– Я пайшоў у войска, каб біцца жалезам з жалезам. Я не магу больш… Гэтыя пачвары, кожная можа зламаць чалавека двума пальцамі… Святы ойча, мне патрэбная парада. Мой сябра зараз там, у балотах. Як і паўсотні іншых жаўнераў. Яны чакаюць выратавання, але… – Янка вагаўся, ці варта казаць далей. – Але харунжы забараніў гэта рабіць – трэба вяртацца ў войска, кажа. А яны памруць без маёй… без нашай дапамогі. Я не магу здрадзіць Радзіме і збегчы. Але я не магу здрадзіць і людзям. Гэта… як забойства.
– Святы касцёл супраць мужыцкіх забабонаў, сын мой. Чалавек нараджаецца па вобразе ды падабенстве Бога і павінен памятаць пра Яго цягам жыцця. Розныя чараўнікі ды гадалкі адцягваюць чалавека, падмяняюць яго веру на шкодныя расліны сумневу. Як святар, я павінен абараніць цябе ад паспешных спраў, – з развагай адказалі з-за краткаў. – Бог даў чалавеку час. Гэта вялікі дар, бо можна няспешна абдумваць свае рашэнні, не рабіць глупствы. Ці не памрэш ты сам, спрабуючы выратаваць людзей? Ці не пакінеш на аднаго абаронцу Айчыны меней? Ці не затуманіла твой розум нячыстая сіла? Гэта не пасуе добраму каталіку. Сын мой, ты павінен прачытаць «Ойча наш» па колькасці дзён у годзе, каб ачысціць сваю душу.
– Дзякуй, святы ойча, – змірыўся Янка.
– Але як чалавек, што жыве тут больш за трыццаць год…
Янка выходзіў з касцёла. Ён абяцаў назаўтра завітаць у бібліятэку кляштара. Ойча Павел згадзіўся паказаць яму некалькі кніг, што ці адвадзяць улана ад яго намаганняў, ці дадуць зброю ў рукі. Усё лепш, чым імкнуцца з голымі рукамі да мядзведзя ў бярлогу.
– Знайшоў цябе той гандляр? Сівы лірнік сачыў за ўланам.
– Прабачце, што? – не зразумеў Янка.
– Цябе тут нейкі габрэй усё шукаў. Стаяў, выглядваў кожны дзень.
– Ты, мабыць, памыліўся, стары. Я ў мястэчку першы раз, – Янка падняў каўнер.
– Першы дык першы. Пан быў тут раней, з войскам, у прыгожай форме. Я цябе памятаю – не даў загінуць небараку, пачаставаў хлебам. А гандляр гэты, цьфу на яго, злы – ні манеты не падаў. Сам кожны дзень ад’язджаў за мястэчка, а з раніцы вяртаўся з новым таварам. Схрон ці крама якая ў яго побач, ці што… Пра цябе ва ўсіх пытаўся, расшукваў. Нават у шлях выправіўся, калі вы не вярнуліся.
– Схрон, кажаш? А куды ён хадзіў? – зацікавіўся Янка.
– Не ведаю, пан. Сюды, у бок кляштара. Сам шукаў. Не, ты не падумай, я не злодзей. Я так, ахоўваць, пакуль гаспадар не вернецца. Не знайшоў. Там грошай павінна быць… Ну дык што, трапіў на цябе?
– Трапіў, – Янка кінуў старому дробную манету. – Яго Кадук забіў.
Улан пакрочыў у бок мястэчка. Збіраўся дождж.
– Кадук… – спужана прашаптаў стары лірнік.
6 верасня 1794 года
– Псоту на іх навялі, ці што? – генерал Серакоўскі перарваў спрэчкі ў зале.
У Тэрэспалі сабралі ўсю дывізію. З Кобрына апошнія часткі падцягнуліся толькі ўчора. Людзі стаміліся. З самага Слоніма яны толькі і адступалі. Ружаны, Бяроза, Пружаны, Кобрын, Тэрэспаль. Ніхто не ведаў, куды далей яны рушаць. Прыходзіла інфармацыя пра аўстрыйцаў, якія перайшлі мяжу. Казалі, што іх адкінулі, разбілі, але тыя ўсё роўна пагражаюць дывізіі, асабліва калі выйдуць са спіны. Даходзілі чуткі пра Суворава, што выйшаў з Украіны. Калі тыдзень таму хапала эскадрона, каб прачэсваць наваколле і выганяць непрыяцеля, то зараз прыходзілася выпраўляць цэлы ўланскі полк ды яшчэ частку велькапольскай кавалерыі. Вайна зацягвалася. І зацягвалася небяспечна.
– Давайце па чарзе, панове. Што думаюць з гэтай нагоды лекары?
З-за стала падняўся тлусты чалавек з тоўстымі акулярамі.
– Мы лічым, што асноўная прычына эпідэміі – стомленасць людзей. Яны прабіраліся скрозь балоты і лясы, страцілі шмат сілаў. Асноўнае, што ім зараз патрэбна, – спакой і адпачынак.
– Вы ім віна з гарэлкай выдаць прапануеце? – спытаў Серакоўскі.
– Ну чаму адразу віна? Можна піва. У ім шмат карыснага, дапамагае пры стамленні, ганяе вадкасць па целе…
– Вы, пане, карчмар ці лекар, не разумею ніяк. Добра, а што могуць сказаць аптэкары?
Сухі чалавек з пазелянелымі валасамі ўзяў слова:
– Калега мае рацыю – гэта ўсё з-за стомленасці. Але нельга лячыць толькі адзін сімптом. Наколькі ведаю, у лазарэце зараз больш за дзве сотні чалавек.
– Чатырыста восем, – паправіў генерал Серакоўскі.
– Нічога сабе, – спужаўся сухі. – Ім усім патрэбны лекі. Мне вядома, там ёсць і параненыя, і проста хворыя. Нашы аптэкі гатовы ахвяраваць усё на патрэбы войска. Але пры такой колькасці… Лепш маліцца.
З-за стала падняўся Міхал Стовак, ксёндз з Варшавы, што апошнія месяцы вандраваў з дывізіяй.
– Пане генерал, дазволіце?
– Так, ойча Стовак, – кіўнуў Серакоўскі.
– Пан аптэкар кажа, што трэба маліцца. Так, гэта трэба заўсёды: з раніцы, па абедзе, перад сном. Бо вера – гэта тое, што адрознівае нас ад жывёл. Звер не верыць, ён ведае.