Читаем Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі полностью

— Гасподзь ужо здзейсніў свой справядлівы прысуд. Масье дэ Алівейра быў знойдзены ў Познані са зламанай шыяй. У адным вясёлым доме.

Вось як, усе сляды лісіным хвастом замяло.

Падскарбій узняўся адным рыўком, нават не абапёршыся на кульбачку. На развітанне крыва ўсміхнуўся Лёдніку:

— Пакажы хоць сваю красунечку. З якой прычыны такая траянская вайна...

Карусь адступіў ад крэсла гаспадара і скасавурыўся на дзверы, гатовы бегчы абараняць паненку. Але доктар цвёрда заявіў, што дачка знаходзіцца разам з хворай маці, якую аніяк не можа пакінуць.

— Глядзі, доктар. Не па рангу табе гуляцца ў такія гульні. З гразі вылез, назад у гразь лёгка затопчуць.

Пасля візіту падскарбія ў доме застаўся водар венгерскай вады, табакі і трывогі.

— Я не магу гэта падпісаць, — глуха паўтарыў Лёднік, гледзячы на паперу. — Пацвердзіць, што на мануфактурах у Гарадніцы былі створаны добрыя ўмовы для рабочых, людзі самі марылі працаваць там, а ўсе ранейшыя мае заўвагі — ад няўважлівага назірання.

Тонкія нервовыя рысы Жылібера выяўлялі такую ўпартасць, з якой мур саломінай дзяўбуць.

— Дык, можа, пан Антоній і праўда ўсё цяпер палепшыў?

Карусь злосна замармытаў пра Сатанііла і ягоных слугаў. Лёднік падціснуў вусны.

— Калі я яшчэ на нагах быў, мяне паклікалі ратаваць маладога майстра Ёзафа Марбіцэра — па загадзе пана Антонія яго прагналі праз шыхт рабочых, узброеных палкамі. Падскарбій не ведае цаны чужому жыццю. Пакуль на свае вочы не ўпэўнюся, што нешта змянілася, — не падпішу.

Ну што ты з ім рабіць будзеш...

— Тата, матулі кепска!

Спалоханая Сафійка не выглядала велічнай, як царыца Алена, праз якую зруйнавалі Трою і пазабівалі процьму дужых недурных мужыкоў. Але чарнавокага заплаканага анёлачка неадкладна хацелася суцешыць і абараніць.

Ды ратаваць належала не яе

Пранціша ў спачывальню Саламеі не дапусцілі. Ён пачуў толькі роспачны голас Лёдніка:

— Залфейка, што ж ты нарабіла? Чаму маўчала? Чаму хавалася?

А потым пачалася трывожная мітусня. Бразгалі місы, грэлася вада, змешваліся лекі... Мадам Жанна сама бегала з чыстымі ручнікамі. Пранціш змог толькі адно даведацца ў пераляканага Лёдніка, калі той выбраўся ў лабараторыю: жонка вознага Міхасюка, у якой Саламея прымала роды, была хворая на чорную ліхаманку, страшную смяротную заразу. Таму й дзіця страціла, таму й да парадзіхі ніхто блізка не падыходзіў. А Саламеі яшчэ не пашчасціла тады руку параніць — хто ж ведаў, што па мясцовым звычаі супраць стрыгаў — а ўсе ж былі перакананыя, што дзіця хворай народзіцца вупыром, — найлепш дапамагаюць уторкнутыя паўсюль вострыя нажы. Пранціш успомніў, як Саламея хавала ўпэцканыя ў крыві рукі, як Бутрым заўважыў на яе далоні парэз... Ведала пра небяспеку, лячыла сябе сама, нікога не падпускала, каб не заразіць...

Вось так i бывае — повен дом дактароў, а ратунку няма. Наколькі ўсё сур’ёзна, Пранціш уцяміў, калі ўбачыў праз прачыненыя дзверы, як трасуцца плечы Лёдніка, што схіліўся над ложкам з хворай.

Потым калідоры дома запоўніліся смуродам ад зёлак і хімічных рэчываў, якімі забіваюць заразу падчас пошасці. Потым дадаўся пах ладану... Пранціш быў упэўнены, што прыход святара і сабораванне толькі дададуць сілы пані Саламеі... Гэта ж Полацкая Сільфіда! Модная, мудрая і велічна гожая, праз якую вяліся цэлыя войны, але яна заўсёды выбірала толькі свайго сужэнца...

— He глядзіце на мяне... У гэтым жыцці i так хапае страхоцця.

Хрыплы голас з-за дзвярэй ніяк не мог належаць прыўкраснай Саламеі Лёднік, у дзявоцтве Рэніч. Але і аблічча, якое краем вока заўважыў Вырвіч на падушках за прыадхінутым балдахінам, не магло быць ейным... Жоўтая набраклая скура, пухіры...

Пранціш адвярнуўся не ад страху ці гідасці — з павагі да хворай.

Уладыка Уседзяржыцелю, Святы Цару, Ты караеш, але не ўмярцвяеш, падтрымліваеш тых, хто падае, i тых, хто ўпаў, падымаеш, цялесныя пакуты чалавечыя ацаляеш. Молімся Табе, Божа наш, наведай Тваёю міласцю рабу Тваю Саламею, якая пакутуе немаччу...

І што перад гэтым хітрамудрыя інтрыгі зямных уладароў — за ўсе грошы свету i здаровага вока не купіш.

Жылібер цыкнуў на жонку, каб кінула беганіну ды ішла ў свой пакой — ну так, цяжарная ж, не дай Гасподзь, заразіцца... Паклаў руку на плячо Пранціша:

— Толькі не пакідайце яго аднаго, масье Вырвіч, у бліжэйшы час...

Пранціш глядзеў у трывожныя, абкружаныя дробнымі зморшчынкамі вочы батаніка i не мог асэнсаваць пачутае. Гэта ён пра Лёдніка?

Побач, стаўшы на калені проста ў куце калідора, чытаў малітвы Карусь, ягоная ўпартая галава была бездапаможна схіленая.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Святой воин
Святой воин

Когда-то, шесть веков тому вперед, Роберт Смирнов мечтал стать хирургом. Но теперь он хорошо обученный воин и послушник Третьего ордена францисканцев. Скрываясь под маской личного лекаря, он охраняет Орлеанскую Деву.Жанна ведет французов от победы к победе, и все чаще англичане с бургундцами пытаются ее погубить. Но всякий раз на пути врагов встает шевалье Робер де Могуле. Он влюблен в Деву без памяти и считает ее чуть ли не святой. Не упускает ли Робер чего-то важного?Кто стоит за спинами заговорщиков, мечтающих свергнуть Карла VII? Отчего французы сдали Париж бургундцам, и что за таинственный корабль бороздит воды Ла-Манша?И как ты должен поступить, когда Наставник приказывает убить отца твоей любимой?

Андрей Родионов , Георгий Андреевич Давидов

Фантастика / Приключения / Альтернативная история / Попаданцы / Исторические приключения