Увогуле дзіўна. Чакаў споведзі Самсонава, а замест гэ-тага сам настаўляю яго на шлях ісціны. Я чамусьці думаю, што Самсонаў у прынцыпе не такі, як Лебедзеў. Мае яшчэ рэшткі сумлення. Таму і рэжу праўду-матку, спадзеючыся зачапіць якую незаржавелую струну душы. Паводле майго ўяўлення, ён зараз павінен ускочыць, мацюкнуцца і пайсці да грузчыкаў. Біцца не будзе.
— А сябе ты кім бачыш? Няйначай, народным? А бутэлька і паэта можа зацягнуць,— вочы ў Самсонава калючыя, мітуслівыя, шалёныя, а твар злым не выдае. Нават дзіўна.
— Маўляў, сам дурань, так? Гэта кепскі довад, Алег. Я, напрыклад, пастараюся не паддацца бутэльцы, яна мне наогул не патрэбна. А табе шчыра кажу, не крыўдуй, няма ў табе пэўнасці. Хаця, вер мне, хацеў бы памыліцца.
— Уцешыў,— Самсонаў крыху супакойваецца.— Бацька родны, век не забуду,— ён ужо блазнуе.
— Не дурыся, сам прасіў.
— Таму і мусіў слухаць тваю лухту, прарок. Я не краў і красці не буду. Мне людзі самі грошы давалі і будуць даваць. Вось так!
— Назвы розныя, а сутнасць…— я не заканчваю, хай сам робіць вывад.— Але ж дэфіцыт не вечны!
Самсонаў нейкі час сапе, а тады ўсміхаецца:
— Яшчэ дзякуюць!
Слізкі хлопец, з цвёрдым поглядам на праблему не надта легальнага навару. Мне раптам расхацелася працягваць спрэчку, распачатую з мэтай даследаваць Самсонава як асобу, якая не зусім ладзіць з двума кодэксамі адразу — маральным і, мабыць, крымінальным. Такога словамі не хутка проймеш.
— Гэй, працаўнічкі, перакур з дрымотай?
Занятыя нялёгкай гаманой, мы абодва не заўважылі Люсю. Не да часу яна. Ды што паробіш, калі яе з’яўленне стала фактам. Да таго ж я — джэнтльмен.
— Рад вас бачыць, Людміла Уладзіміраўна,— стаю перад ёю навыцяжку.
Яна смяецца весела, бесклапотна — ведае, што прывабная. Затое Алег па-сапраўднаму пахмурнее. Рэўнасць дзейнічае на яго мацней за мае нядаўнія празрыстыя намёкі. Ён шыпіць:
— Згаварыліся!
— Дурненькі,— Люсі падабаюцца падазрэнні мужа, з якім знаходзіцца ў афіцыйным разводзе.— Давідзючыха за Паўла мне прычоску патрэпле,— яна ласкава тузае Алега за рыжаватую дагледжаную бараду і адначасова кідае на мяне гарачы позірк.
Агонь баба, цяжка з ёй цельпукаватаму Алегу. Аднак, паколькі яна ўспомніла Валю, мне няблага пачырванець ад задавальнення, што я і раблю, праўда, не зусім па сваёй волі.
Алег святлее, але грубавата пытае:
— Чаго прыйшла? — Паглядзеў на гадзіннік.— У цябе зараз урок.
— Завуч падмяніла. Дачку замуж выдае, хоча жылы пакой падарыць. Зрабі!
— За так, вядома,— напэўна, назло мне кажа ён.
— Алежак! — какетліва вымаўляе Люся і тупае маленькай ножкай у туфельцы на моднай высокай платформе.
Што за людзі! Пасаромеліся б, гэта ж махлярства. А можа, мяне за свайго лічаць ужо? I хаця я тут старонні, сама мая прысутнасць робіць мяне нібы саўдзельнікам нячыстай справы. Пакуль раздумваю, ці трэба паэту Гарбаценку выказаць свой погляд на парушэнне гандлёвых правілаў, Люся, упэўненая, што яе просьба будзе выканана, кранае мужа за руку.
— Мне пара. Дамовіліся? Павел, праводзьце мяне,— яна ніколькі не сумняваецца, што я згодны.
— Люська! — у Алегавым голасе гучыць пагроза.
— Па-твойму, я магу адна цягнуцца праз увесь горад? — Люся дзівіцца з яго нездагадлівасці.
Самсонаў уздыхнуў, моўчкі пагаджаючыся, што сапраўды ёй адной быць на вуліцы проста непрыстойна.
I я не пярэчу. Люсіна школа з прынцыповым завучам знаходзіцца менавіта ў тым баку, куды мне было б нядрэнна накіравацца. Але на вуліцы я спытаў:
— Вы спяшаецеся?
— У вас ёсць прапановы? — Яна чапляецца за маю руку і, крыху закінуўшы сваю акуратную галоўку, хітра паглядвае на мяне.
Люся не падобная на гараджанку, большасць з якіх нібы ніколі не бывае пад сонцам. У яе здаровы колер твару, як кажуць, кроў з малаком. Яна ведае гэта і не вельмі карыстаецца касметыкай. Так, самую дробязь, каб не выглядаць у чужых вачах просценькай. Затое фіцюлек на ёй навешана столькі, што, бадай, і дзвюм модніцам хапіла б. Для настаўніцы з сціплай нагрузкай шыкоўна. Тым болей што спадчыны не было, бацькі яе і мужа звычайныя працаўнікі. Аднак над гэтым, калі спатрэбіцца, падумаю іншым разам. Зараз жа мне трэба дэманстраваць галантнасць.
— Таксі, кафэ-марожанае?
Недзе там, на другім канцы горада, неўзабаве прагучыць званок на чарговы ўрок. Аднак, як я разумею, Людміла Уладзіміраўна ў свой клас не зойдзе. Думаю, вучні не засмуцяцца. Наколькі мне вядома, іх настаўніца па матэматыцы лагоднасцю не вызначаецца. Дакладней, не да ўсіх вучняў. Ды гэта ўжо іншая тэма, больш цікавая для райана, чым для крымінальнага вышуку. А завучу давядзецца папрацаваць, калі не на карысць народнай асветы, то хаця б на імпартны гарнітур. Нічога за так не даецца, асабліва ў фірмах накшталт «Самсонаў і кампанія».
Люся не вагаецца. Яна прыжмурыла вочы і дадала да маёй прапановы:
— I каву…