— Ёсць на чым? — бліснуў вачамі Пётр Пятровіч і пацёр рукі, як прадчуваючы добры канфлікт. Зрэшты, ён не сумняваўся, што старшы оперупаўнаважаны прыйшоў не з пустымі рукамі.
Капітан паклаў перад ім папку з дакументамі, а зверху падрыхтаваны план аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў.
Янушкевіч чытаў уважліва, раз-пораз ставячы на палях паметкі. Пасля кожнай такой паметкі ў Пугацэвіча пачынала мацней стукаць сэрца. Хаця ведаў, што такім чынам падпалкоўнік адзначае не толькі хібы, але і вартыя думкі, усё роўна трывожыўся. Нарэшце Янушкевіч падняў вочы на капітана.
— Так,— сказаў і пагладзіў паперы рукой.— А што за гэтым?
— У асноўным эмоцыі,— адказаў Пугацэвіч. I паколькі падпалкоўнік маўчаў, удакладніў: — Скураное паліто…
— Канапацкі адмаўляе, што каму-небудзь паказваў?
— Так, ён сказаў «не», аднак пасля некаторага вагання. Чаму вагаўся, я не разумею. Можа, Канапацкі некага ўспомніў, можа, мне толькі здалося, што ён завагаўся? Зрэшты, якому супрацоўніку вышуку не хочацца пачуць станоўчы адказ на сваё пытанне, от і прымаеш, бывае, уяўнае за сапраўднае. I яшчэ: чамусьці не верыцца, што злачынцаў было трое.
— Прыбораў тры,— раздумліва зазначыў Янушкевіч.— Маскіроўка?
— Утрох, не апасаючыся гаспадароў, яны абедзве пляшкі каньяку выжлукцілі б. Такая публіка сухога закону не прытрымліваецца. А так адну прыхапілі з сабой, а заадно і «Мішкі» з вазачкі выграблі. Для жанчыны?
— Не факт, маглі і на закусь да каньяку. Эстэты. На Падлеснай няпоўны флакончык французскіх духоў прыхапілі. Зноў для жанчыны?
— А ведаеце, Пётр Пятровіч,— ажывіўся капітан.— У гэтым нешта ёсць. У духах не кожны разбіраецца. Як і ў сталовых прыборах — што куды.
— Гэта трэба мець на ўвазе,— пасля роздуму пагадзіўся падпалкоўнік.— Трэцяга нам падсоўваюць, каб паблытаць сляды, і трэцім магла быць жанчына.
— У Канапацкіх — дапускаю. Там небяспекі для злачынцаў не прадбачылася. А ў другой…
— Я не настойваю. Лейцы ў тваіх руках. Працуй як табе бачыцца. Са свайго боку раю яшчэ раз праверыць акружэнне Канапацкіх, асабліва маладое. Хто там да сына прыходзіць?
— Пастаянна — даўні інстытуцкі таварыш. Цяпер разам працуюць. Хлопец нармальны.
— Дзяўчаты бываюць?
— Не, здаецца, райаддзелаўскія таварышы правяралі.
— Суседзі па пляцоўцы, у пад’ездзе, у доме?
— Тут больш складана. У пад’ездзе быццам бы падазраваць няма каго, а ў доме…— Пугацэвіч паківаў галавой.— Усіх не вывучыш. Ды як бывае ў такіх дамах, людзі мала што ведаюць адзін пра аднаго. А Канапацкія пасяліліся там пазней, ні з кім не дружаць. Павітаюцца, словам перакінуцца пра пагоду або яшчэ што падобнае, і ўсё. Ну, там хлеба-солі ці яны, ці ў іх перахопяць, у сваім пад’ездзе. Не, тут нехта дакладна навёў. Той, на каго і не падумаеш. Згодны, Пётр Пятровіч?
Янушкевіч адказаў не адразу. Пытанне было не ў згодзе ці нязгодзе. Зрэшты, версія, узнікшы, патрабавала праверкі. Але заўсёды, пачынаючы, па сутнасці, расследаванне, важна было выбраць задачу першачарговую, найбольш перспектыўную. Напэўна, гэтай падказкі і чакаў зараз ад яго Пугацэвіч. Нарэшце паўтарыў сваё ранейшае:
— Акружэнне, Сяргей Антонавіч, акружэнне, на мой погляд, праверка яго была праведзена павярхоўна. Не лянуйся, паглядзі сам.
— Леў Сідаравіч мне таксама нікога новага не назваў.
— Паглыбіцеся ў вядомыя факты. Калі і была дзе, як ты кажаш, уцечка інфармацыі, то найбольш верагодна праз маладых. Справу хутка забярэ Акулік, зазнач сабе што трэба.
Пугацэвіч чмыхнуў. Прапаноўваць гэта яму, да каго калегі бегаюць па даведкі нават па даўніх справах? Ён жа выдае кансультацыю не горш за інфармацыйны цэнтр.
Падпалкоўнік лагодна прабурчаў:
— Зазнайка ты, капітан. Любіш пацешыцца сабой. Спускайся на зямлю. Я слухаю.
Апошняе прагучала як загад, і Пугацэвіч пастражэў:
— Найбольш блізкі Кастусь Канапацкі з Уладзімірам Гаруновічам. Пра яго я ўжо гаварыў, Падазроных знаёмстваў не мае.
— Катэгарычна,— у голасе падпалкоўніка, аднак, прагучала толькі прыкрасць.— Разбярэш іх, гэтыя знаёмствы. Цяпер з выгляду быццам усе прыстойныя.
— Мы карыстаемся вывадамі таварышаў. Іх работу паўтараць няма сэнсу.
Янушкевіч нецярпліва махнуў рукой:
— Да вывадаў мы яшчэ не дабраліся, працягвай.
— Ні Косця, ні яго сябра пакуль не займелі пастаянных дзяўчат, з якімі бавілі б час. I то, ім жа недзе па дваццаць тры…
— Не правярай маю памяць,— зноў буркнуў Янушкевіч.— Гаруновічу дваццаць пяць, у інстытут паступіў пасля арміі. Але пераходзь да іншых.
Падпалкоўнік і сам мог бы назваць маладых людзей з акружэння Канапацкіх. I калі пытаўся ў Пугацэвіча пра іх, то, значыць, хацеў паглядзець на тых хлопцаў і дзяўчат нібы вачамі старшага оперупаўнаважанага, які непасрэдна імі займаецца. А тады ўжо на падставе двух меркаванняў рабіць сінтэз.
— Другі сын Канапацкіх — Аляксей — даўно не жыве ў нашым горадзе. За гэты час яго былыя знаёмствы завялі. Таму ён у нашых прыкідках лішні.
— У яго часці служыць сын старога друга Льва Сідаравіча,— нагадаў Янушкевіч.
Пугацэвіч не ўлавіў у рэпліцы падпалкоўніка сувязі з папярэднім і прамовіў:
— Шумейкі? То да бацькоў прыязджаў маёр Канапацкі, а не радавы Шумейка. Яму маёр павёз пасылку.