— Згодзен з вамі, Сяргей Антонавіч,— я пагасіў ужо ў сабе тую радасць, якая з’явілася ад Вячаслававага паведамлення, адчуўшы, што яна дачасная.— Самсонаў мог сунуцца да гэтага барыгі з футрам. А той — або памеры здзелкі былі не яго маштабу, або, маючы немалы крымінальны стаж, раскусіў дылетанта і пабаяўся звязвацца. Гэта магло прымусіць Лебедзева з Самсонавым ехаць у Мінск і шукаць іншы канал збыту — і футра, і астатніх крадзеных рэчаў.
— Змрок, Вячаслаў, змрок,— Сяргей Антонавіч, відаць, прыняў маю версію.— Ніводнага агеньчыка. Як, Павел, назваў Лебедзеў Самсонава — купец? Купец… Людміла жыве асобна ад бацькоў?
— Да яе крадзенае не панясуць. Лебедзеў прынцэсу Люську не вельмі шануе. Гэта дамачка можа накласці на рэчы сваю наманікюраную лапку.
— Застаецца Папроцкі? — Пугацэвіч нібы раіўся са мной.
— Увогуле яго на адну дошку з Лебедзевым ці Грыгаровічам я не паставіў бы. Аднак, калі Лебедзеў не скажа, што рэчы крадзеныя, ён, нават здагадваючыся пра ўсё, возьме. Хлопец без прынцыпаў.
— Званю! — Запрасіўшы Руслана зайсці пасля працы ў крымінальны вышук, Пугацэвіч сказаў: — Раскрыем Вячаславу свой ход, каб новай асечкі не здарылася, як з кватэрай Філімонавых.
Шульжык збянтэжыўся — хацеў, мабыць, апраўдвацца, але прамаўчаў. Зразумеў, што Сяргей Антонавіч яго не папракаў. Тут была наша агульная памылка.
— Мы з Паўлам надумалі,— Сяргей Антонавіч гаварыў павольна, быццам яшчэ раз прыкідваў, ці не памыляецца, бо сама ідэя, што частку рэчаў, украдзеных на Падлеснай, Лебедзеў трымаў на кватэры ў Філімонавых, была ўсё-такі ягоная — я тут прышый-прысцябай.— Папярэджаны Зубрэем, Лебедзеў вымушаны быў забраць іх адтуль. Куды дзеў? Магчыма, папрасіў Папроцкага патрымаць невялікі чамаданчык дзень-другі. Гэта яму ўяўляецца бяспечным — у Папроцкага пыталі пра «дыпламат» Лебедзева і больш, думае, пытаць не будуць.
— А рэчы Канапацкіх? — Шульжык не пагадзіўся з такім вывадам.— Чаму б Лебедзеву не далучыць рэчы з Падлеснай да іх? Або занесці ў камеру захоўвання на вакзал?
— Пакуль мы толькі гадаем,— развёў рукамі капітан і нарэшце апусціўся ў крэсла за сваім сталом.— Лебедзеў, як кажа Павел, абачлівы, асцярожны і абы з кім не будзе... Вядома, каб панаглядалі за ім, то, бадай, хутчэй бы выявілі схованку крадзенага. Але гэта, самі ведаеце, не проста.
— Не тое злачынства,— з крыўдай зазначыў Шульжык.— Начальнік аддзела першы адмовіць, не кажучы ўжо аб пракурору.
— І злачынства не тое, каб падключаць новых людзей, і час спатрэбіцца,— пагадзіўся з ім Сяргей Антонавіч.— Так што мусім вынайсці іншы ход. А рэчы Канапацкіх… Мне здаецца, яны ў Лебедзева дома.
Мы з Вячаславам пераглянуліся. Больш выхаваны на пытаннях субардынацыі, Шульжык прамаўчаў, а я заспрачаўся:
— Занадта катэгарычна, Сяргей Антонавіч. Аднак калі вы ўпэўнены, то чаму б не папрасіць санкцыю на вобыск?
Пугацэвіч усміхнуўся:
— Спачатку трэба злавіць за руку. А пакуль…— Ён хітра паглядзеў на нас.— Пагутарым з Папроцкім Русланам. Прымаецца? То, Вячаслаў, папільнуй ля дома Папроцкіх. Раптам Руслан папярэдзіць Лебедзева, і той прыйдзе па чамаданчык. А ты, Павел, знікні. Не трэба, каб хлопец цябе бачыў, ты для яго яшчэ міліцыянер у абстракцыі. Усё!
23
Голас Пугацэвіча, калі ён выпраўляў сваіх маладых калег, гучаў бадзёра. Але каб яны ведалі, што ў яго на сэрцы, як кажуць, кошкі скрабуць, напэўна, затрымаліся б, абмеркавалі б і іншыя магчымыя варыянты. Хай і тыя ж самыя, якія ён пракруціў ужо сам сабе некалькі разоў. Адкуль ім ведаць пра гэта? А яму патрэбна нешта новае. Гарбаценка, праўда, дадаў да яго плана некаторыя дэталі. Яны, вядома, згадзяцца. Але Пугацэвіча абнадзейвала іншае. Тое, што Гарбаценка прыняў яго меркаванні, сведчыла на карысць плана. Значыць, ён, Пугацэвіч, ідзе па правільным шляху. А калі і не, то часу на новую прыкідку ўжо няма: вось-вось з’явіцца Папроцкі. Доказаў супраць яго няма, адна інтуіцыя. Унюхае Руслан гэта, і пішы, што чарговая версія прапала. Бо на грамадзянскае сумленне гэтага хлопца разлічваць цяжка.
Засяродзіцца перад нялёгкай гаворкай Сяргею Антонавічу не ўдалося. Былі тэлефонныя званкі, былі наведвальнікі.
Папроцкі прыйшоў, калі Пугацэвіч заканчваў тэрміновую нечарговую даведку.
— Сядайце, калі ласка,— капітан паказаў на крэсла насупраць сябе,— вось толькі дапішу…
Ён пісаў і непрыкметна сачыў за Русланам. Хлопец паводзіў сябе натуральна: быў не вельмі задаволены, але, бадай, і не хваляваўся. Напэўна, пасля мінулага допыту пракансультаваўся і цяпер ведае, што за куплены з чорнага ходу ў сталовай дэфіцыт яму нічога не пагражае. Як выпадковы кліент, хутчэй за ўсё нават у сведкі на судзе над махлярамі, калі ён адбудзецца, не пападзе. Іншае ж Руслана не турбавала. Тым лепш, можна пачынаць здалёк.
— Як жыццё-быццё, Руслан Аляксеевіч?
— Больш па мяса не хаджу,— ён не прыняў дружалюбны тон старшага оперупаўнаважанага.
— Ну-у, у магазін, як усе, хадзіць не забараняецца і бацькам памагчы не грэх,— усміхнуўся Пугацэвіч. Насцярожанасць, якая скоўвала хлопца, трэба было зняць.