Грамадскае харчаванне ў нашым горадзе яшчэ не дасягнула ўзроўню, калі ў адным прадпрыемстве аказваюцца комплексныя паслугі. У «Кафэ-марожанае», якое знаходзіцца паблізу ад мэблевага магазіна, каву не падаюць. Мушу лавіць прыватніка, бо таксі з раніцы поўзаюць, як восеньскія мухі. Не магу ж я цэлыя тры кварталы весці сваю даму пехам, яна гэтага не зразумее, асабліва калі сустрэне каго са знаёмых.
Праз якую хвіліну мы ў рэстаране «Дняпро», балазе ён адчыняецца раней за іншыя. Нязвыкла ціха. Няма ля дзвярэй швейцара, ён дрэмле ў крэсле пад пыльнай пальмай. Гардэробшчык, насунуўшы на нос акуляры, чытае газету. На нас ніхто не звяртае ўвагі.
Ад абеду мая спадарожніца адмаўляецца. Дыета. Шкада. Я дык перакусіў бы самым празаічным чынам — якога-небудзь баршчу ці крупніку і катлет з макаронамі. Нішто, дзеля ідэі можна з прыстойнай мінай глытаць слінкі, пазіраючы на добра падсмажаную свіную адбіўную, якую афіцыянтка падала на стол ля самай эстрады. Калупаюся тоненькай лыжачкай у вазачцы, дзе красуюцца аж тры паласатыя галушкі марожанага, палітыя малінавым сіропам, і слухаю Люсіна няспыннае шчабятанне. Можа, свой прадмет у школе яна выкладае даходліва і лагічна, не буду наводзіць цень на пляцень, не чуў. Аднак зараз Люся з неймавернай лёгкасцю пераскоквае з аднаго на другое, не даводзячы пачатае да канца і хапаючыся за новае. Быццам доўгі час была вымушана маўчаць і цяпер ёй важны не сэнс, а сам працэс вымаўлення вядомых слоў.
Хай шчабеча. Кажуць, у тоне пяску можна адшукаць крупінку золата.
Не паспелі мы расправіцца з марожаным, як на стале з’явіліся фарфоравы кафейнік і два маленькія кубачкі. Вось гэта сервіс! Што б яно азначала? Бо мяне аднаго яшчэ нідзе так аператыўна не абслугоўвалі, нават Фея ў «Прыемным апетыце».
Люся трымае сябе так, нібы свет створаны і існуе толькі для яе. Дробязі жыцця яе не займаюць. Размешваючы цукровы драбок у кубачку, без усякай сувязі з папярэднім заявіла:
— Сэм дрэнна ўплывае на Алега.
Сказаўшы гэта, яна адразу пераключылася на Вялеську, якую бачыла ў шыкоўным фінскім дэмі. Але Ніна Шумейка мяне не цікавіла нават у каракулевым манто, і я паспяшаўся, пакуль не астыла, вярнуць Люсю крыху назад, да Сямёна.
— Як гэта ўплывае? — здзівіўся я.
Логіка, праўда, свая, у Людмілы Уладзіміраўны маецца.
— Алег стаў такі прыжымісты… А скажыце, чаму я павінна апранацца горш за Нінку?
— Сапраўды, чаму? — Хіба я мог не згадзіцца з ёю?
— Вось бачыце! Якіх пяцьсот рублёў.
Я ледзь не папярхнуўся гарачай кавай. Тых якісьці пяцьсот рублёў мне за два месяцы не палучыць. Трымаю марку і дакорліва ківаю. Недаверліва кажу:
— Можа, не было ў Алега…
— Што значыць не было? — ускінула яна сваю манекенную галоўку.— Мне якая справа!
— Сума ўсё-такі…
Люся ўспыхнула. Мае сумненні абразілі яе не менш, чым мужава скупасць.
— На свае вушы чула, як Сэм вучыў: «Зашпілі кішэню, купец, жывая будзе твая прымадонна». Гэта я, чуеце?
— Мала з яго Вялеські! — Я падзяліў яе гнеў і разам з тым дзеля справядлівасці мусіў сказаць: — Сэм такі шчодры… Для яго грошы — нішто… Калі ж гэта ён раіў?
— Днямі. Як Алег з Мінска прыехаў.
Я сам сабе загадаў: «Стоп!» і крыху паціснуў Люсін кулачок, які ляжаў побач з кубачкам недапітай кавы.
— Вы не з тых жанчын, якія па грошах плачуць. Упэўнены.
— Так… Апранаюся не горш за іншых,— яна з задавальненнем агледзела свой колеру марской хвалі шарсцяны касцюм.
— Для вас гэта не мае значэння,— кажу з натхненнем і збянтэжана апускаю вочы. Не ведаю, ці будзе з мяне паэт, але з дапамогай Пятра Пятровіча артыстам пэўна стану.
Люся не з тых, хто доўга перажывае. Яна зарагатала і памахала пальчыкам:
— А Валя?
— Валя мне друг, аднак ісціна…
— Даражэйшая,— Люся ахвотна паказвае, што таксама тое-сёе і ёй вядома.— Ох, мужчыны, мужчыны! — I зноў скачок думкі: — Учора Сэм з Вялеськай хадзілі да Валі. 3 тортам. Я была ўпэўнена, што і вы там.
— Ага,— смяюся,— прынцэса Люсія таксама можа памыліцца. Не быў.
— Я чалавек, і нішто…
— Мне не чужое,— не даю ёй прадэманстраваць эрудыцыю адной, хаця і не зусім дакладна. Хай ведае, што і я не лыкам шыты.
Ёй падабаецца наша гуллівая размова. Але нават для яе час не спыняецца. Выпадкова кінуўшы позірк на гадзіннік Люся жахаецца — мінула ўжо аж два ўрокі, а не адзін, як я меркаваў, запрашаючы яе ў рэстаран.
— Пасядзе-ела,— аднак і ценю трывогі не бачна на Люсіным твары.— Яшчэ глыток, і пара,— яна налівае сабе кавы і павольна п’е.
На таксі мы пад’язджаем да школы праз дзесяць хвілін.
Машыну я адпускаю, да маёй камандзіроўкі сутачныя не выдаюць. Развітваюся з Люсяй, праводжу вачамі яе зграбную постаць і, калі яна хаваецца за дзвярыма, крочу далей. У мікрараён, дзе сёння, як паведамляла абласная газета, датэрмінова засяляюцца аж тры шматпавярховыя гмахі. Пагляджу на шчаслівых навасёлаў, тым болей што, магчыма, там будуць і іншыя гледачы. Толькі не ведаю, ля якога дома.