I ня ведаю, скуль у яго быў гэткi сантымэнт для мяне. Чаму ён, чалавек хворы й заняты рознымi iншымi справамi, прысьвецiў гэтулькi энэргii, каб вызвалiць мяне з савецкага вастрогу.
Хай мой успамiн аб iм будзе замiж красак на ягоную, можа, зарослую цяпер быльлём, магiлу. Сьпi спакойна, Мар'яне Сьвяхоўскi, хай зямля Табе будзе пухам. А Аляхновiч пахiляе з пашанай галаву перад тваёй магiлай, i вусны ягоныя шапочуць: "Дзякуй... дзякуй!.."
Як я зрабiўся загадчыкам IЗО
14-ая рота ўжо забытая. Я ўжо зноў у лепшых абставiнах жыцьця. Iзноў собскi тапчан, iзноў палiчка i г. д.
Тэатр ужо зьлiквiдаваны. Я мяняю работу. Працаваў на дрывяным складзе, у канцылярыi УСЛОНу, за стоража i на iншых пасадах. Урэшце ўладзiўся ў IЗО (iзобразiцельный отдел), дзе маляваў лёзунгi, розныя плякаты i да г. п.
Перад 1 траўня была гарачая работа. Трэ было прыаздобiць лягер для першамайскага сьвята. Малявалi партрэты "важдзей", пiсалi лёзунгi, вязалi гiрлянды зь елачных галiнак.
Наш узгадавальнiк упiраўся, каб выпiсаць вялiкiмi друкаванымi лiтарамi нешта з твораў "мудрага" Сталiна i наклеiць на аднэй iзь сьценак у Крамлi., Загадчык 130 казаў, што мала часу, што праз адну ноч гэтую работу зрабiць немагчыма. Я, седзячы ў другiм пакоi, нiчога аб плянах узгадавальнiка i аб ягонай гутарцы з загадчыкам ня ведаў. Раптам узгадавальнiк паклiкаў мяне.
- Аляхновiч! Можаш зрабiць гэтую работу за адну ноч?
- Пожалуй...
- Ну, дык валяй! Атрымаеш прэмiю... Я пастараюся, каб табе выдалi два кiлё хлеба.
Я зрабiў сабе драўляныя лапаткi i пачаў друкаваць мудрыя словы гэнiяльнага Сталiна. Да ранiцы работа была скончаная. Я атрымаў ня 2, a 3 кiлё хлеба. I яшчэ больш...
Бо праз пару дзён узгадавальнiк сказаў:
- Аляхновiч! Хочаш быць загадчыкам IЗО? Я ўжо гаварыў з начальнiкам васьпiтацельнай часьцi. Згаджаецца.
- Не, таварыш васьпiтацель! Дазвольце лепш застацца на старым становiшчы.
Я ведаў, што адказнае становiшча на Салоўках - рэч небясьпечная.
- Няма чаго казаць. Справа пастаноўленая ўжо. Будзеш за загадчыка.
I я зрабiўся загадчыкам. Меў асобную кватэру (жыў у куточку пры IЗО), меў свайго днявальнага, якi хадзiў па варатак, прыбiраў памешканьне i да г. п. Пад маiм загадам быў мастак (маляваў партрэты "важдзей"), дыяграмiсты (вырысоўваў дыяграмы "вырабаткi") i памянёны днявальны.
Жылося добра. Працы (як ня было нiякiх "торжеств") было мала. Я быў спагадным, мяккiм загадчыкам.
Мастак сядзеў перад начатым партрэтам Дзяржынскага i драмаў. Я грэўся перад печкай. Дыяграмiсты расказваў анэкдоты або таксама драмаў. Толькi адзiн днявальны сядзеў у куточку iз сшыткам у руцэ i, рытмiчна кiваючыся, нешта пяяў сабе пад нос па-башкiрску.
Ён доўга не хацеў сказаць, аб чым ён пяе.
Пасьля толькi ўдалося мне даведацца.
Ен казаў:
- Як я вярнусь да свой дом... я не памятаюць усё... Так я цяпер усё, што перажываюць, усё пiсаць, i вучыць на памяць, i пяяць... Як буду ў свой дом, тады ўсё, што перажыў, буду пяяць...
Ён быў башкiрскiм паэтам.
Часам, аднак, неўспадзеўкi заглядаў да нас начальнiк васьпiтацельнай часьцi.
- Ну, што тут у вас робiцца?
- Работаем, гражданiн начальнiк!
- А этот што-ж усё сядзiць над партрэтам Дзяржынскага! Той раз я бачыў гэты партрэт i цяпер тое самае.
- Гражданiн начальнiк... Гэта мастацкая работа... Леонардо да Вiнчы сваю Джыоконду маляваў пяць гадоў i казаў, што яшчэ ня зусiм закончаная...
- Гм... Ну, хорошо... Работайце... Толькi не забывайце о большэвiстскiх тэмпах.
- Мы памятаем, гражданiн начальнiк!
Крадзежы
Адначасна з пераменай курсу лягернае палiтыкi ў кiрунку ўпрывiлеяваньня крымiнальнага элемэнту пачала непамерна разрастацца лiчба крадзежаў. Праўда, i раней выпадкi крадзежаў у лягэры здаралiся даволi часта, але цяпер дык пачалася запраўдная пошасьць.
Выходзячы на работу, мы зачынялi камары на ключ. На калiдоры дзяжурыў днявальны. Аднак зладзеi пралазiлi ў нашае жыльлё праз вакно цi то па драбiне, цi па прыстаўленых да сьцяны дошках. У радоўцы да кухнi, у крамцы, у тэатры - усюды, дзе быў натоўп, зладзеi-прафэсiяналы лоўка ачышчалi кiшэнi неасьцярожных фраераў.
У вязьня, якi варочаўся ў сваю роту з толькi што атрыманай пасылкай з прадуктамi, пасылку проста вырывалi з рук. Недзе воддаль бандыты хапалi сваю ахвяру за горла i рабавалi ўсё, што было ў кiшэнях. Кралi ўсё: грошы, тытун, вопратку, бялiзну, а галоўнае - спажыўныя прадукты.
Злоўленых на месцы крадзежу каралi ня больш як двухтыднёвым арыштам.
Пасьля выявiлася, што начальнiк салавецкага лягеру, Мардвiнаў, разам з некаторымi працаўнiкамi аслаўленага IСО быў у хаўрусе iз зладзеямi. Зладзеi вольна кралi i за патачку з боку начальства дзялiлiся зь iм сваёй здабычай.
Але няма такое тайнiцы, што не зрабiлася-б явай. Вестка аб "мардвiнаўскай палiтыцы" пранiкла за берагi Салавецкага абтоку. Не магу пiсаць, як гэта сталася, бо чалавек, якi пранюхаў гэтую справу, мо яшчэ жывы. Пiшучы аб салавецкiх падзеях, трэба быць надта асьцярожным...