Баюся, тут я вам не лепшы радца.Прадмет складаны і славуты,Дзе заблудзіць за ўсё прасцей —Адрозніць лекі ад атрутыНіхто не ўмее між людзей.Вы слухайце настаўніка свайгоІ прысягайце словамі яго,Бо толькі слову адамкнецца брамаТаго загадкавага храма,Дзе ёсць і пэўнасць і аплот.
Вучань
Аднак ва ўсякага жывога словаПавінна быць рэальная аснова!
Мефістофель
Магчыма! Толькі — што шукаць турбот!Бо, зрэшты, там, дзе сэнсу мала,Мы круцім словам дасканала;Са слоў складаюцца ідэі, тэмы,Са слоў будуюцца сістэмы,Нам слова трэба паважаць,Ні ў якім разе не скажаць.
Вучань
Даруйце, што настырна прыстаю,Але прасіць асмельваюся васМне думку выказаць сваюПра медыцыну — пару фраз.За тры гады збярэш няшмат —Не абысціся, знаю, без парад,Тут без падказкі не ўладкуеш справы,Наперад ні на крок не рушыш.
Мефістофель (сам сабе)
Ну, годзе, у мараль залезлі мы па вушы ж,Вярнуся да будзённае забавы.
(Уголас.)
Дух медыцыны просты, ясны:Вялікі і малы спазнайце свет,І хай усё ідзе на лад уласны,На богам вызначаны ступіць след.Свой арганізм навукаю глуміцьНяма чаго, дапытлівы мой друг,Хто ўмее момант ухапіць —Той і мастак і зух!У вас пастава ёсць, манеры,Вы храбры, спрытны, далікатны,А хто ў сябе паверыць здатны,Той стане ідалам чужое веры.Адметны такт патрэбен да кабет —Жанчынам трэба ж кавалеры!На ўсе іх «вохі», «ахі», енкіЗаўсёды медык знойдзе лекі:Ім дапаможа тытул ваш, дыплом,Хоць будзьце вы асёл аслом.А ў вас ёсць нейкі ўсё ж запас.Тут нават дурню карты ў рукі:Вы возьмеце сваё за разІ з пацыенткі і з навукі —Праверце пульсік у паненкі,Пасля абстукайце каленкі,А там, прыветлівы, паслужлівы, прывабны,Абвіце спрытна станік зграбны:«Ах, ясачка, анёл нябесны,На вас гарсэцік ці не цесны?»
Вучань
Якраз, што трэба мне. Наш брат умее…
Мефістофель
Тэорыя — сухая, дружа мой, а дрэваЖыцця заўсёды пышна зелянее.
Вучань
Я нібы ў сне! То ж гэта трэба!А ці не можа пан згадзіцца,Каб я прыйшоў яшчэ раз павучыцца?
Мефістофель
Усім, што маю, рады падзяліцца.
Вучань
Я не магу пакінуць гэты дом,Не папрасіўшы, мне ў альбом,Каб лепш адзначыць першую сустрэчу,Што-колечы ўпісаць.