Читаем Мудрамер полностью

Мурашка(узнімаецца, разгублена). З чаго пачынаць?

Папсуева. Ну, хоць бы з таго, па якому прынцыпу дзейнічае гэты ваш… бязмен?

Мурашка. На мікрасхемах і паўправадніках…

Папсуева. Я не пра тое! Для яго трэба рыхтаваць спецыяльныя тэсты? Ці яшчэ што?

Мурашка. Не, тэсты не патрэбны. Паказанні апарата рэгіструюцца на спецыяльнай шкале… У працэнтах…

Папсуева. У працэнтах чаго?

Мурашка(нясмела). Працэнты паказваюць, колькі ў чалавеку дурноты…

Паўза.

Папсуева. І што? Гэта адразу відаць?

Мурашка. Ага, адразу…

Усе ашаломлена маўчаць.

Папсуева(нечакана). У вас ёсць даведка аб стане вашага здароўя?

Вяршыла(паспешліва). Ёсць-ёсць! Я правяраў… (Хуценька паправіўся.) Я глядзеў…

Паўза.

Міралюбаў(зацікаўлена). І вы можаце паказаць нам яго зараз?

Мурашка(стаўшы зусім іншым чалавекам). Вядома! (Кідаецца да чамадана і адкрывае яго.) Спачатку ён быў у мяне вельмі грувасткі. Стацыянарны… Потым я зрабіў яго партатыўным. Каб можна было карыстацца ў любых умовах… (Расказваючы ўсё гэта, імгненна разгортвае апаратуру: вымае з чамадана шкалу з вялікай чырвонай стрэлкай і ўстанаўлівае яе на тэлескапічнай штанзе, выцягвае з чамадана элегантнае складное бліскучае крэсла. Над спінкай храміраваны да сонечнага зіхацення паўабруч, падобны на той, якім абсталявана кожнае стаматалагічнае крэсла. У глыбіні сцэны ставіць два магутныя дынамікі, затым ужо вымае і вельмі асцярожна ставіць на стол перад міністрам невялікі ярка-чырвоны апарат з бліскучымі тумблерамі, кнопкамі, рычажкамі. Хуценька злучае апарат правадамі з крэслам, дынамікамі і штангай.) Вось і ўсё.

Вяршыла. Так хутка?

Мурашка. На зборку патрабуецца не больш сямі-васьмі мінут. Шмат разоў хранаметраваў.

Вяршыла(з некаторай асцярогай разглядваючы апарат). І ўсё ж мне не зусім зразумела, як ён дзейнічае?..

Мурашка(паказваючы на храміраваны паўабруч). Вось тут знаходзіцца адзін датчык…

Папсуева. Значыць, гэты рагач павінен дакрануцца да чалавечай галавы?

Мурашка. Ага. Датчык павінен увайсці ў непасрэдны кантакт з шэрым рэчывам мозгу…

Папсуева. Як гэта — непасрэдны?! Вы што? Трэпанацыю чэрапа будзеце кожнаму рабіць?

Мурашка. Што вы! Не! Датчык улаўлівае біятокі мозгу праз чарапную каробку.

Паўза.

Папсуева. Значыць, падвопытны павінен пакласці галаву на гэтыя вілы?

Мурашка. Ага…

Папсуева. А калі ён не захоча рабіць гэта добраахвотна? Вы будзеце прымушаць сілком?

Мурашка. Не… Я прадугледзеў і такі варыянт. (Націскае кнопку, і металічнае крэсла набывае такое палажэнне, пры якім галава чалавека абавязкова дакранецца да паўабруча.) Я ўжо працую над больш дасканалым апаратам…

Міралюбаў (з цікавасцю). Чым ён будзе адрознівацца ад гэтага?

Мурашка. Ён будзе лавіць біятокі мозгу з адлегласці трох-пяці метраў…

Папсуева. Ну, ведаеце!.. Лавіць біятокі мозгу з-за вугла — супрацьзаконна! Усё роўна што чытаць чужыя пісьмы ці падслухоўваць тэлефонныя размовы! На гэта ў нас ніколі не пойдуць!

Вяршыла (з некаторай трывогай паказваючы на апарат). А гэты яшчэ не ловіць на адлегласці?

Мурашка. Гэты — не. Ён працуе па прынцыпу непасрэднага кантакту.

Міралюбаў(з вялікай цікавасцю разглядаючы апарат). Вы сказалі, што сюды ўманціраваны адзін датчык. (Паказвае на бліскучы паўабруч.) А дзе другі?

Мурашка(паказвае на цэнтр сядзення крэсла). Другі знаходзіцца вось тут…

Папсуева(нечакана ўзрываецца). Ну, гэта ўжо чорт ведае што такое! Пры чым тут гэтае месца? Тут жа мазгоў, наколькі я ведаю, няма і быць не можа! Вы ўжо загадзя, знарок праграмуеце непаўнацэннасць чалавека!

Мурашка. Тут знаходзяцца так званыя адчувальныя… Вельмі адчувальныя зоны -Хеда…

Вяршыла. Чые зоны?

Перейти на страницу:

Похожие книги