведзьма выцягнуў з кішэні скрутак. – Гэта картофель.
– Картофель? – перапытаў Янка.
– Так. Бульба. Ці земляны яблык, па-сялянску. Здабылі мы яе ля Ізабэліна – Папая зрабіў падкоп пад гарод нейкага святара. Гэтую сцягнуў, а астатнія пакусаў, выдумшчык такі, – пан ведзьма ўсміхнуўся. – Не мясцовая гэта расліна ад слова зусім, з-за акіяну. І будзе імкнуцца як мага хутчэй збегчы адсюль. Мы з Папаяй над ёй трошкі пачаравалі.
На ганку стаяў вялізны чалавек з густымі чорнымі валасамі. На плячы сядзела маленькая памаранчовая істота ў чырвоным капелюшы.
На павароце сцежкі Янка павярнуўся і апошні раз памахаў. Над драўлянай хатай паднялася вялізная птушыная нага з даўгімі кіпцюрамі і адказала ўланам тым жа. Чароўны хутар пана ведзьмы застаўся за спінаю.
Вогнішча сушыла прамоклыя боты жаўнераў. Увесь дзень яны ішлі праз балоты. Пан ведзьма казаў, што к вечару яны павінны выйсці на гасцінец, але нічога не паробіш. Дзік некалькі разоў спыняўся, блытаў ці проста сядаў адпачыць. Людзі не ўмелі хадзіць па дрыгве, нярэдка гублялі сцежку і траплялі ў багну. Толькі конь роўна крочыў за імі, панура схіліўшы галаву. Ісці ноччу не наважыліся – надта небяспечна.
Побач з вогнішчам, што толькі займалася, на тонкіх галінках чакала мяса, якое даў уланам пан ведзьма. Трэба рассядлаць каня з дзіком, раскласці рэчы, зрабіць месца для сну. Але гэта потым.
– Слухай, Янка, а як клічуць гаспадара, у якога мы спыняліся? Мы звярталіся да яго «пан ведзьма», але ж ён сам казаў – гэта прафесія, не імя.
– Цікава, – Янка пачухаў патыліцу. – Ён жа не казаў нам. Гэтыя яго незразумелыя словы, чараўніцтва, здавалася…
У далечы прагучала воўчае выццё. На імгненне конікі, птушкі, лістота – усе навакольныя гукі замерлі.
– Толькі ваўкоў нам не хапала, – Янка прыслухаўся. – Базыль, у цябе зброя зараджаная?
– Так…
– Цягні бліжэй да вогнішча. Я праверу нашых ко… жывёл.
Пацебнік кроках у дзесяці затросся. Янка схапіў шаблю і падняўся на нагі. Не зводзячы позірк з хмызу, ён левай рукой штурхнуў Базыля. Той усё зразумеў, і асцярожна пакрочыў назад, па стрэльбу. Трэба сустрэць нечаканага госця.
Пацебнік затросся і захрабусцеў.
30 жніўня 1794 года
– Дзень добры, панове жаўнеры. Янцэк даведаўся, што ў паноў праблемы з амуніцыяй, і адразу выправіўся ў шлях. Трэба падтрымаць мужных абаронцаў Радзімы ў цяжкі час. Не жадаюць паны чаго набыць? У краме… у меху Янцэка ёсць амаль усё патрэбнае: порах, скура, свінец на кулі, воўна для клакаў, пакля, масла і шмат яшчэ якія дробязі. Усё, што панове пажадаюць. І па найлепшым кошце ў гэтым краі.
Уланы глядзелі на чалавека са здзіўленнем. Хата з птушынымі нагамі, жывая садавіна, дзік у якасці каня, дзялянкі буякоў ды чараўнічы кацёл – яны былі падрыхтаваныя да ўсяго. Амаль. Звычайны гандляр у даволі свежым і не брудным адзенні. Тут, на балотах, адкуль яны не маглі выйсці самі некалькі дзён. Ён проста знайшоў іх.
– Мы… Як… Можа, да вогнішча? – Янка схаваў шаблю.
– Дзякуй пану за запрашэнне.
Гандляр сеў на паваленае дрэва ля полымя. Яго твар падаўся Янку знаёмым, але дзе яны сустракаліся – не мог узгадаць.
Янцэк выцягнуў з торбы некалькі скруткаў.
– Чаго паны хочуць?