Читаем Маска чырвонае смерці полностью

У лісце, які цяпер ляжыць перада мной, Чарлз Дыкенс, згадваючы пра маё даследаванне механізму «Барнэбі Раджа»*, напісаў: «Ці заўважылі Вы, між іншым, што Годвін* ствараў свайго «Калеба Уільямса» пачынаючы з канца? Спачатку ён уцягнуў героя ў цэлы шэраг складаных сітуацый — так атрымаўся другі том, — а пасля ў першым томе паспрабаваў патлумачыць тое, што адбылося».

Я не ўпэўнены, што Годвін рабіў усё менавіта так, — бо насамрэч тое, што ён гаворыць сам пра сябе, не зусім супадае са сцверджаннем містэра Дыкенса, аднак аўтар «Калеба Ўільямса» занадта добры творца, каб не зразумець перавагаў, якія дае выкарыстанне такога прыёму. Цалкам відавочна, што любы сюжэт, варты называцца сюжэтам, павінен быць прадуманы да самай развязкі перад тым, як будзе напісанае першае слова. Толькі пастаянна трымаючы ў галаве развязку, можна пабудаваць неабходныя прычынна-выніковыя сувязі, а пасля дэтальна распрацаваць эпізоды і асабліва стварыць атмасферу, раскрываючы сваю задуму.

Ёсць адна сутнасная памылка, якая пагражае тым, хто выбудоўвае твор звычайным чынам. Тэму падказвае альбо гісторыя, жыццёвае здарэнне, альбо, у найлепшым выпадку, аўтар імкнецца ўвесці пэўныя займальныя падзеі, каб сфармаваць фабулу, а пасля запоўніць апісаннямі, дыялогамі ці аўтарскімі заўвагамі прабелы ў фактах ці дзеяннях — прабелы, якія з кожнай старонкай могуць рабіцца ўсё больш заўважнымі.

Я звычайна пачынаю з таго, што абдумваю, якое ўражанне зробіць твор. Ніколі не забываючы пра арыгінальнасць — бо сам сябе падманвае той, хто наважваецца адмовіцца ад такога безумоўнага і простага спосабу выклікаць цікавасць, — я перш за ўсё кажу сабе: «З усёй бясконцасці ўражанняў, альбо адчуванняў, якія могуць уздзейнічаць на сэрца, розум ці (гаворачы агульнымі словамі) душу, якое менавіта я абяру гэтым разам?» Абраўшы, па-першае, новае, а па-другое, яркае ўражанне, я разважаю, ці можна яго ўзмацніць пэўным эпізодам ці інтанацыяй — банальным эпізодам і незвычайнай інтанацыяй, альбо наадварот, альбо ўзмацніць незвычайнасцю як эпізоду, так і інтанацыі, — а пасля шукаю вакол сябе (ці, хутчэй, унутры) такое спалучэнне падзеяў і інтанацыяў, якое найлепей дапаможа стварыць неабходнае ўражанне.

Я часта думаў, які цікавы артыкул мог бы напісаць любы пісьменнік, калі б ён захацеў (дакладней, калі б змог) падрабязна, крок за крокам, выкласці ўвесь працэс давядзення любога свайго твора да яго поўнай завершанасці. Ніяк не магу зразумець, чаму ніводны такі артыкул не пабачыў свет; магчыма, рэч тут хутчэй у аўтарскай пыхлівасці, чым у нейкай іншай прычыне. Большасць пісьменнікаў, асабліва паэтаў, хоча, каб людзі думалі, нібыта яны ствараюць у стане нейкага высокага вар'яцтва, з дапамогай экстатычнай інтуіцыі, а таму ажно скаланаюцца ад думкі пра тое, што нехта зможа зазірнуць за кулісы і пабачыць, як нерашуча і нясмела рухаецца думка наперад, пабачыць, што сам аўтар пачынае разумець сваю мэту толькі ў апошні момант, што бясконцыя ідэі ўвесь час адкідаюцца, бо іх немагчыма ўпісаць у агульную карціну твора, што цалкам завершаныя фантазіі ў адчаі адхіляюцца, бо іх немагчыма ўвасобіць, пабачыць, як асцярожна аўтар выбірае і сартуе, як пакутліва знішчае і дапісвае, — адным словам, пабачыць усю машынерыю, усе сакрэты змены дэкарацый, усе драбіны і схаваныя люкі, пеўневае пер'е, чырвоную фарбу і мушкі, якія ў дзевяноста дзевяці выпадках са ста ёсць рэквізітам літаратурнага histrio [103].

З другога боку, я ведаю, што аўтар, увогуле здольны аднавіць шлях, які прывёў яго да таго ці іншага выніку, — з'ява зусім не частая. Звычайна ідэі ўзнікаюць досыць хаатычна, і іх такім жа чынам разглядаюць і пасля забываюць.

Што да мяне, то мне ніколі не падабалася такая сарамлівасць, і я ў любы час лёгка магу прыгадаць, як той ці іншы мой твор быў напісаны; а з прычыны, што цікавасць да аналізу ці рэканструкцыі для мяне важнейшая за рэальную ці ўяўную цікавасць да прадмета аналізу, з майго боку не будзе ніякім парушэннем правілаў прыстойнасці, калі я прадэманструю modus operandi [104], якім быў пабудаваны адзін з маіх твораў. Я выбіраю «Крумкача», бо гэты верш найбольш вядомы. Мая мэта — давесці, што ў стварэнні гэтага твора не ўдзельнічалі ні выпадковасць, ні інтуіцыя, што праца крок за крокам рухалася да завяршэння з усёй дакладнасцю і жорсткай паслядоўнасцю — як рашэнне матэматычнай задачы.

Адкінем як безадносную да верша per se [105] тую ўмову, ці, скажам, неабходнасць, якая з самага пачатку спарадзіла намер напісаць які-небудзь верш, што задаволіў бы густы як шырокай публікі, так і крытыкаў.

Пачнем, такім чынам, з гэтага намеру.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Книга Песен
Книга Песен

Борис Гребенщиков – легенда российской рок-музыки, поэт, музыкант, художник; полстраны выросло на песнях Б. Гребенщикова, полстраны с трепетом относится к его творчеству, будоражащему и всегда радующему, пробуждающему самые светлые стороны и качества в душе любого читателя и слушателя. Они заставляют «двигаться дальше», несут духовное перерождение чуткому слушателю и читателю. Как бы это ни было сложно – благодаря песням и стихам Б. Гребенщикова становится возможным! Истинные тексты песен, опубликованные в этой книге, по разным естественно-ненаучным причинам иногда отличаются от тех, что исполнялись на концертах и даже записаны на альбомах.В книге отсутствуют тексты песен, которые еще не закончены, и песен, которые автор считает частной шуткой, не подлежащей печати.

Борис Борисович Гребенщиков , Борис Гребенщиков

Песенная поэзия / Поэзия