Калі ўжо тут у нас пра святы завялося,Будзь чашнікам, герой; глядзі мне, каб лілосяУ нас віно ракой у залатыя чашы,Каб поўныя былі заўсёды бочкі нашы,Каб меру ты сабе заўсёды добра ведаў,Каб сам цвярозы быў у час усіх банкетаў.
Чашнік
Пачэсны твой давер і шчодрая рукаПератварылі ўжо ў мужчыну юнака!На царскіх трапезах я буду спраўны й скоры —Найлепшыя падам сервізы і прыборы.І забяспечу я належны этыкет.Манарху падбяру я келіх для бясед —Венецыянскае, адменнае работы,Каб, не п’янеючы, уволю піў з яго ты.Заўсёды можаш ты даверыцца яму,Ды стрыманасць тваю зарукаю прыму.
Імператар
Усё, што я сказаў, як бацька справядлівы,З даверам дарагім да сэрца прынялі вы,Манарха слова бо — надзейная пячаць.Аднак жа трэба нам з закона распачаць:Указ накрэслім мы — і хто яго аспрэчыць?Саноўны муж ідзе, і ён усё засведчыць.
Уваходзіць архіепіскап-канцлер.
Калі апорны камень у скляпенне ўрос,Лічы, што гэты гмах ты ўжо навечна ўзнёс.Я вас, князі, сабраў на важную нараду,—Як справы пры двары давесці нам да ладу,А для палітыкі і для дзяржаўных спраўНазначыў я савет і ўжо ўказанні даў.Каб ззялі ў свеце вы, я даў вам сёння званні,Цяпер пашыру я і вашыя ўладанні,І землі здраднікаў навечна падару,І да багацця вам дарогу пратару.Валоданняў сваіх пабольшвайце памерыАбменам, гандлем ці на іншыя манеры.На прывілеі, суд, на ўдзельныя правыАд сённяшняга дня гарантаваны вы:Падданым ваш прысуд хай будзе канчатковыБез апеляцыі ў вышэйшыя ўстановы.Падушша, чынш, аброк — на дым, на быдла, дворУводзьце; і руду здабудзьце самі з гор.За службу вам як след падзякую і ўзычу —Яшчэ вас адару, яшчэ вас узвялічу.
Архіепіскап
Удзячны мы табе за гэты шчодры дар,Умацаваўшы нас, — ты тройчы гасудар.
Імператар
Яшчэ адзін наказ паведаць гонар маю:Дзеля ідэй жыву і жыць далей жадаю,А давядзецца ўсё ж з утульнае зямліНа Елісейскія мне выбрацца палі,Апошняе «бывай» прыспешнікам сказаўшы,А вы, мае князі, наступніка абраўшы,Ахоўвайце прастол, каб не выцягваў мечУвенчаны ўладар для ўдзельных калатнеч.
Архіепіскап
З вялікім гонарам і з выглядам сур’ёзнымКнязі стаяць пачціва перад венцаносным;Пакуль у жылах кроў, не стынучы, плыве,Мы — цела, дзе душа манаршая жыве.
Імператар
Няхай наш дагавор непарушальны будзе —На вечныя часы запішам у статуце:З маёмасцю сваёй вы вольны ўсё рабіцьЗ адной умоваю — надзелу — не дзяліць.Каб кожны спадчыну пасля сябе пакінуўСтарэйшаму з дзяцей ці спадкаемцу сыну.