Як хутка мяняецца ў хлопца настрой. Толькі што вакол уяўлялася цёмная ноч, а ўжо, глядзі, упэўнены, што яму сонейка бліснула.
— Ну-ну,— я паклаў яму на плячо руку, падбадзёрыў: — Да пабачэння, Акадэмік,— падштурхнуўшы Руслана, смехам дадаў саладзейшую пілюлю: — На жаль, будучы. А яно няблага б, каб цяперашні.
Затлуміць мазгі Папроцкаму не цяжка. Ён, бадай што, сваёй думкі не мае ніколі — хто куды павядзе, туды і пойдзе. Не тое што Лебедзеў. I мне пара ў кафэ, нягожа парушаць прызнаны распарадак дня.
Наташа прынесла маю традыцыйную каву і не паспела яшчэ адысці, як з’явіўся Сямён. Адзін. Скоса зірнуў на свой пастаянны стол, дзе красавалася таблічка «занята», і падсеў да мяне.
— Крэмзаеш? — спытаў, хаця перада мной стаяў толькі кубачак з гарачай кавай, па чорнай паверхні якой слалася шызаватая пара. Спытаў проста так, па прывычцы, 6о, не чакаючы адказу, дадаў: — Мае ахламоны не прыходзілі?
— У Алега, мабыць, кліент тлусты, а Федзьку на заводзе да канца змены трубіць, раней не вырвецца ж.
Федзьку Лебедзеў прапусціў міма вушэй, а за Самсонава заступіўся:
— Між іншым, Алег паболей цябе калыміць.
Ого, і Сямён, нягледзячы на сваю падкрэсленую вытрымку, мае нервы. Рэагаваць на шпільку мне не рэзон. Узнімаю палец і ўнушальна зазначаю:
— Пакуль!
— Па мне дык зараз чырвонец у руках, чым праз трыццаць год тысяча на ашчаднай кніжцы. Усёк? — Ён павярнуўся.— Нат, радасць мая, кампрэс на сэрца. Мне і паэту.
Добра хоць, што ў кафэ пуста. Ад падобнай рэкламы мне заўсёды ніякавата. А Лебедзеў, калі Фея прынесла два кілішкі з каньяком і па цукерцы, падкрэсліў:
— Гэта і ёсць перавага маёй дзесяткі над тваёй будучай тышчай,— і кінуў на талерачку з цукеркамі новенькую хрусткую купюру.
— Ну, такімі сродкамі я і зараз валодаю,— з шыкам дадаў я свой чырвонец да Сямёнавага, балазе Вячаслаў даставіў мне зарплату.— Наташа, усё падвоіць!
— Ганарар? — У Сямёнавых вачах бліснуў цікаўны агеньчык.— Закалыміў, значыць?
— У гэтым слове ёсць нешта ад несумленнага,— чаму б не пазлаваць надзьмутага самаўпэўненага індыка? — Паэзія робіцца чыстымі рукамі!
Сямён хапіў каньяк адным махам, гэтак жа, як Грыгаровіч піў гарэлку, і некалькі імгненняў сядзеў бы язык праглынуўшы. Аднак выбуху не адбылося. Сямёнаў твар памякчэў.
— Высокая паэзія, шаноўны,— з усмешкай сказаў Лебедзеў.
Смоўж, а не чалавек. Выслізнуў. Лагодна тлумачу:
— Перакладаў для абласной газеты. Між іншым, класіку.
— Тады прымем за класіка,— засмяяўся Сямён. На гэты раз ён п’е няспешна.— Не адставай,— ківае на мой не крануты яшчэ першы кілішак.
Падымаю. Мушу. Карычневая вадкасць залаціцца ў сонечных праменнях, і я доўта разглядаю яе. Піць не хочацца. Я ніколі не быў паклоннікам Бахуса, люблю мець галаву свежай, а энергіі ў мяне і так хапае, без допінгаў.
— Не шукай там натхнення,— прыспешвае Сямён.
Падсоўваю яму свой другі келіх і на поўным сур’ёзе сцвярджаю, нібы сам гэта толькі што прыдумаў:
— У віне — ісціна.
— Тады мы з табой вялікія праведнікі,— ён жмурыцца ад сонца, і не зразумець — жартуе ён ці перакананы ў гэтым. Мужык знаходлівы, па слова ў кішэню не лезе.
Пра Сямёна думаецца горка. Развіты, не дурны. Калі ж і куды збочыў ён з прамой дарожкі, наканаванай кожнаму нармальнаму чалавеку? Куды прывядзе яго гэты наварот? Надта прывык, уцягнуўся Сэм-Сямён у бяздумнае, бестурботнае існаванне, пазбаўленае якіх-небудзь абавязкаў. Мужчыны, бацькі, грамадзяніна, нарэшце.
Для выгляду прыгубліваю келіх і падымаю вочы:
— Слухай, Сенька, як ты ўяўляеш сваю будучыню?
Хмель ужо ўдарыў Лебедзеву ў галаву, і таму пытанне ўспрымае легкадумна:
— Э-э, дасць бог дзень…
— Не мянці,— сярдзіта перабіваю я.
— Даследуеш душу ці хочаш шэфства ўзяць? — Ён быццам бы працверазеў ад майго пытання.— А я і сам не прападу!
— Здагадваюся,— назойлівасць часам таксама дае карысць.— Станеш неўзабаве інжынерам, пойдзеш на завод або да Руслана ў памочнікі, напрыклад.
— Ішачыць? — Завод ён, напэўна, сцярпеў бы, але роля падручнага ў Папроцкага завяла яго.— Пашукай іншага. Я і без таго пражыву дай бог кожнаму!
— На якія шышы?
Размова набыла востры характар. Аднак Сямёна яна не павінна здзіўляць. Я і раней не хаваў перад ім сваіх поглядаў, не падладжваўся пад іх кампанію.
— Ты што, з выканкома, з міліцыі? — пытае ён насмешліва.— Ведаю, ведаю, ты — паэт. Таму і тлумачу. Я за працу, напружаную, плённую. Але без штодзённага роспісу ў табелі. Не прымаю абмежавання маёй свабоды!