Паслухаўшы каго іншага, я сказаў бы: балбатун. Сямён таксама ўмее павылузвацца, сяго-таго нахапаўся. Аднак мне ўсё часцей думаецца, што за такім словавывяржэннем у яго нешта хаваецца. Як за размаляваным рэкламным плотам. Нават закаранелы цынік хоча выглядаць прыстойным, хаця б перад самім сабой. У Сямёна цынізму хапае. Я не рызыкнуў бы назваць таго, каго ён паважаў бы. Сямён любіў і прызнаваў толькі сябе, свае погляды. Ён гэтага не таіў, ва ўсякім разе перада мной, чалавекам, які далёкі яму па духу. Дык ці не стаў яго цынізм жыццёвай нормай? А калі так, то, значыць, няма ў Сямёна нічога святога? Мне зрабілася непрыемна: любім мы часам фармальную логіку, якая дазваляе быццам бы абгрунтавана вешаць прыдуманы загадзя ярлык. I хаця ў дачыненні да Лебедзева я, бадай, не памыляўся, былі ў мяне пакуль не факты, а меркаванні, уражанні. Паэту, можа, гэтага і дастаткова. Крыміналісту ж абапірацца на іх проста недаравальна…
— Задумаўся, вершаплёт? — Сямён адставіў каньяк, які я падсоўваў яму. Нягледзячы на штодзённыя выпіўкі, сваю меру ён ведаў, чым, прызнацца, дзівіў мяне.— Ты прасцей прымай жыццё, радуйся ўдаламу дню. А што будзе заўтра, паслязаўтра… Хай конь думае, у яго галава вялікая.
— 3 конскай галавой маёй раўняцца не выпадае, памеры не тыя,— вяду сваё.— Ды, як устанавілі вучоныя, і маленькія птушкі ў адпаведнасці са сваімі патрэбамі кемяць. От я і пытаю: хто табе паднясе занятак, каб былі і шышы,— для нагляднасці я паціраю вялікі і ўказальны пальцы,— і неабмежаваная твая свабода?
Лебедзеў не адказвае, пазірае ў шырокае акно, за якім на светла-блакітным асеннім ужо небе плывуць хуткія аблокі. I я працягваю, як разважаючы:
— Не бачу такой працы. Ні ў людзей так званай вольнай прафесіі, якіх натхненне закабаляе больш за афіцыйны службовы распарадак дня, ні…— прыпыняюся на імгненне, а тады рашуча кажу: — Ні ў раскрадальнікаў грамадскай або прыватнай маёмасці, свабоду якіх урэшце абмяжоўваюць не на пяць дзён у тыдні, а на доўгія-доўгія гады.
Чакаю, што крымінальны аспект Лебедзеў абміне і заспрачаецца аб нечым нейтральным. Аднак і ён, бадай што, не баіцца вострых вуглоў. Пасмейваючыся, гаворыць:
— Некалі, здаецца, я табе папулярна тлумачыў, што злодзей той, хто папаўся. А да таго…
Ён змоўк. Не разумею — думае над праблемай ці хоча падражніць мяне. Бо і я, калі не памыляюся, тады таксама выклаў свой погляд. Але ж памяць у яго! Не падловіш, помніць усё, што гаворыць. А ўвогуле, што я хачу? Каб Лебедзеў раптам пусціў слязу, маўляў, хаця мяне і не злавілі за руку, больш красці не буду і наогул стану прыкладным? Злачынца цяпер нават у кіно не адразу пачынае каяцца, хіба толькі следчы яго надта расчуліць, даводзячы, што добраахвотнае прызнанне змякчае віну. Хаця такое прызнанне больш на здзелку падобнае. У дадзеным жа выпадку да следчага яшчэ далёка, і мне рана так катэгарычна настройвацца супраць Лебедзева. Доказы ў нас хліпкія. Так што сваім крэда ён, можа, і мне дулю паказвае.
— Усёк? — Сямёну, відаць, не спадабалася мая задумлівасць, бо з прыкрасцю дадаў: — Рыфмаваў бы ты свае вершы!
— I то,— мне застаецца толькі пагадзіцца. Хаця патузаць за кончык нітачкі, якая тырчыць у Сямёнавых разважаннях, было б не грэх. Наўрад ці зараз ён іграе чужую ролю, як звычайна. Не ведаю, ці краў Сямён раней, але калі падвернецца выпадак, чужое возьме. У гэтым я перакананы. Ды не трэба лезці напралом. Можна патромкаць на іншай струне.— Што вершы, ты іх, мабыць, не чытаеш. Як і прозу.
— Твае нават вывучу,— Лебедзеў не крыўдзіцца, крыху напышліва працягвае: — Чытаю. Тое, што лічу карысным.
Паколькі тэму ўдакладняць ён не збіраецца, крычу Феі:
— Наташачка, прагну свежай кавы.
Потым з усмешкай кажу Лебедзеву:
— Ты — вядомы прагматык, ну-у, чалавек справы, калі хочаш. Але, напрыклад, дэтэктыў…
— Лухта,— адмахваецца ён.— Казкі для слабанервовых. Мараль.— Яму ўсё-такі хочацца перанесці кропку ў размове, з якой пачалася наша сённяшняя сустрэча, крыху далей.— Падумаеш, укралі. Не ў дзяржавы ж…
— Ну, Сенечка,— я не вытрымліваю і таксама паддаюся на працяг крымінальнай тэмы.— Немаўлятка і тое ведае, што Пецеў мячык — гэта Пецеў мячык, а не яго. А другое — тут ты не арыгінальны. У тых жа дэтэктывах злачынцы часта заяўляюць: маўляў, паглядзіце, у каго я браў — у злодзея ж.
— Нішто, вырасце тваё немаўлятка…— Лебедзеў пачынае як жартам, але заканчвае жорстка: — Не мячык, порткі Пецевы прыхопіць, асабліва калі яны фірмовыя і дрэнна ляжаць.
— Не падабаешся ты мне сёння. Злосны. Якая муха ўджаліла?
— Сам не ведаю,— раптам цішэе Лебедзеў.— Душа бунтуе.
На споведзь Сямён не пойдзе. Так што на сёння, бадай, хопіць хадзіць па лязу брытвы. Абыякава пераключаюся на звыклыя рэйкі:
— Дзе ж твае ад’ютанты?
Сямён кінуў на мяне хуткі позірк, сэнс якога я не зразумеў — пытанне маё было ж зусім нявіннае, і працадзіў:
— Слізнякі…