— Той сам не возьме. Вучоны.
— Момант,— Сяргей Антонавіч схапіў тэлефонную кнігу, знайшоў патрэбны нумар.— Аддзел кадраў? Дзень добры, таварыш начальнік. Пугацэвіч з крымінальнага вышуку. Усё тое ж. Ці нельга маленькую даведачку? У якую змену заўчора працаваў Грыгаровіч? Дзякую. Пачакаю ля тэлефона.
Сяргей Антонавіч па-змоўніцку падміргнуў Паўлу і адставіў ад вуха трубку. Апарат быў новы, адладжаны, і было добра чуваць, як на тым канцы проваду начальнік аддзела кадраў па ўнутранай сувязі размаўляе з інструментальным цэхам. Павел раптам захваляваўся, што вось у наступны момант начальнік скончыць перагаворы з цэхам і скажа ім зусім не тое, на што яны з капітанам спадзяюцца.
Напэўна, мінула не больш хвіліны, як у мембране выразна пачуўся ўпэўнены бас, і да Паўла данеслася:
— Грыгаровіч…
Далейшага ён не разабраў, Пугацэвіч таропка прыціснуў трубку да вуха. Выслухаўшы, усміхнуўся:
— І ў яго алібі, працаваў у другой змене, да дваццаці чатырох гадзін.
— Штукары,— і Павел таксама не стрымаў усмешку.— Сяргей Антонавіч, у яго было не багата часу на пошукі іншага сховішча.
— А ён пры гэтым, як ты кажаш, недаверлівы. Што вынікае? — I сам адказаў: — Да абы-каго не сунецца. Да Самсонава? Там Людміла, так? Сабе дамоў? Пакуль Лебедзеў вернецца…
— Можа. Нават напэўна, Сяргей Антонавіч, маці ў яго не пікне. Дый даўно перастала звяртаць увагу на тое, што робіць і чым займаецца сын.
— Вось бачыш. Учора аднёс, сёння з раніцы перахаваў.
— Мы ж прынялі яго падазронасць да ўсіх, не будзем пакуль ад гэтага адмаўляцца.
— Згодзен,— Пугацэвіч прысеў на край крэсла.— Што мы маем, каб ставіць пытанне пра вобыск? — Ён і сам добра ведаў, што ёсць, а чаго няма. Але не лішне было праверыць сябе.— Адной нашай з табой здагадлівасці мала.
— Да Папроцкага прыходзіў з чамаданчыкам, выкарыстоўваў чужы пропуск ёсць жа паказанні Карповіча…
— Не густа,— Пугацэвіч пачухаў патыліцу.
— Усё роўна, Сяргей Антонавіч, трэба спяшацца. А то Лебедзеў вынайдзе яшчэ што.
— Добра,— нарэшце рашыўся капітан.— Дададзім яшчэ адну маю здагадку: украдзеныя ў Канапацкіх рэчы спачатку заносілі да Грыгаровіча, што-небудзь магло застацца — не заўважылі потым якую дробязь. Іду да Пятра Пятровіча.
Падпалкоўнік Янушкевіч быў не такі эмацыянальны, як яго падначаленыя: мелі значэнне і ўзрост, і пасада, і адказнасць, якую няма на чые плечы перакладваць. Выслухаўшы Пугацэвіча, крыху падумаў і сказаў:
— Акуліка, мабыць, ужо ўгаварыў?
— У нас са следчым — адзінства.
— Не баішся застацца з доўгім носам?
— Пётр Пятровіч,— капітан загарачыўся, што здаралася з ім не часта, у асноўным тады, калі самога нешта грызла.— Тут, здаецца, усё абгрунтавана.
— Іменна, што здаецца,— Янушкевіч разгладзіў коратка падстрыжаныя вусы.— Ты не мне — пракурору будзеш даводзіць. А ён ведаеш што параіць? Тое ж, што і я зараз скажу: паназірайце за Грыгаровічам. Акрамя дома ў яго была яшчэ камера захоўвання на чыгуначным вакзале. Ад Папроцкіх на завод міма вакзала якраз ісці. Вернецца Лебедзеў, і яны абавязкова сябе нечым выдадуць.
— Калі ў камеры захоўвання — так,— не згадзіўся Сяргей Антонавіч.— А калі дома, толькі лішне будзем тузацца.
— Тады Грыгаровіч або адразу прывядзе Лебедзева да сябе, або панясе рэчы туды, куды ён загадае. Паглядзім, як разгорнуцца падзеі. Можа, я і падтрымаю вас.— Янушкевіч зноў пагладзіў вусы — верны прызнак няўпэўненасці, ваганняў.
Гэта супакоіла Пугацэвіча. Ён дзелавіта паабяцаў:
— Зробім, Пётр Пятровіч.
— Куды вы дзенецеся,— усміхнуўся падпалкоўнік, хаця было бачна, што і яго затрымка не радуе.
24
А сёмай гадзіне дыспетчар цэха паклікала Грыгаровіча да тэлефона. Шульжык зразумеў, што яго нуднае чаканне нарэшце скончылася. Разам з эканамістам, членам штаба заводскай народнай дружыны, яны больш не будуць рабіць выгляд, нібыта хранаметруюць у цэху вытворчыя працэсы.
Размаўляў Грыгаровіч не доўга. Пагаварыўшы, крыху пакруціўся ля майстра, а тады скіраваў у раздзявалку. Шульжык туды не пайшоў, хаця і рызыкаваў упусціць хлопца — у яго мог быць на прыкмеце чый-небудзь яшчэ пропуск. Аднак усё абышлося. Праз якую хвіліну Грыгаровіч вярнуўся разгублены. За працу не браўся. Пасоўваўся туды-сюды, пашукаў некага вачамі.
Вячаслаў параіў свайму добраахвотнаму памочніку на ўсякі выпадак пайсці ў канторку начальніка цэха. I сапраўды, неўзабаве Грыгаровіч таксама накіраваўся туды. Ён папрасіў дазволу на выхад з завода да канца змены.
Пакуль Грыгаровіч пераапранаўся, Шульжык пазваніў Пугацэвічу. Падзеі развіваліся так, як і меркавалі вышукнікі, але Сяргей Антонавіч не ўтрымаўся, каб не напомніць Вячаславу:
— Твой клопат — Грыгаровіч. Што б ні адбылося, з кім бы ён ні сустрэўся, вядзі яго да канца. Астатняе зробяць таварышы.