Галоўнай асобай гэтага вечара быў госьць, Попутчiк. Ён найбольш гаварыў, яго найбольш ахвоча слухалi, яму налiвалi чарку, падавалi закуску. А ён, пад уплывам сымпатычнай атмасфэры, якая вытварылася сярод новых ягоных прыяцеляў, расказваў. Казаў аб тым, якi ён шчасьлiвы, што ўрэшце прыехаў у БССР, як яму было "душна" ў капiталiстычнай дзяржаве, казаў аб сваiх лiтаратурных канцэпцыях, аб спадзяваным прыезьдзе жонкi з дзяцьмi, якiх хацеў узгадаваць у духу савецкiм...
- Попутчiк (дый нiхто, мусiць, з беларусаў) ня ведаў, што гэтай сучаснасьцi, якой ён гэтак захоплiваўся, днi ўжо зьлiчаныя, што ўсе гэтыя "дасягненьнi", уся гэтая беларусiзацыя ўжо нядоўгавечныя. Што пройдзе ня шмат часу i зьменiцца курс. Пачнуцца "нацдэмаўскiя" працэсы. Людзi на найвышэйшых становiшчах скончаць сваё жыцьцё самагубствам або будуць расстрэлены ў ГПУ. Што вось за гэтую работу, якая цяпер карыстаецца багаславенствам згары i ўсялякiмi грашовымi ды iншымi падтрыманьнямi, гэтыя людзi будуць абвiнавачаны ў "искривлении" нацыянальнай палiтыкi, "уклоне", у контррэвалюцыi, лучэньнi з дэфэнзывай, фашызьме, шпiянажы, збройным паўстаньнi i няма ведама яшчэ ў чым - i, хто не разьвiтаецца са сваiм жыцьцём, як Iгнатоўскi i Чарвякоў,- паедуць на Салоўкi, Туркестан, Нарым - у концэнтрацыйныя лягеры, а хто й шмат блiжэй: грузавiком у Камароўскi лес, дзе атрымае за сваю савецкую лёяльнасьць заплату з нагану.
Попутчiк ня ведаў гэтага.
I, знакам тым, ня ведаў, што дэманструючы сваю беларускасьць i жаданьне працаваць на карысць беларускай культуры ды захоплiваючыся дасюляшнiмi дасягненьнямi,- ён падпiсваў ужо свой прысуд.
А гепiстым усе было ясна, яны ўжо ўсё ведалi.
* * *
Ня гледзячы на ветлую прынуку, госьць пiў вельмi мала.
А ўсё-ткi ... не памятаў, як i калi разьвiтаўся з мiлымi гаспадарамi. Ня ведаў, што Карытаў адвёз яго на звошчыку дахаты i давёў да дзьвярэй.
А калi на другi дзень прачнуўся з шалёным болем галавы, раздумваў.
- Не разумею, як гэта здарылася. Дык-жа я ня шмат выпiў. Гэта хiба савецкая гарэлка такая паскудная... Ну, але самае важнае, што жыву... Вось i жыву! А кажуць, што Тэрэшчанку атруцiлi...
Попутчiк ня ведаў, што гарэлка тут не вiнавата.
Таварышы "работают"
Дзеля таго, што дакучаў яму страшэнны Katzen-jammer, Попутчiк устаў даволi позна. Калi, памыўшыся i выпiўшы шмат халоднай вады, выйшаў з хаты iзноў, як штодня, спаткаўся на ганку з вядомымi ўжо яму незнаёмымi тыпамi. Сядзелi на ўсходачках пад ганкам, чакаючы цярплiва на Попутчiка.
- Дзень добры, таварышы! - прывiтаўся з iмi, як са знаёмымi.
- Добры дзень.
- "Работаете", товарищи?
- Хэ, хэ, работаем, товарищ! - адказалi, канфузьлiва ўсьмiхаючыся.
Наагул, далейшая кансьпiрацыя, далейшае "валяньне дурака", ня мела ўжо сэнсу. Шпiёны добра ведалi, што iхная ахвяра пазнаець iх i далей вялi сваю работу ўжо адкрыта, не хаваючыся.
Попутчiк пайшоў Вясёлай вулiцаю ў кiрунку да цэнтра гораду, а таварышы шпiёны ў нязначнай адлежнасьцi назiркам за iм.
Попутчiк iшоў i лаяўся:
- На якога чорта гэтыя гады пруцца за мной?!. Там учора былi гэткiя прыемныя, гэткiя мiлыя людзi... здаецца, што нават пiлi на брудэршафт, а тут... маеш табе!.. iзноў гэтыя два лезуць за мной, як ценi... Што за чорт!.. Нiчога не разумею... Трэба хiба пайсьцi пагаварыць аб гэтым з Iгнатоўскiм
Памыляўся, думаючы, што Iгнатоўскi спаткае яго з адкрытымi рукамi. Старшыня Iнбелкульту
- Што за чартаўня, таварыш! Дык-жа я прыехаў легальна, атрымаўшы савецкую вiзу... Дык-жа "Грамада" мяне добра ведае, могуць за мяне паручыцца... А за мной усьцяж ходзяць. Двох ходзiць... Сяньня выходжу з хаты - ужо сядзяць на ганку i чакаюць... У чым справа? Дзеля чаго гэта? Ажно злосьць бярэ! Парайце мне, што рабiць?
- Цi вы ўжо былi... там... ну, у ГПУ? - спытаўся Iгнатоўскi, паглядаючы пiльна праз акуляры на Попутчiка.
- Але... нядаўна... - адказаў зьдзiўлены Попутчiк.
Няўжо-ж усе, якiя прыяжджаюць у гэтую краiну свабоды, павiнны прайсьцi праз вагонь допытаў ГПУ!
- Ну i што?..- пытаўся далей старшыня Iнбелкульту.
Памятаючы аб засьцярозе: "совершенно секретно", Попутчiк абмежаваўся толькi агульнымi словамi, ня кажучы таксама нiчога аб учарашняй "товарищеской чашке чаю".