На правераным у камеры захоўвання чамаданчыку былі выяўлены адбіткі пальцаў Шумейка — хапалася абедзвюма рукамі. Не папярэдзіў Лебедзеў, не прадбачыў яе ініцыятывы. Грыгаровіч поводзіў сябе больш асцярожна. Вымушаны несці чамадан па вуліцы без пальчатак — не зіма ж, ён потым выціраў яго. Аднак усё роўна пакінуў знак аб сабе на чорным бліскучым дэрмаціне.
— Супраць гэтага не папруць,— сказаў Акулік.— Затрымліваем Грыгаровіча? Цяпер пракурор санкцыю дасць.— Ён не настойваў на такім рашэнні, не хацеў звязваць рукі Пугацэвічу — давяраў яго вопыту і дапускаў, што ў старшага оперупаўнаважанага і зараз можа быць нейкая іншая неардынарная і слушная думка.
А Сяргей Антонавіч вагаўся. Напэўна, і Ніна Шумейка, і Грыгаровіч пакажуць на Лебедзева. Кражу на Падлеснай такім чынам удалося б раскрыць. Ды была яшчэ кража ў Канапацкіх, якую без доказаў ні Лебедзеў, ні астатнія хутчэй за ўсё не прызнаюць. Нават калі Святлана Макоўчык не стане выгароджваць брата. Трэба нешта больш канкрэтнае. Сяргей Антонавіч памасіраваў скроні — усё-такі пасля бяссоннай ночы галава была цяжкай.
— Не хоча варыць кацялок? — паспачуваў Акулік.— У мяне таксама галава гудзіць.
— Кавы б зараз, моцнай, чорнай,— прамовіў Сяргей Антонавіч.
— Цяпер я ведаю, чаму ў Гарбаценкі ўсё ладзілася,— засмяяўся Акулік.— Каву смактаў.
— Пераб’емся,— Пугацэвіч асядлаў крэсла, паклаў падбародак на спінку, нібы галава не магла трымацца сама на стомленай шыі.— Давай зробім так… Федзьку пакуль не будзем турбаваць. Хай трохі асмялеюць. Бо Федзька — наравісты, упрэцца — не зрушыш. Ніна-Вялеська слабейшая. I ёй у камандзіроўку трэба вяртацца. Яе адсутнасць будзе натуральнай для Лебедзева. Пагаворым з дзяўчынай, а там будзе відаць.
— Стандартны ход. Выдумай што мудрэйшае.
Пугацэвіч ускінуў вочы на сябра, прыжмурыўся.
— Ага, ёсць ідэя? — здагадаўся Вадзім.
— Калі Шумейка прызнаецца пра Канапацкіх…— ён памарудзіў, правяраючы сябе.— Дык вось, калі прызнаецца, а так яно, напэўна, і будзе, не зусім прапашчая ж… звернемся да Лебедзева-старэйшага!
— 3 чым?
— Раскажам усё як ёсць. Ну, можа, не ўсё, а тое, што яго датычыць. Я чамусьці ўпэўнены, што рэчы Канапацкіх Сямён хавае дома. У яго асобны пакой, куды ён нікога не пускае.
— Што далей?
— Бацька — чалавек сумленны, прамы. Папросім, каб паглядзеў у сына. Чужыя рэчы ён выдасць, не сумняваюся.
— Шчыра кажучы, я не ў захапленні, Сяргей. Ды самі мы з табой гэтага не вырашым. А паказанняў Шумейка хопіць і для афіцыйнага вобыску.
— Вядома,— Пугацэвіч падняўся. Ён ужо не адчуваў бяссоннай ночы. Цела было зноў як наліта, кожны мускул напружаны.— На тое ёсць кіраўніцтва, параімся. Але пазней. Зараз важна не ўпусціць Ніну.
— Дзейнічай,— дазволіў Акулік.— Сам і дапытаеш…
Пугацэвіч пераняў Ніну на аўтастанцыі, калі яна збіралася браць білет на аўтобус.
— Хвіліначку, Ніна Іванаўна,— затрымаў ён руку дзяўчыны з грашыма.
Яна азірнулася, не пазнаўшы Пугацэвіча, здзіўлена нахмурылася:
— Хто вы?
— Забыліся? Помніце, я быў у вас дома. Старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Пугацэвіч Сяргей Антонавіч. Давайце адыдзем, тут людна.
— Што вам трэба? — Яна крыху перамянілася з твару, вочы бездапаможна забегалі.— Вы заўсёды так падыходзіце да дзяўчат? — Яна усё яшчэ спадзявалася, што менавіта яе жаночыя вартасці сталі прычынай гэтай сустрэчы, і міжволі павысіла голас. А шчокі ўсё болей і болей бялелі, і ўжо не памагаў нават густы штучны румянец.
— Ніна Іванаўна,— суняў дзяўчыну Пугацэвіч,— на нас звяртаюць увагу. Адыдзем!
Шумейка падпарадкавалася. Яе яшчэ імгненне назад стройная пастава зараз нібы асела, пашырэла. Не задаючы больш пытанняў, Ніна пайшла з капітанам да машыны, цярпліва счакала, пакуль ён адчыніць дзверцы, і гэтак жа моўчкі забралася ў салон. Сяргей Антонавіч сеў побач.
Ва ўпраўленні Пугацэвіч прывёў Ніну ў свой кабінет, прапанаваў крэсла. Яна паслухмяна села, паглядзела нарэшце прама на капітана.
— Што здарылася? — Дзяўчына быццам бы паспакайнела ўжо, на твар вярнуўся ранейшы касметычны колер, і толькі голас, дрыготкі, глухаваты, выдаваў хваляванне.
Сяргей Антонавіч прысеў на крэсла побач са сталом — не хацеў пакуль быць афіцыйным, спытаў:
— Вы нічога не маеце нам сказаць? — Зрэшты, ён мог не задаваць такога пытання, ён не прызнаваў шчырасці пасля таго, як цябе даставілі ў міліцыю. Яна не многа каштуе. Колькі канкрэтна — напіша потым следчы Акулік у абвінаваўчым заключэнні, вызначыць у прыгаворы суд. Пытаючы, Сяргей Антонавіч не думаў пра апошні шанц для Ніны праявіць пробліскі свядомасці. Яму проста трэба было ўстанавіць — стане разбэшчаная Шумейка памочніцай дазнання або давядзецца шукаць іншых подступаў да Лебедзева.— Спадзяюся, здагадваецеся, што запрасілі вас зусім не для прыемнай размовы.
— Я нічога не знаю…
Ад таго самаўпэўненага ганарыстага выгляду, які Ніна мела на аўтастанцыі, не засталося і знаку. Пугацэвіч з апаскай паглядзеў на дзяўчыну — раптам расплачацца, супакойвай тады, мітусіся, выказвай, адным словам, гуманнасць. Добра, калі слёзы ад адчаю, роспачы, а не ад разгубленасці, жадання выйграць час. Бо бывае і так.