— Любіць, каб яму прыслужвалі. Аднак мяне непакоіць тут іншае: выходзіць, Лебедзеў таксама ведаў, што Руслан прыйдзе ў сталовую, а гэта не такая ўжо вялікая падзея.
— Так-то яно так…
— Руслан болей па мяса не хадзіў. Або напалохаўся, або не прапаноўвалі.
— Во! — ажывіўся Пугацэвіч.— Не прапаноўвалі. А чаму тады прапанавалі і час дакладна вызначылі! Мецэнаты? — I нечакана для мяне накіраваў думку па іншым напрамку: — Куды падзеліся рэчы з кватэры Філімонавых?
— Вы ўпэўнены, што рэчы там былі?
Я разумеў, што Сяргей Антонавіч мысліць па-свойму, што ад яго можна чакаць самай неверагоднай здагадкі, але гэта яго дапушчэнне мне здавалася занадта смелым. Яно магло ўвесці нас далёка ад праўды — нішто, акрамя званка Зубрэя Лебедзеву і сцёртага пылу на антрэсолях, не падмацоўвала версію.
Нават памытая падлога ў кухні і калідоры. Лебедзеў, маючы чаго апасацца, пастараўся б не прыцягваць увагу сваімі слядамі ў кватэры Філімонавых. Прайшоўся б анучай і далей. Хутчэй за ўсё наогул не хацеў, каб мы ведалі, што ён бываў у гэтым доме. Ланцужок: Валя — я — вышук наўрад ці прыходзіў яму ў галаву.
— Быў бы ўпэўнены, прасіў бы дазволу на вобыск. Я хачу пакуль з тваёй дапамогай дакапацца да ісціны. Помніш размову Папроцкага з Лебедзевым?
— Руслан быццам прасіў Лебедзева нешта забраць, бо пра гэта «нешта» бацька яго пытаўся.
— Руслан не скардзіўся на бацькоў?
— Было. Маўляў, дыхнуць не даюць: дзе быў, з кім, што рабіў? Відаць, баяцца за сына, ведаюць яго няўстойлівасць.
— Та-ак,— чымсьці гэта Сяргею Антонавічу не спадабалася.— Кажаш, Папроцкі-бацька патрабаваў, каб сын чужы «дыпламат» вярнуў?
— Напэўна. Хаця ручацца не буду, можа, не так зразумеў, гаварылі мімаходам.
— Але тады іншага не павінна было быць, і гэта мяне бянтэжыць,— сказаў Сяргей Антонавіч,— не ўпісваецца ў прыдуманую мной схему.
— Растлумачце нарэшце,— узмаліўся я,— мне лебедзеўскіх загадак па горла.— Для пэўнасці я правёў рабром далоні пад самым падбародкам.
— А гэта таксама яго загадка,— усміхнуўся Пугацэвіч.— Асабліва блізкіх дружбакоў, якім бы твой Сэм давяраў, у яго, калі ты не памыляешся, няма. Больш-менш надзейны — Руслан Папроцкі.
— Ну, пра надзейнасць гаварыць нельга. Руслан баязлівец,— запярэчыў я.
— Дзе ўзяць лепшага — адно. Другое — Папроцкага ўжо дапытвалі, ведаем, што ў яго былі рэчы Лебедзева і што ён іх аддаў гаспадару. Значыць…— Я затаіў дыханне. Надта неверагоднай і разам з тым слушнай здалася мне здагадка, якую мой непасрэдны начальнік не спяшаўся выказаць. Калі ён не памыляўся, гэта вырашала многае.
Пугацэвіч устаў, ён любіў думаць на хаду.
Кабінет не быў пляцам для маршыроўкі, і Сяргей Антонавіч абмінаў стол, крэслы, мае скурчаныя пад сядзеннем доўгія ногі, раз-пораз паглядваў на мяне. Нарэшце прамовіў:
— Гаварыў з Русланам, а што ён за чалавек — дакладна сказаць не магу.
— I я з ім пуд солі не з’еў. Мазгі, як кажуць, на баку, гэта праўда. Аднак, Сяргей Антонавіч, калі вы або Акулік папытаеце ў лоб — доўга выкручвацца не здолее. Не той характар. Думаю, за адзін свой волас чужую галаву з шапкай валасоў не пашкадуе, аддасць.
— Вобразна, вобразна,— не то пахваліў, не то папракнуў капітан. Спыніўся перад акном, не паварочваючыся, дадаў: — Табе парада: будзеш пісаць якія справаздачы ці даведкі, выказвайся прасцей. Начальства любіць сцісласць і канкрэтнасць.
— Сяргей Антонавіч, Сяргей Антонавіч,— засмяяўся я,— вас зараз зусім не гэта хвалюе. Выклікайце Папроцкага Руслана. Можа, потым без пракурора абыдземся.
— Ухапіў ідэю? — Пугацэвіч павярнуўся да мяне, адабральна чмыхнуў.— Будзе па-твойму!
Ён не паспеў пазваніць, як пачуўся нецярплівы стук у дзверы. Пугацэвіч паморшчыўся.
— Адамкні.
У кабінет уварваўся Вячаслаў.
— Пажар? — Сяргей Антонавіч зняў руку з тэлефона.
— У нас, таварыш капітан!
Калі оперупаўнаважаны Шульжык пачынае гаварыць як на афіцыйным прыёме, справа найчасцей сапраўды кепская. Што ён такога надыбаў у Мінску?
— 3 Самсонавым — пустышка! — выпаліў Вячаслаў.
Пугацэвіч спахмурнеў. А я, сорам прызнацца, узрадаваўся. Адным злодзеем, можа, у нашым выпадку будзе меней. Хаця праз імгненне я ўжо засумняваўся. У нашым выпадку, дапускаю, Алег пройдзе бокам. А наогул? Сумленна на п’янкі-гулянкі ды каштоўныя падарункі Люсьцы-індыянцы грошай не набярэш.
— Сарвіра, кажа, завязаў з былым,— расказваў Вячаслаў.— У нас хацеў нібыта пляменнікам імпартную мэблю купіць. Нехта, не назваў хто, звёў яго з Самсонавым.
— Здзелка адбылася? 3 камісіённымі, вядома? — Пугацэвіч ужо ачуняў ад нечаканага ўдару па яго меркаванню. Вярнуўся да свайго стала.
— Сарвіра мужык хітры, увішны. Распілі, сказаў, з Самсонавым бутэльку, і ўсё. Я не стаў яго лавіць на мане, у нашым рэстаране ён з Самсонавым толькі парай слоў перакінуўся.
— А як было ў Мінску, мы не ведаем,— астудзіў Шульжыка Сяргей Антонавіч.— Адно ясна — абодва жулікі. Пра футра Сарвіра мог і прамаўчаць. I з мэбляй не ўсё сыходзіцца, у Мінску яе выбар не меншы, а такі стары прайдзісвет і там сувязі, напэўна, мае. Можа быць так, што мэбля толькі зачэпка для сустрэч.
— Абое рабое…— усміхнуўся Шульжык.