— Паверыў бы, Ніна Іванаўна, каб пра кражу не я нагадаў, а вы пра яе самі сказалі.— Пугацэвічу раптам стала брыдка. Сумленнасцю ў Нініных адказах не пахла. I ён перастаў яе шкадаваць.— Ёсць такі тэрмін — саўдзельнік. Так што давайце без выкрутасаў. Што вам вядома пра кражу на Падлеснай?
Наўрад ці Лебедзеў з Грыгаровічам дзяліліся дэталямі свайго злачынства, Сяргей Антонавіч на гэта не спадзяваўся. Але кожны факт і нават факцік дапамогуць наступным дзеянням вышуку, следства.
Ён не памыліўся. Пра кражу на Падлеснай вуліцы Ніна ведала збольшага.
Пакончыўшы з Падлеснай, Пугацэвіч мог пераходзіць да наступнага. Момант, напэўна, быў удалы. Перакананая, што міліцыя ўсё ведае, Шумейка, можа, прызнае і сваё дачыненне да кражы ў Канапацкіх. Аднак Сяргей Антонавіч цягнуў з галоўным пытаннем. Ніна была штучка. Напачатку ледзь не выкруцілася — выдумку, што пажартавала, давялося б прыняць як праўду, каб выпадкова не прагаварылася. Дзе гарантыя, што ў яе няма ў запасе яшчэ чаго-небудзь? Пакуль ён прыкідваў «за» і «супраць», Шумейка зноў занервавалася.
— Я спазнюся! — патрабавальна нагадала яна.
Тое, што Шумейка прызнала ўжо, яшчэ не давала сур’ёзных падстаў затрымліваць яе. Пракурор у лепшым выпадку прапануе ўзяць падпіску аб нявыездзе. Увогуле і сам Пугацэвіч не думаў, што дзяўчыну трэба накіроўваць у следчы ізалятар. Расследаванню яна перашкодзіць не зможа, дык хай пакуль пасядзіць дома.
— Ніна Іванаўна,— паківаў галавой Пугацэвіч,— баюся, што вяртанне ў раён давядзецца адкласці. На колькі — пастараемся зараз высветліць.
Сяргей Антонавіч чакаў, што пасля гэтых слоў Шумейка разгубіцца, занепакоіцца. Яна ж пакрыўджана надзьмулася, нібы не было за ёй ніякай віны.
— Перахаваўшы рэчы, нават жартам, вы пэўным чынам далучыліся да тых, хто іх туды паклаў. Бо ведалі, што рэчы крадзеныя. А гэта падпадае пад адпаведны артыкул крымінальнага кодэкса. Не,— прыпыніў дзяўчыну Пугацэвіч,— я не палохаю, я толькі тлумачу становішча, у якім вы апынуліся.
— Мне трэба было заявіць на сваіх сяброў? Так, па-вашаму?
Пытанне ўразіла Сяргея Антонавіча. Ён глядзеў на дзяўчыну і не мог вырашыць, што гэта: хітрасць або не інфантыльнасць, так званая дзіцячая непасрэднасць, замаруджанае развіццё? Для дваццаці чатырох гадоў і вышэйшай адукацыі, ды яшчэ прафесійнага рэвізора, бяздумнасць, бадай, выключалася. Значыць, прыкідваецца немаўляткам? Хітруноў Сяргей Антонавіч не любіў, асабліва калі яны сядзелі ў яго кабінеце па той бок стала. 3 хітрунамі ён абыходзіўся больш жорстка, чым з людзьмі, якія ў бядзе апынуліся выпадкова.
— Сяброў кожны выбірае сабе сам,— больш сурова, чым раней, загаварыў капітан,— нездарма ж кажуць: скажы, хто твой друг…
— Дык што, па-вашаму, я зладзейка, так?
Даючы Ніне перакіпець, Сяргей Антонавіч палез у шуфлядку стала, пакорпаўся ў паперах, адну нават патрымаў перад вачамі і тады спытаў, быццам толькі што вычытаў пытанне:
— Адкуль вы ехалі трэцяга жніўня раніцай, у тралейбусе разам з вамі былі Грыгаровіч і…— Ён прыпыніўся. Пытанне было не надта мудрагелістае, яно было ў іх з Акулікам даўно пад рукамі. Аднак толькі цяпер магло прагучаць на поўную сілу. Паўза давала дзяўчыне яшчэ адну магчымасць быць, нарэшце, праўдзівай, хаця Пугацэвіч ужо не верыў, што яна захоча прыняць працягнутую руку. Не адчувалася ў Ніне раскаяння. Зноў перамогу святкаваў Лебедзеў, які здолеў, відаць, добра затлуміць ёй мазгі. У яе вачах Сямён хутчэй за ўсё выглядаў менавіта тым, кім выстаўляўся,— разумнейшым за іншых, больш абачлівым.
— Я не помню, што было тыдзень назад, а два месяцы…— усё ж губы яе скрывіліся, выдаючы трывогу.
— Напярэдадні ноччу абакралі сяброў вашых бацькоў, вечарам Леў Сідаравіч прыходзіў да вас дадому падзяліцца горам. Дык адкуль ехалі?
Было відаць, што дзяўчыне вельмі не хочацца адказваць. Была яна даволі цынічная, п’янкі-пагулянкі не вельмі маскіравала. Магла і зараз што-небудзь адпаведнае выдаць. Каб папярэдзіць хлусню, Сяргей Антонавіч удакладніў:
— У той дзень раніцай маці вам званіла на працу, шукала. Вы ёй сказалі, што былі ў сяброўкі. Маці, можа, паверыла. Я — праверу. Так што кажыце праўду.
— Быццам вам не ўсё роўна, дзе і з кім я сплю? — За развязнасцю Ніна хацела схаваць разгубленасць, нешта прыдумаць, каб адвесці ад сябе страшную пагрозу.
— Вы — дарослая, і я не збіраюся чытаць вам мараль. Аднак пра тую ноч мусіце сказаць. Бо калі раскажу я, будзе вам горш.
— Падумаеш…— Яна, здавалася, ужо вырашыла, што гаварыць.— Ну, не начавала дома. Загуляла ў Грыгаровіча. Ну, засталася з Сямёнам. Дык што з таго? Мы хутка пажэнімся. Задаволены?
— У асноўным,— Пугацэвіч засмуціўся — трэцім, значыць, быў Лебедзеў.
— Цяпер я магу ісці? — Ніна прыўзнялася.