Серакоўскі хваляваўся за страчаных людзей. Палову войска забралі пад Гародню, разам з добрым военачальнікам – Паўлам Грабоўскім. Цяпер дывізія засталася амаль толькі польскай, з некалькімі атрадамі літвінаў. Кожны чалавек на ўліку, кожны эскадрон. За пяхоту ён бы так не турбаваўся. Але тут знікла цэлая харугва вершнікаў. Добра ўзброеных. З амуніцыяй і коньмі. Вопытных. І замяніць іх няма кім.
Янцэк ішоў па дарозе. За спінаю ён нёс мех, незвычайную рэч працы гальскіх фрэяў – лепшых скураных майстроў. Колькі туды рэчаў ні пакладзеш, а несці зусім не цяжка, і спіна не баліць. Ды і змяшчалася там у два-тры разы больш, чым падаецца звонку.
Дзверы не знікнуць, магічныя рэчы не разбягуцца, крама застанецца. Гандляр не быў чараўніком, але час ад часу рабіў цуды. Ён не быў бібліятэкарам, але меў вялізную калекцыю кніг. Ён не быў інжынерам, але зрабіў адметную сістэму ліхтароў. Ён не зменіцца, калі дзейнічаць на карысць гандлю, дзеля прыбытку і грошай. І ўсё будзе як і раней.
Янцэк ішоў па стрэлцы компаса. У яго была вартая мэта – прадаць улану порах.
28 жніўня 1794 года
На стале стаяла пяць місак: тры глыбокія драўляныя з тушанай гароднінай і ялавічынай, адна з амаль свежым, трошкі падсмажаным мясам і адна маленькая – з кашай.
– Старая, ты ізноў накрыла на талерку больш! – сказаў пан ведзьма кудысьці пад столь. – Кожны раз сварыцца з табою, ці што? Нас – чацвёра. Зусім лічыць развучылася напрыканцы гадоў? Каму гэтая недапечаная свіння?
– А з кім вы размаўляеце, пане? – спытаў Базыль.
– Са старой. Адбілася ад рук у апошні час. Добра хоць Папаю не корміць мясам. Усё ж такі ў яго асабістая дыета.
Папая, як кожная адказная садавіна, усміхнуўся.
– Нічога, разбяромся са старой. Падрасце саланечнік, зраблю кампрэс – і памяць палепшыцца, і суставы храбусцець скончаць. Пабяжыць, як маладое кураня. Чуеш, старая?
Вецер патрос шыбы ў вокнах.
– Вось, бачыце, згодна. На днях пасею… – пан ведзьма хлопнуў па лбе. – Ой, кусаць цябе за парасон, забыўся сказаць. Сёння раніцай знайшоў твайго каня, Янка. Ну як знайшоў… Выменяў. І то толькі збрую, праўда. Але на большае тут спадзявацца не атрымаецца.
– А што з канём? – спужаўся Базыль. – Ён застаўся там? Што гэта за чалавек такі, трымае чужую маёмасць і не аддае?
– Не чалавек, хлопча. Пра жывёлу забудзь – конь загінуў у балоце. Сядло ды мяхі не патрэбны Кадуку, толькі плоць… Не думай аб гэтым. Рэчы твае ў гумне.
– Пане ведзьма, – нерашуча пачаў Янка. – А хто такі гэты Кадук? Я ўжо не першы раз чую пра яго. Лясун пра яго згадваў, і дзяўчына з зялёна-блакітнымі валасамі. Чаму яго так баяцца?
– Дзяўчына? Адэля? Тонкая, прыгожая, як вясновы ручай, з чорнымі вачыма? Папая, да нас заходзіла пані амбасадар, а ты не паведаміў? – сердаваў на садавіну чалавек.
– Не, пане, – заступіўся Янка. – Не зараз. Можа, некалькі тыдняў таму, пад Слонімам. Але, ведаеце, гэта было як… я дрэнна памятаю, але неяк падобна да таго, як першы раз трапіў да вас. Сон, мабыць…
– Усё цікавейшым і цікавейшым вы становіцеся, пане Ліпініч. За паўнаважным прадстаўніком Старога Кадука сочыце ў сне, ды яшчэ і няўмысна… Як бы гэта да благога не давяло. Кадук… Здаецца, ён тут быў увесь час. Дрыгва вакол маладзейшая. Ад яго яшчэ ніхто не сышоў. Не шукай, хлопча, забудзь пра Старога. Ты аб ім нічога не павінен ведаць. І маліся, каму ты там звычайна молішся, каб і Кадук пра цябе нічога не ведаў. А наступны раз, калі ўбачыш пані Адэлю, шчыпай сябе за якія хочаш часткі цела, каб прачнуцца, – цалейшым будзеш… Твае рэчы… Я забраў усё, што змог.
– Дзякуй вялікі за дапамогу, пане, – панура адказаў Янка. – Я зараз схаджу прынясу сланечнік.
Янка падняўся з-за стала, але гаспадар паклаў сваю вялікую, разы ў два большую за чалавечую, руку на плячо ўлану.
– Не спяшайся так, хлопча. Раніцой сходзіце. Даеш гуляш спачатку. Ды і вам сёння адпачыць трэба – з раніцы выходзіць. Дзякуй вам за дапамогу з маім агародам.
– Хіба ў нас быў выбар? – ціха буркнуў Базыль.
– Быў, – усміхнуўся ведзьма. – Напрыклад, шукаць выхад з балота самім.
Янка штурхнуў сябра локцем.
– Мы вельмі ўдзячныя вам, пане, – сказаў улан. – І за хату, і за ежу. Без вас загінулі б у балоце, як мой конь. А нам час у войска вяртацца, Радзіму абараняць ад маскалёў.
– Каб памерці ў бойцы… – падсумаваў ведзьма. – Гэта вашае права, хлопцы. З ранку вам няблага б выправіцца ў шлях. Да бліжэйшага выхаду з балот – дзень ходу. А ў вас яшчэ і конь, які не ўсюды пройдзе. Так што давайце, як у чырвонай арміі: пяць хвілін на даесці – і спаць.
– У якой арміі? – перапытаў Базыль.
Янка звык да незразумелых словаў, што выкарыстоўваў пан ведзьма. Распытваць – можаш атрымаць прамову на паўгадзіны, у якой новых і невядомых слоў будзе яшчэ больш. Улан яшчэ раз штурхнуў Базыля локцем.
– Час пайшоў, хлопцы! – пан ведзьма падпаліў лучыну з надпісам «5'0''».
29 жніўня 1794 года