— Я пры чым? — Павел збянтэжыўся, ён не ўяўляў задумы Сяргея Антонавіча.
— От табе і маеш,— Пугацэвіч паглядзеў на малодшага таварыша.— Адкуль мне ведаць, што Лебедзеў і Шумейка хадзілі ў госці да тваёй Валі?
— Ну і што? — намёк на дзяўчыну Паўлу быў не даспадобы.
— Чаму яму раптам захацелася ісці туды, дзе яго не надта прыветліва прымаюць? Вадзім Аляксандравіч, ты часам не помніш — на Падлесную група выязджала з кінолагам?
— I гэта пытаешся ты? Быў кінолаг, быў!
— А я што казаў? — Пугацэвіч ссунуў паперы на Акулікавым стале, які ён усё яшчэ займаў, падцягнуў тэлефон. Таропка тыкаючы пальцы ў дзірачкі цыферблата, набраў нумар.— Загдай? Пугацэвіч турбуе. Дайце, калі ласка, даведачку. Па справе аб кражы на Падлеснай вуліцы. Не скажаце, як павёў сябе сабака на лесвічнай пляцоўцы? Круціўся? А след не ўзяў? Дзякую. У мяне ўсё. Як поспехі? Пакуль ніяк, на жаль. Ага. Будзьце здаровы.
— Ты чаго замітусіўся, сышчык? — Акулік паглядаў на старшага оперупаўнаважанага падазрона. Адчуваў, што той зараз нешта выкіне незвычайнае. I не памыліўся.
— Паўлік, ты, вядома, супраць, каб я пагаварыў з Валянцінай Давідзюк?
— Не хацелася б, хаця не знаю, пра што? — Ён баяўся, каб дзяўчына не падумала, што ўсё ранейшае паміж імі было з яго боку прытворствам.
— Разумею, лейтэнант. Шкада. Валя магла б сказаць, ці пытаўся Лебедзеў пра суседнюю з іхняй кватэру. Гаспадары выехалі на Поўнач, не здаўшы нікому. Зачынілі, і ўсё. Дайшло?
— Не,— разгублена прызнаўся Гарбаценка, але на сэрцы адлягло. I яшчэ ён з зайздрасцю падумаў: як трэба арыентавацца ў справе, каб помніць такія, здавалася б неістотныя дэталі.
А Пугацэвіч ужо адвярнуўся ад Паўла і насядаў на следчага:
— Як бы зазірнуць у тую кватэрку, га? Будзь ласкавы, арганізуй, па-сяброўску.— Ён прыкметна нерваваўся.
— Табе больш нічога не трэба? — нахмурыўся Акулік.— На сподачку ключ, напрыклад?..
— Ключ вазьму ў домакіраўніцтве, сам,— Пугацэвіч ускочыў, падбег да Вадзіма. Нечаканая думка захапіла, узрушыла, не адпускала.— Ты дазвол здабудзь! Звярніся да пракурора, звяжыся з гаспадарамі. 3 Нарыльскам тэлефонная сувязь ёсць. Рабі што хочаш, але здабудзь!
— Трымаеш мяне за дурня?..
Акулік упарціўся. Аднак неяк вяла, адчуваў, што і на гэты раз паддасца. Пугацэвіч быў з тых вышукнікоў, у якіх ёсць адным ім зразумелая логіка мыслення, нейкае раптоўнае азарэнне там, дзе хто іншы пройдзе міма, не спатыкнуўшыся. Быў жа выпадак, які здзівіў нават самых умудроных крыміналістаў упраўлення. У калгасах суседніх раёнаў запар былі абрабаваны тры касы. Кожны сейф ускрываўся іншым спосабам — адзін прымітыўна ломікам, другі дрылем, трэці адмычкай, што сведчыла пра даволі «высокую» кваліфікацыю грабежніка ці грабежнікаў. Заключэнне эксперта, думка следчага былі аднолькавыя: дзейнічалі, прынамсі, два ўзломшчыкі. А Пугацэвіч насуперак аўтарытэтам заявіў, што краў адзін і той жа злодзей, што розны «почырк» — спроба абдурыць следства. Выснову зрабіў Пугацэвіч на тым, што ніяк не прыходзіла ў галаву астатнім: да ўсіх калгасаў, дзе былі абрабаваны касы, вялі асфальтаваныя дарогі з невялікага гарадка, дык чаму не дапусціць, што менавіта адтуль і робіць свае набегі злачынца? Маючы машыну, ён паспяваў уцячы раней, чым прыбывала аператыўная група. Вядома, сякія-такія дадатковыя, акрамя дарог, дадзеныя капітан меў. Як мелі іх і яго калегі. Але толькі ён звязаў усё ў адно і неўзабаве ўзяў «мядзведніка» ў гаспадарцы, куды з таго гарадка таксама была добрая дарога.
— Дык што, Вадзім?
— Калі гаспадары не будуць пярэчыць…— працадзіў Акулік,— у нас жа нічога канкрэтнага…
Пугацэвіч моўчкі чакаў, і Акулік паабяцаў, што звернецца да пракурора.
— Аднак у Нарыльск да Філімонавых ты пазвоніш сам, тады і з пракурорам будзе прасцей.
— Перастрахоўшчык! — Пугацэвіч задаволена апусціўся ў крэсла. Ведаў, што цяпер Акулік, згадзіўшыся, ужо не адступіць.
А следчы нагадаў:
— Пакуль я не пайшоў па санкцыю, зрабі ласку, падзяліся з намі, навошта табе спатрэбілася чужая кватэра?
— Не здагадваешся? — Сяргей Антонавіч любіў ставіць перад калегамі нечаканыя загадкі.— 3 чым жа да пракурора пойдзеш, або і туды мяне пашлеш?
— Ну, тут я выкручуся. Скажу, што ёсць у вышуку супрацоўнік, які вельмі лянуецца ножкамі рухаць. А што, няпраўда?
— Так, блізка, ці, як у той дзіцячай гульні, горача. А што яшчэ?
Гарбаценка недаўменна паглядаў то на аднаго, то на другога і не мог зразумець, што да чаго.
— Скажу таксама, што гэты сышчык,— Акулік павадзіў пальцам перад Пугацэвічам,— крышачку вар’ят і таму паверыў сабаку, які не ўзяў след.
— Гарачэй, гарачэй, Вадзім! А далей?
— Хопіць,— змяніў тон Акулік.— Я чалавек прымхлівы, наперад не загадваю. Асабліва калі сышчыкі нашармака дзейнічаюць.
— Твая праўда, следчы,— Пугацэвіч пасур’ёзнеў.— Будзем здабываць факты. Для пачатку наведаю домакіраўніцта.
— Даручы Гарбаценку, хай актыўна падключаецца.
— Зраблю, Сяргей Антонавіч,— Павел памкнуўся устаць, хаця ацэнка следчым яго папярэдняй дзейнасці не натхняла.
— Рана табе, оперупаўнаважаны, парык здымаць,— сказаў Пугацэвіч.— Ты яшчэ да абеду працу шукаў.
— Перад кім апраўдвацца! — загарачыўся Павел.