Нарэшце недзе аж а палове сёмай з прычыненых ужо дзвярэй выпырхвае ці не апошняя з працаўніц аблювеліргандлю. На жаль, толькі адна Валя. Мяне заўважае адразу і весела крычыць:
— Прывецік!..
— Службістка,— бурчу я, быццам у нас з ёю было прызначана спатканне тут.— Ёсць у вас прафсаюз?
— Хочаш заявіць, што парушаецца закон аб працы? — дзяўчына ўсміхаецца і працягвае руку, каб учапіцца за мой локаць.
— Вы там перапрацаваліся,— працягваю вымаўляць ёй.— А ў прафсаюз — напішу,— гэта кажу іншым тонам, нібы сапраўды збіраюся ажыццявіць пагрозу,— каб тут паставілі лаўку. У мяне ногі не казённыя, падгінаюцца.
Валя рагоча і цягне мяне за руку:
— Пайшлі.
— А Ніна? — вырвалася ў мяне.
— Чарговую запіску Сэму хочаш папрасіць?
Разумніца, нічога не скажаш. Што, калі і Сямён такі ўніклівы? Ды не, ён бачыць сябе пупом зямлі, яму не да адценняў і нюансаў. А перад Валяй мушу выкручвацца.
— Вы заўсёды разам…
— Бывае,— дзяўчына замаўкае.
Што ў іх няма блізкага сяброўства — здагадваюся. Але каменціраваць здагадку не збіраюся.
Ідзём у напрамку гарадскога цэнтра.
Раптам Валя пытаецца:
— Яны часам не пацапаліся з Сямёнам? Псіхуе Нінка чагосьці і ў камандзіроўку напрасілася, хаця раней было не выперці.
— Сам Сямёна даўно не бачыў,— навіна здалася мне вартай увагі. Бадай, хеўра не на жарт захвалявалася.— А ўвогуле хай самі разбіраюцца. Што датычыць мяне, то на запіску я чхаў. I каб даказаць гэта, гатовы суправаджаць цябе на Падлесную, а адтуль — у тэатр. Выпадкова абяцалі пару білецікаў на мінскую аперэту.
— Ой, як цудоўна! Люблю аперэту,— Валя аж спынілася.
— Дык у чым справа? Ведаеш што? Давай адзначым гэтым паходам мой новы грамадзянскі статус, нарэшце сталы — паступленне на службу ў міліцыю. Пра што, дарэчы, я і хацеў паведаміць Сямёну, каб не шукаў мне працы. Думаў з дапамогай Ніны гэта зрабіць.
— Ага, угадала! — засмяялася Валя.— Ты не мяне чакаў.— Паківала галавой.— Сэм прыстроіць…— I тут да яе дайшло.— Слухай, Паша, ты хоць уяўляеш, з якога боку да бандыта падступіцца?
I яна пра бандытаў… Выдатная дасведчанасць шырокіх колаў грамадскасці пра міліцэйскую службу! Спрабую ўнесці сякую-такую яснаць:
— Па-першае, не ўсе ў міліцыі злачынцаў ловяць.— На ўсякі выпадак не прызнаюся, што менавіта гэтым мне часам давядзецца займацца.— Па-другое, каратэ-самба вывучу, пісталет дадуць…
— Жартачкі! Я сур’ёзна.
— I я. У гурток самбістаў ужо запісаўся. Не верыш?
— То глядзі…— Імкліва павярнуўся і падхапіў дзяўчыну на рукі і размахнуўся, нібы намерыўся кінуць у пажоўклы газон.— Умею? Слова насуперак і…— А на сэрцы было нядобра.
— Мядзведзь,— прашаптала Валя.— Пусці, людзі ж…
— А я што, нелюдзь? — Але, зрабіўшы некалькі крокаў, асцярожна паставіў дзяўчыну на тратуар. На нас сапраўды пазіралі прахожыя — хто з усмешкай, хто з асуджэннем. Быццам я зрабіў што благое.
Валя паправіла, хаця патрэбы ў гэтым не было, плацце, дапытліва паглядзела на мяне:
— Віншую, Павел. Калі гэта не абы прыстроіцца.
Вельмі хацелася зняць парык, кажучы словамі Сяргея Антонавіча. Стрымаўся. Нішто, калі ўсё будзе добра, Валя потым зразумее і даруе. Таму толькі сказаў:
— Стараюся не прымаць неабдуманых рашэнняў.
Валя яшчэ раз уважліва паглядзела на мяне і спытала:
— Што мы меліся паглядзець?
— Чаму меліся? Білеты ляжаць у адміністратара, нас чакае сам «Кажан»!
— Гэта значыць «Лятучая мыш»,— засмучона сказала дзяўчына.— Не атрымаецца. Мы з мамай сёння мыем бялізну. У нас абанемент у пральню на дваццаць гадзін.
Урэшце з Валяй я замест аперэты мыў бы і бялізну. Але да сумеснага мыцця бялізны, відаць, было яшчэ далёка…
А з раніцы я ўжо быў у Сяргея Антонавіча. Яго наказ давесці да Сямёнавых вушэй факт сваёй службы ў міліцыі, спадзяюся, з дапамогай Таццяны Макараўны выканаў. Расстаўшыся ўчора з Валяй, пазваніў Сямёнавай маці і падзякаваў за клопат, а заадно папрасіў перадаць і сыну, каб не турбаваўся болей. Званіць было не надта прыемна, бо такім чынам зноў уцягваў яе ў нашы з Сямёнам адносіны.
— Баюся, Лебедзевым-старэйшым неўзабаве будзе яшчэ горш,— сказаў Сяргей Антонавіч, калі я павініўся перад ім.— Пастараемся цябе не выстаўляць. Ну, усё. Давай думаць. Табе не перашкодзіць? — уключыў ён «Спідолу», якая заўсёды стаяла на ягоным сейфе. У пакоі ледзь чутна загучаў старадаўні вальс.
Музыку люблю. Нават да экзаменаў рыхтаваўся, не выключаючы магнітафон. Пад прыцішаную музыку мая галава лепш кеміць. Я так і адказаў.
Сяргей Антонавіч чмыхнуў. Падышоў да дзвярэй і пстрыкнуў замком. Значыць, размова мелася быць няпростай. Я глядзеў і думаў: наўрад ці хто незнаёмы, сустрэўшы Сяргея Антонавіча ў простым цывільным касцюме на вуліцы, скажа, што ён адзін з лепшых вышукнікоў у вобласці. Сярэдняга росту, хударлявы, нават кволы з выгляду. Паглядвае добразычліва. Спагадліва. А за ўсім гэтым — жалезны характар і трэніраванае цела.
Сеўшы ў крэсла з боку стала, Сяргей Антонавіч паклаў рукі на калені і, прыжмурыўшыся, нібы прыкідваў, зразумею яго ці не, раздумліва сказаў:
— Навошта Лебедзеў перадаваў Папроцкаму чамаданчык?.. Глупства…