Для пэўнасці капітан абышоў дом вакол. Першы паверх быў адміністрацыйны, без балконаў і лоджый. Вуліца бойкая. Тут з акна незаўважна не скочыш, асабліва з трэцяга паверха. А каб з другога? Пугацэвіч паківаў галавой — няма чаго прыдумваць, адзіны шлях для злодзеяў быў цераз двор. Аднак чаму іх ніхто не бачыў, чаму Грыгаровіч, калі толькі гэта быў ён, прыбег да машыны з пустымі рукамі, навошта Лебедзеў пазбавіўся свайго «дыпламата» з ручніком і мачалкай? Але менавіта пра гэта і гаварылі ў кабінеце падпалкоўніка. Усё вярталася на кругі свая. Можна было ехаць ва ўпраўленне.
Пугацэвіч пайшоў да аўтобуснага прыпынку. За гадзіну-дзве перад абедзенным перапынкам у руху аўтобусаў назіраецца нібы «мёртвы час», і ходзяць яны з вялікімі інтэрваламі. Відаць, і тут іх даўно не было, бо пасажыраў сабралася шмат. Капітан пастаяў, аглядаючы неспакойны натоўп пад шыльдай з літарай «А» і раскладам, і рушыў на паралельную вуліцу. Там хадзілі тралейбусы, транспарт больш надзейны. Праўда, той маршрут не вёў ва ўпраўленне, ён быў да машынабудаўнічага завода. Ды хто дакладна скажа, які кірунак супрацоўніку вышуку прамейшы?..
19
I ў сваім горадзе камандзіроўка, аказваецца, можа зацягнуцца. У той час, калі таварышы адначасова працуюць над некалькімі справамі, я быццам саматужнік-адзіночка самым прымітыўным чынам кручуся вакол дзвюх кватэрных краж. Назіраю. Але мае назіранні пакуль даюць надта няпэўныя вынікі. Я, напрыклад, не магу адказаць на такое, здаецца, простае пытанне: у чым бачаць сэнс свайго існавання мае падапечныя? Лебедзеў, калі я паспрабаваў пад’ехаць з гэтым пытаннем да яго, забалабоніў нешта пустое; Самсонаў прамаўчаў; а Грыгаровіч, бадай што, над гэтым ніколі не думаў. Не ведаю таксама, чаму ў іх кампаніі апошнімі днямі сяброўства быццам разладзілася. Заўчора ў кафэ Сямён быў адзін, учора і ён не прыйшоў. Не знайшоў я ні яго, ні астатніх у рэстаранах, дзе яны звычайна ашываліся раней. Наўрад ці хлопцы за розум узяліся. Значыць, шукаць прычыну трэба ў іншым. Можа, у дзеяннях Акуліка і Пугацэвіча? Іх пытанні лебедзеўскай кампаніі непасрэдна не пагражаюць — і з Калядкам, і з Папроцкім гаворка была толькі пра сёмую сталовую. Ды Калядка, дасведчаны ў падобных справах, можа здзівіцца: чаго гэта сталовай раптам зацікавіўся крымінальны вышук, а не АБРСУ. Сваімі сумненнямі, не выключана, ён мог падзяліцца з Лебедзевым, і той занерваваўся. Невыпадкова ж кажуць, што кошка ведае, чыё сала з’ела.
На мой погляд, хлопцы вырашылі затаіцца. Меркаванне слушнае. Але я не спяшаюся сабе апладзіраваць. Падпалкоўнік Янушкевіч, выслухаўшы яго, сказаў бы: «Версіі мы і самі напрыдумваем, ты нам факты, назіранні давай». Мушу прызнацца, з гэтым у мяне пакуль слаба.
Чакаць вечара не выпадае. Няма ўпэўненасці, што мая троіца сёння наведае кафэ. Хаця Лебедзеў і любіць гэта слова, ім зараз не да аперытываў. Ён жартаўнік. 3 такім заморскім падыходам банальная п’янка не п’янка, а нешта прыстойнае. Ды не буду прыдзірацца, ён мне патрэбны менавіта такім, які ён ёсць.
Калі не ў кафэ, то дзе мне сустрэцца, вядома, выпадкова з кім-небудзь з хлопцаў? Прасцей за ўсё зноў выкарыстаць мэблевы магазін, магу ж я працягваць пошукі рэчыцкай кніжнай паліцы? А калі яна спакойненька стаіць, за якія шышы і навошта мне яе купляць? Да Федзькі наогул не сунешся — завод не месца для прыватных спатканняў. Даводзіцца, такім чынам, паколькі адклад не ідзе на лад, шукаць Сямёна. Некалькі магчымых пунктаў мне вядомыя, прычына сустрэцца ёсць слушная. Чалавек, на чыё месца пасля яго выхаду на пенсію мяне нібыта абяцалі ўзяць у інстытут удасканальвання настаўнікаў, неспадзявана і надоўга захварэў. Буду прасіць Сямёна — ён жа ўсіх і ўсё ведае — памагчы ўладкавацца дзе-небудзь хоць часова. Сувязі Сямёна наўрад ці цягнуцца далей рэстаранных сцен, але што мне каштуе паліслівіць яму, паказаць нейкую маю ад яго залежнасць?
На ўсякі выпадак званю Лебедзевым дадому. Сямёна няма. А маці, бадай што, рада майму званку. Папракае, што не заходжу. Як бы ні песціла яна сына, што б ні даравала, яго лёс ёй неабыякавы. Не можа не адчуваць, што ў сына не ладзіцца жыццё, што ў нечым ён не апраўдвае яе спадзяванняў. Вядома, вінаваціць не сваё непуцёвае чада, а некага іншага, можа, дружбакоў. А паколькі сярод іх бачыць адзінага паэта, які пастараўся прадэманстраваць перад ёй высокую інтэлігентнасць, выказаць разуменне яе поглядаў, то няйначай разлічвае на мой станоўчы ўплыў. Маці можна зразумець, і мне няёмка за свой падман. Калі і памагу Сямёну, то зусім не так, як яна спадзяецца.
Таропка расказваю, навошта мне патрэбны Сямён, і толькі тады разумею, што для яе павінен быў прыдумаць нешта іншае. Як бы там ні выхоўвала яна сына, яна — маці і без мяне плоціць за сваю бяду надта вялікую цану. Гуляць мне з ёю ў хованкі нельга. Трубку павесіць я не паспеў і пачуў: «О-о, гэта не праблема, Павел. Скажу Валерыю Канстанцінавічу. Вы заходзьце, заходзьце». Цягнула ж мяне за язык! Вінавата дзякую і развітваюся. А на сэрцы горыч.
Панура брыду па вуліцы.