Лебедзеў чакаў дружка ў скверыку насупраць заводскай прахадной. Грыгаровіч падсеў да яго на лаўку. Размова спачатку выдавала спакойнай, потым Федзя загарачыўся — замахаў рукамі, відаць, намагаючыся пераканаць дружка. Сямён не перабіваў і толькі вадзіў галавой, як не верачы або асуджаючы. Не даслухаўшы, устаў і пайшоў цераз асфальтаваную пешаходную дарогу да блакітнай будкі тэлефона-аўтамата. Грыгаровіч пасунуўся следам, усё гэтак жа размахваючы рукамі. Сямён не слухаў. Ён зайшоў у кабіну і моцна грукнуў дзвярамі. Шкляныя шыбкі дзынкнулі, як не павысыпаліся. Шульжык усміхнуўся.
Тым часам Сямён перагаварыў з кімсьці, і яны з Грыгаровічам павольна, як прагульваючыся, пайшлі па доўгай ліпавай алеі ў бок праспекта. Спыніліся на аўтобусна-тралейбусным прыпынку. Вячаслаў прыстроіўся непадалёк, быццам таксама збіраўся ехаць, балазе і ў гэту пару тут было людна. Аднак ён не вельмі ўважліва чытаў дакладныя Гарбаценкі і выпусціў з-пад увагі, што Сямён грамадскім транспартам не карыстаецца. Не паспеў Вячаслаў скеміць, што да чаго, як яго падапечныя ўжо сядзелі ў нейкім прыватным «Масквічы», а яшчэ праз імгненне машына, як здзекваючыся, мігнула чырвоным агеньчыкам і пакаціла па ажыўленай магістралі. Ён нават нумар не разгледзеў. Засланіў мітуслівы людскі натоўп.
Апамятаўшыся, Шульжык кінуўся лавіць машыну. Ды не было ў яго вопыту ці прадстаўнічасці для гэтага — і прыватныя, і таксі нават з зялёнымі агеньчыкамі праносіліся міма. Вячаслаў плюнуў ад прыкрасці і пабег да тэлефона.
— Упусціў? — перапытаў Пугацэвіч. Вячаслаў чакаў вымовы, а капітан, адчувалася, быў спакойны.— Садзіся ў трэці тралейбус і едзь у «Дняпро». Ты ў цэху не намазоліў вочы Грыгаровічу? Не? Ну, то заадно і павячэраеш. Адбой яшчэ не хутка.
Шульжык не рызыкнуў спытаць, адкуль капітан ведае пра яго прамашку. Але пасля размовы з ім на душы стала трохі лягчэй. Значыць, таварышы прадбачылі і такі паварот справы, былі гатовыя да яго. Павесялелы, ён паехаў у рэстаран.
Тралейбус спыняўся ля кожнага светафора, доўга стаяў на прыпынках. I калі Шульжык прыехаў, Лебедзеў з Грыгаровічам ужо балявалі — на іх стале было і пітво, і закусь. Толькі стол дастаўся ім выпадковы, не на зручным месцы — на праходзе. Калі граў аркестр, побач таўкліся танцоры. Аднак зараз музыкантаў на эстрадзе не было, і па зале плыў прыглушаны шум.
Шульжык, выбіраючы дзе лацвей прыстроіцца, агледзеў залу. Лейтэнант з райаддзела сумаваў непадалёк ад Лебедзева, а яго спадарожніца, вясёлая дзяўчына, зыркаючы па баках, грызла вялікі чырвоны яблык.
Два свабодныя крэслы былі ў Лебедзева і Грыгаровіча. Вячаслаў падумаў, што было б цікава падсесці да іх. Не рашыўся. Не пусцяць, а ўвагу прыцягнеш, і, можа, тады Федзька пазнае — мог жа мяльком бачыць на заводзе. Трэба шукаць іншае выйсце. I тут яму нарэшце пашчасціла, нібы лёс зжаліўся і, накарміўшы-напаіўшы нейкага камандзіраванага, павёў таго да дзвярэй у гасцініцу.
Афіцыянтка не паспела прыбраць посуд, як Шульжык ужо сядзеў у ягоным крэсле. Яна насмешліва ўсміхнулася, але нічога не сказала. Вячаслаў з палёгкай уздыхнуў і тады раптам заўважыў, што яго папярэднік спыніўся, азірнуўся. Баючыся, каб той часам не перадумаў, Вячаслаў злосна глянуў на яго і прыкусіў губу. Ніякі гэта не быў камандзіраваны — крэсла побач з Лебедзевым і Грыгаровічам перадаў яму аператыўнік з іх аддзела, навічок, выпускнік школы міліцыі. Аказваецца, Пугацэвіч і тут паклапаціўся, не надта спадзеючыся на здольнасці свайго падначаленага. Шульжыку стала крыўдна. I іншым разам ён, напэўна, даў бы разгарэцца сваёй крыўдзе, падагрэў бы яе. Аднак зараз было не да таго. Ён мусіў глядзець і глядзець, бо да суседняга стала падыходзіла высокая дзяўчына. Вячаслаў пазнаў Ніну Шумейка.
— Прыбыла!
Сямён сказаў гэта гучна, як здалося Шульжыку, нават грозна.
— Можа, перш «добры вечар» дасі? — Дзяўчына спрабавала прытушыць грубасць свайго каханага.— Ну і прыехала, ну і што? Што мне два дні нудзіцца ў гасцініцы! — Хлопцы маўчалі, і яна як пасмялела: — Заўтра субота, ды табе, Сэм, што субота, што панядзелак,— яна махнула рукой, схапіла меню.
— Э-э,— Грыгаровіч хмыкнуў.— У панядзелак галава больш баліць.
— Як бы вы дні адрознівалі? — з’едліва сказала дзяўчына і павярнулася да афіцыянткі, якая ўжо была побач, тыцнула пальцам у меню: — Вось гэта, гэта і гэта.
Шульжык употай разглядваў Ніну-Вялеську і не мог пагадзіцца з Гарбаценкам. Не такой ужо авечкай трымалася яна са сваім Сэмам.
Да Вячаслава афіцыянтка не спяшалася, і ён нервова пастукаў, перастаўляючы з месца на месца бакал і келіх, пакруціўся ў крэсле. Заданне заданнем, аднак есці таксама хацелася. Заказ у яго прынялі тады, калі Вялеська ўжо дапівала каву. Ні віна, ні гарэлкі ёй чамусьці не прапанавалі. У бакал Сямён наліў мінеральнай, сказаўшы: «Потым».