Цяпер, пераступiўшы парог гэтае праклятае ўстановы, пачуў слабасьць усяго цела, як чалавек пасьля цяжкой хваробы, i дзiўную ў галаве блытанiну. Нiводная фраза да канца не фармулявалася, толькi нейкiя абрыўкi думак, нейкiя непавязаныя з сабой словы...
Што за чорт! Хiба ўжо муры тут прасякнуты дзiўнай моцай наганяць на людзей гэткi страх.
Увайшлi ў нейкi пакой.
- Пачакайце тутака, таварыш!
Праваднiк прапаў.
Попутчiк з прыемнасьцю сеў на крэсьле, бо ўжо цяжка было яму стаяць: ногi пад iм дрыжэлi.
Паглядзеў навакол: вялiкi пакой, у якiм пара канцылярскiх сталоў i крэслаў. Няма нiводнага чалавека.
Але найбольш зьвярнула ўвагу Попутчiка тое, што нiдзе не вiдаць нiякай палiцы, анi шафы. Замiж гэтага салiдныя зялезныя пры сьценах скрынi. На сьценках партрэты: Ленiна i Дзяржынскага.
Чакаючы, што далей будзе, пачаў прыглядацца Дзяржынскаму. Глядзеў на гэтую лысавую галаву з бародкай á la Henryk Sienkiewicz i прыпомнiў сабе гэтыя далёкiя вiленскiя часы, калi спатыкаўся з Фэлiксам Дзяржынскiм на калiдорах гiмназii.
Дзяржынскi быў старэйшы за яго на тры клясы. Ня былi знаёмыя, але Попутчiк добра ведаў свайго старэйшага калегу з твару.
Дзяржынскi, ужо кiнуўшы гiмназiю, быў карэпэтытарам у сваякоў Попутчiка. Гэта было ў маёнтку Борце, недалёка ад Вiльнi. Аднаго разу карэпэтытар прапаў бяз сьледу, пакiдаючы ў сваiм пакоi толькi адну валiзку. Калi, не дачакаўшыся павароту вучыцеля, гаспадары зазiрнулi ў валiзку, знайшлi там кучы нелегальнае лiтаратуры. Перапалох у доме быў яшчэ вялiкшы, калi праз пару дзён зьявiлася ў Борце палiцыя, шукаючы Фэлiкса Дзяржынскага...
Як гэта было ўжо даўно? Колькi ад гэтага часу зьменаў!
Чаканьне ў бязлюдным пакоi трывала ўжо доўга, непакоячы Попутчiка ўсё болей. На што яго сюды паклiкалi? Што яму скажуць? А... можа... арыштуюць?
Дык-жа не!.. 3 чаго?.. He!.. Ха-ха-ха! Сьмех, ды й толькi. За што? Не! - крычэла ў душы Попутчiка бясьсiльным пратэстам.
He!!! - стараўся адсунуць ад сябе гэтую думку, забыцца аб ёй, думаць аб нечым iншым, але праклятая, быццам дакучлiвая муха, усё варочалася i вярцела мозак пытаньнем:
- А што, калi арыштуюць? Ня ты першы, ня ты апошнi. Усё магчыма ў гэтай краiне ўсялякiх магчымасьцяў...
Раптам дзьверы адчынiлiся i зьявiўся ўжо вядомы малады жыдок.
- Пожалуйте, товарищ!
Iзноў калiдор. Iзноў рад дзьвярэй, як у гатэлi. Затрымалiся. Праваднiк пастукаў.
Голас з сярэдзiны:
- Войдите!
Перад арэопагам
Попутчiк увайшоў у габiнэт савецкага вяльможы. Камфорт. Прыгожае масыўнае бюро. Выгодныя аббiтыя скурай фатэлi. У куце на падстаўцы разьбяны, адлiты з бронзы, партрэт Ленiна. На падлозе дыван.
У пакоi было колькi асоб. Усе вочы скiраваны на Попутчiка, якi ўвайшоў.
Жыдок-праваднiк счэз, як дух.
Пасьля даўжэйшай маўчанкi абазваўся той, што сядзеў за стадом.
- Ну, сядайце, грамадзянiн Попутчiк!
Быў гэта бляндын у сярэднiх гадох, добра адкормлены, са сьвiрлячым поглядам гепiстага. 3 ягонага твару ня зыходзiла iранiчная ўсьмешка.
Гэта быў заступнiк старшынi Менскага аддзелу ГПУ - таварыш Апанскi.
Апанскi быў апрануты ў цывiльную вопратку. Усе iншыя ў шэрых фрэнчах з адзiнымi вайсковымi адзнакамi-ромбамi з чырвонай эмалii на каўнерах.
Попутчiк ня ведаў, хто яны. Калi-б ведаў, яшчэ больш спалохаўся-бы. Глядзеў то на аднаго, то на другога, здагадваючыся толькi, што перад iм сядзяць важныя фiгуры, але ня ведаючы, што гэтыя сьцiплыя адзнакi на каўнерах ёсьць найвышэйшыя вайсковыя адзнакi, якiя адпавядаюць гэнэральскаму становiшчу ў iншых краёх.
Апрача Апанскага, яшчэ адзiн быў апрануты ў цывiльную вопратку. Худы, высокi, на якiм ягоны касьцюм вiсеў, як на шчотцы, што падмятаюць падлогу.
Гэта быў начальнiк аднаго з аддзелаў, таварыш Гендзiн.
Iншыя таксама былi начальнiкамi або заступнiкамi. I Гродзiс, якi, апрануўшыся ў эўрапейскi касьцюм, са сваiм салiдным брухам выглядаў-бы як тыповы буржуй, i Карытаў з тварам, густа ўскрытым вуграмi, i iншыя.
Толькi што перад уваходам Попутчiка скончылася паседжаньне калегii.
- Ну-у-у,- адазваўся працяжна таварыш Апанскi,- расказвайце нам, грамадзянiн Попутчiк.
- Аб чым?
- Ну-у-у, з якой мэтай вы прыехалi ў Менск? - цягнуў далей заступнiк старшынi ГПУ, злосна ўсьмiхаючыся.
- Як з якой мэтай? - мямлiў зьбянтэжаны гэтым пытаньнем Попутчiк. - Дык-жа ўсе ведаюць, з якой мэтай. Ведаюць аб гэтым мае прыяцелi з "Грамады", ведаў таксама, даючы мне вiзу, i параднiк паўпрэдства Ульянаў... Дык-жа, даючы мне вiзу, ведаў, каму дае...
- Ну так, але мы-б хацелi пачуць, што вы аб гэтым скажаце.
- Я прыехаў, каб паглядзець, як творыцца новае жыцьцё, будуецца сацыялiзм...- Попутчiк ня мог адразу нiчога iншага прыдумаць, апрача гэтых трафарэтных фразаў.
- Ага... новае жыцьцё... сацыялiзм,- паўтарыў Апанскi, не зьмяняючы свайго iранiчнага тону.- Ну, i як-жа-ж вам падабаецца гэтае "новае жыцьцё"?
- Ня нэрвуйцеся, таварыш Попутчiк, спакойна! - дакiнуў Гродзiс.
Попутчiк паглядзеў на дабрадушны (гэтак яму здавалася) Гродзiсаў твар i крыху набраў духу.
- Не, я не нэрвуюся... зусiм не... Мне надта падабаецца... Я-б хацеў застацца тутака ў Менску. Апанскi зарагатаў: