— Увогуле Сямёна шукаю,— я не спяшаўся фарсіраваць размову. Калі ўжо адбылася сустрэча, то варта пагаварыць на яго, спадзяюся, свежую галаву.— У цябе сёння, бачу, не гарыць,— я ўсміхаюся, паводзячы вачамі па двары.— А можа, ты дасі мне рады?
— Канапу з падушачкай? — Ён насміхаецца, а твар — свеціцца добразычлівасцю.— Ложак з сенніком марской травы?
— Абыдуся раскладушкай,— прымаю мяч,— за крэсла і ложак з торбай пусціш.— Паказваю на больш-менш цэлую скрыню, якая захавалася ў кутку двара.— Пасядзім, пагамонім…
У Алегавых вачах успыхваюць цікаўныя іскрынкі. Ён пстрыкае дакуранай цыгарэтай у кучу смецця і паблажліва лыбіцца:
— Увесь — увага.
Што Самсонаў развіты, зухаваты, я ўжо меў магчымасць пераканацца. I зараз, пакуль усаджваемся на скрыню воддаль ад грузчыкаў, думаю, што ў ім неяк дзіўна ладзяць адукаванасць і легкадумнасць. Быццам дзяцінства зацягнулася, хаця да чвэрцьвекавога юбілею яму засталося ўсяго два месяцы. Бадай, і сваю вучобу ў інстытуце Алег успрымае як моду, ці што, а не як духоўную патрэбу, імкненне да чагосьці вышэйшага. Не ён адзін такі, на жаль. Інфантыльнасць распаўзаецца, як пошасць. Колькі такіх абыякавых Алегаў тоўпіцца ў рэстаранных закутках!
— Дык што там у цябе?
Запытальна, нібы ўпершыню, гляджу на хлопца і нарэшце скарджуся:
— 3 працай замінка атрымліваецца.
Цяпер ужо ён глядзіць на мяне ўважліва, паблажлівасць змяняецца непрыхаваным здзіўленнем. Не чакаў такой просьбы.
— Чым жа я памагу?
— У цябе столькі прыяцеляў…
— Гэта верна,— пагаджаецца Алег, але неяк абыякава.— Прыяцеляў маю,— і нечакана ў голасе прарвалася горыч: — Выпіць-закусіць, сёе-тое абцяпаць…— Гэтак жа нечакана, як знікла, насмешлівасць вярнулася:— Табе імпартны?
— Балаболка ты, Алег Самсонаў,— варухнуўся я, быццам збіраўся ўстаць.
— Гумару не разумееш, таварыш паэт! — Ён паклаў руку на маё плячо.— Праясні карціну.
Слухаў Алег уважліва і, мне здалося, недаверліва. Таму я не шкадаваў падрабязнасцей і крыўды на бяздушных чыноўнікаў, абыякавых да лёсу маладога спецыяліста. Аднак спачування да сваёй асобы не адчуў, як і злараднасці. Алегу мае нягоды былі да ліхтара. Зрэшты, і мне таксама. Проста, выклікаючы на шчырую жыццёвую размову, хацеў паглядзець, зразумець, што за чалавек Алег Самсонаў, грузчык з незакончанай вышэйшай адукацыяй, ці ёсць у яго бясплатная спагада да бліжняга?
— Ат,— бесклапотна махнуў я рукой, не пачуўшы абяцання хаця б падумаць пра дапамогу,— што мне, маладому і нежанатаму? Пераб’юся.— Спытаў: — Слухай, Алег, у цябе ж сям’я, чаго ты на сталую працу не ўладкоўваешся? Ты ж без пяці хвілін інжынер-механік?
— Любіш ты выварочваць нутро,— пытанне Самсонаву не спадабалася.
— Вось-вось,— дзюбаю пальцам, быццам хачу на ягоных грудзях паставіць важную адмеціну.— Табе ўсё гэта,— я пяводжу рукой,— абрыдла, не прыкідвайся, што начамі пра пагрузку-выгрузку думаеш.
— Пацікаўся ў Акадэміка, як на інжынерскіх ста дваццаці,— зазлаваўся Алег,— за бацькамі. А ў мяне, сам кажаш, сям’я…
— Не брашы, дадому ты наўрад ці калымнае прыносіш. У рэстаранах грошы плывуць, як гарэлка ў Федзькаву глотку.
— Што ты лічыш чужыя грошы?
— Без падлікаў відаць, я не сляпы,— абураюся яго пагрозлівым тонам.— Не бачу, колькі афіцыянткам кідаецца? — Сцішыўшыся, спакайней дадаю: — Няўжо гэта так цікава пад купчыка падрабляцца?
— А ўжо ж,— Алегу смешна і, думаю, непрыемна,— кіно, музыка, кнігі… Да твайго ведама, у музыцы я разбіраюся больш за цябе.
— Вучыўся ж…
— I што з таго?
— Каб слухаць рэстаранны джаз, не трэба музычную школу канчаць.
— Тэарэтык, маць тваю,— лаецца Самсонаў, але ад мяне не збягае, нечым, бадай, я зачапіў яго.
— От зараз ты — сапраўдны біч,— усміхаюся,— і гама з сальфеджыо непатрэбныя.
— Многа ты разумееш,— па-сапраўднаму заводзіцца ён.— Што ты пра мяне ведаеш, што?
— Мала, так,— згаджаюся,— але будучыню прадказаць магу не горш за варажбітку-цыганку. Пачакай,— падымаю руку,— скажу, як цябе ўяўляю. Суб’ектыўна, можа, затое шчыра,— мне зусім не ўсё роўна, што будзе з Алегам нават у аддаленай будучыні, нават калі цяпер ён ужо стаіць на крывой дарожцы. Інакш не распачынаў бы размовы.
— Валяй,— бурчыць Алег і пазяхае: маўляў, паслухаю, каб ад суму не заснуць.
У гэты час адзін з яго калег крычыць:
— Самсоныч, бяры друга, ёсць ідэя!
— Адчапіся,— Алег скоса пазірае на мяне,— вас і без таго трое. Падзеліце.
— Дык вось,— пачынаю, калі хлопцы знікаюць.— Каб сёння не я са сваімі клопатамі, ты пайшоў бы з імі. Не хапіла б моцы адмовіцца, а можа…— зноў апярэджваю яго спробу запярэчыць,— няёмка трымацца ў баку ад таварышаў. Ды не гэта галоўнае. Бутэлька табе будзе маячыць часта — не то з нагоды калыму, не то наадварот. Пакуль ты дужы, ты над ёю гаспадар. А неўзабаве яна возьме над табой верх. I тады не ўспомніш пра сям’ю, пра сяброў, калі з іх пляшку не сарваць, забудзеш пра службу. Грошай будзе не хапаць, пачнеш махляваць, а то і красці, што, зрэшты, адно і тое…