— Ну, Ніна Іванаўна, тое, пра што я хацеў бы ад вас пачуць, вы ведаеце,— Сяргей Антонавіч гаварыў без націску, нават спагадліва, наўмысна не ставячы кропку над «і», пакідаючы гэта ёй самой.— Вы чалавек дарослы, можаце адрозніць, што добрае і што кепскае,— ён гаварыў і адчуваў, як расце ў ім прыкрасць.— Магу, вядома, падказаць, мне не цяжка… Толькі не веру, што вы ніколі не думалі пра такую сустрэчу з намі. Вось і ўспомніце, што гаварылі тады…
Манатонны голас капітана быццам закалыхваў, і Ніна падбадзёрылася, пасмялела. Успомніўшы, што яна жанчына, на якую заглядаюцца, усміхнулася:
— Падкажыце, таварыш следчы.
— Следчы яшчэ будзе, Ніна Іванаўна, я старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку, вы гэта ведаеце. Хаця і потым следчы ў вас папытае тое ж, што пытаю зараз я.
— Лягчэй будзе, усё-такі паўтор,— яна роблена ўздыхнула.— Дык што?
— Ну, добра,— уздыхнуў і Пугацэвіч.— Так і быць, падкажу, усё роўна пакуль без пратакола. Сямён вельмі сварыўся?
— За што? — яна спахапілася, паправілася: — На каго?
— На вас, Ніна Іванаўна, за самадзейнасць на вакзале.
— Што вы мелеце? — Яна ўспыхнула, напружылася. Перад капітанам ужо сядзела не інтэлігентная выхаваная дзяўчына, а фурыя з распэтланымі валасамі, гатовая наманікюранымі кіпцюрыкамі даказваць сваё.
Сяргей Антонавіч падумаў, што Гарбаценка даволі дакладна ацаніў яе — выбухная, не церпіць слова насуперак. Гэта і прасцей для яго, Пугацэвіча, і горш — распаліўшыся, пачне несці абы-што.
— Давайце дамовімся, грамадзянка Шумейка,— строга сказаў Пугацэвіч,— у нас грубіць не дазваляецца. Гэта — што тычыцца вас. Што да нас, то мы нічога не выдумляем. Зразумелі?
— Увогуле…— Амплітуда Нінінага настрою зноў крута скочыла ўніз, і ў вачах прамільгнуў страх. Гэта насцярожыла Пугацэвіча. Ніне баяцца не было чаго, нават тое, што яна перахавала чамаданчык, наўрад ці выклікала б крымінальную адказнасць. Але страх ёсць, і вытлумачыць яго можна або тым, што Лебедзеў запалохаў дзяўчыну, або тым, што і за ёй нешта маецца яшчэ — хто дакладна скажа, што нарабіла іх кампанія.
— Давайце і пагаворым прама, без віхляння. Слухаю вас.
— Пытайце, сама не ведаю…
Сяргей Антонавіч адчуваў, як расце ў ім раздражненне. Было вельмі проста прымусіць Шумейка сказаць праўду — адно дакладнае пытанне, і ёй не будзе куды дзявацца. Ды не, мусіш шукаць падыходы, траціць дарэмна час, і ўсё не дзеля справы, а дзеля яе, гэтай нягодніцы. Стрымліваючыся, каб не паскорыць падзеі, лагодна прамовіў:
— Здагадваецеся, Ніна-Вялеська. Паверце, шчырасць не мне, а вам патрэбна. Мабыць, чулі пра добраахвотнае прызнанне. Маўчыце? Ну што ж, потым не наракайце,— Сяргей Антонавіч усё яшчэ марудзіў, каб пазней не дакараць сябе, што не зрабіў для яе магчымае. Як бы сам ні ставіўся да шчырасці запрошаных на допыт людзей, прынятыя нормы паводзін пры дазнанні былі для яго абавязковыя. Да таго ж перад ім сядзела не закаранелая злачынка, і, калі не праявіць мудрасці і цярпення, яна ёю можа стаць.
— У чым вы мяне падазраяце? — Відаць, нерашучасць старшага оперупаўнаважанага дзяўчына прыняла за слабасць, і гэта падтрымлівала яе ўпартасць.
— Пра падазрэнні пакуль гаворкі няма. Пакуль гаворка пра неаспрэчныя факты. Ваша права прызнаваць іх ці не, хаця, папярэджваю, ад прызнання ці непрызнання ўжо нічога не зменіцца. Факты ёсць факты.— Сяргей Антонавіч міжволі загарачыўся.— Не хочаце дабром, пяройдзем на афіцыйную аснову. Следчы даручыў мне правесці, калі спатрэбіцца, допыт. А таму адказы на нашы пытанні,— ён падкрэсліў «нашы пытанні»,— будуць запратакаліраваны.
Пасля такога папярэджання Ніна павінна была абдумаць свае паводзіны і расказаць усё як ёсць. Калі толькі за ёю, акрамя ўчарашняй камеры захоўвання, нічога не было. Пугацэвіч з нечаканым для сябе хваляваннем за гэту дурніцу круціў у пальцах шарыкавую ручку. Ніна прамаўчала. Напэўна, не паверыла ў яго дасведчанасць. На дадзеным этапе — Пугацэвіч вымушаны быў прызнаць гэта — перамог Лебедзеў. Няйначай, вучыў, што ў міліцыі бяруць нашармака.
— Прыступім…— Сяргей Антонавіч запоўніў бланк допыту.
На кожнае ўстановачнае пытанне дзяўчына адказвала, перасмыкаючы плячамі. А тады наогул заявіла:
— Не надта разганяйцеся, мне на рэвізію трэба паспець.
Пугацэвіч насмешліва паглядзеў на Ніну, хацеў быў сказаць, што яна-такі нахабніца, але замест гэтага заспакоіў:
— Усё залежыць ад вас. Давайце аб справе. Навошта вы пераклалі чамаданчык з дзевятнаццатай ячэйкі ў трыццаць чацвёртую?
Вочы ў Ніны сталі вялікія-вялікія — яшчэ імгненне, здавалася, і выскачаць вонкі.
— Бачыце, не хлушу і не хлусіў. Магу нават пайсці далей: прыкладна такое пытанне вам задаваў Лебедзеў. А каб вы не адмаўлялі, скажу: на чамаданчыку хапае адбіткаў вашых пальцаў. Былі б вы ў той дзень у горадзе, западозрыў бы, што…
— Не крала я,— Ніна зразумела, што не дагаварыў капітан, пачырванела.— Не крала. Сэм папрасіў паглядзець. Што тут такога, што? — Яна ледзь не крычала.
— Ну, дапусцім, вы ўсё-такі ведалі, што там у ячэйцы і чаму. Інакш бы не перахоўвалі.
— Пажартаваць хацела…