Читаем Гаспадар полностью

Кацярына. Не, дачка. Ідзі, паслухай, як з’елі чалавека, потым раскажаш.

Таня. Лешч пытаўся пра Валянціну, цікавіўся…

Кацярына. Сапсаваў дзяўчыне жыццё, а цяпер соль на рану…

Таня. Што ў іх было?

Кацярына. Усё было. Вяселле намячалася. Але аднойчы паехаў на семінар, а адтуль ужо не вярнуўся. Таму што знайшоў сабе кралю. Ды не простую, а дачку начальніка. Як угору пайшоў!

Таня. Здольны!

Кацярына. Здольных шмат. Падтрымку займеў!

Таня. Не веру! У яго сумленныя вочы.

Кацярына. Дурная ты яшчэ.

Таня. Калі б галава ў яго не працавала…

Кацярына. Хто без галавы? Інстытутаў хапае. А вось сэрца — не ў кожнага… Яго інстытут не заменіць. Памятаю, Іванавіч атрымаў шыфер — тады так цяжка было дастаць! Пачаў раздаваць людзям. Падскоквае адзін, у галіфэ: «Ты што робіш? Пад суд захацеў?» А Іванавіч: «Калгас — гэта людзі…» Лешч хіба б так зрабіў? Як падумаю, што здымаюць, — выць хочацца.

Таня. Мама, ты павінна пайсці на сход!

Кацярына (пакруціла галавой). Што гэта зменіць?

Маці і дачка разыходзяцца. Да Бондара накіроўваецца Зязюля, аглянуўся.

Зязюля. Лукіч, сёння сход не павінен адбыцца.

Бондар. Што?!

Зязюля. Ты стары партызан… Вырубі святло… Арганізуй што-небудзь на ферме! Любое ЧП!..

Бондар. Звар’яцеў?! Ты дзе жывеш?

Зязюля. Мне вось так патрэбен заўтрашні дзень! (Правёў рукой па горле.) Колькі ў маім жыцці было пустых, бескарысных дзён! Усё аддаў бы за адзін заўтрашні дзень…

Бондар. Цябе не турбуе твой лёс?!

Зязюля (пакруціў галавой). Вырашаецца лёс калгаса — якім яму быць заўтра!

Бондар. Прадумаў выступленне?

Зязюля. Я быў заняты з аграномам.

Бондар. Не падрыхтаваў даклад?!

Зязюля. Перажывуць. Ну?

Бондар (памаўчаў). Памятаю, перад боем, калі нас акружылі ў лесе, страху не было. Бязлітаснасць, жаданне змагацца!

Зязюля. З кім? Хто мае ворагі?

Бондар. З няпраўдай.

Зязюля. Дамовіліся? Усё аддам! За адзін дзень!

Бондар. Лепш пагавары з людзьмі — паразважай уголас. Пра сумленне. Пра сэнс жыцця. Што галоўнае?..

Зязюля. Шмат гаворым! Лукіч, ёсць шанс забіць мядзведзя… Зрабі! (Убачыў дзяўчыну.) Таня!

Дзяўчына падыходзіць.

Ты што — ад’язджаеш?

Таня. У горадзе ў нас цётка.

Зязюля. Справа, вядома, твая. Але ўцякаць ад свайго шчасця…

Таня. Вы пра што?

Зязюля. Пра Мішу.

Таня. Што ж ён не гаворыць?

Зязюля. Калгасу пашанцавала на галоўнага інжынера. Далёка пойдзе! Усё ў цябе, Таццяна, будзе ў горадзе. А вось хлопца такога можаш і не сустрэць… Пойдзем, Лукіч. Гэта мая апошняя просьба.

Пакінуўшы дзяўчыну, яны адыходзяць.

Вечарэе. Па вуліцах і завулках, па дарогах і сцяжынках збіраюцца калгаснікі на сход. То тут, то там узнікаюць групы, людзі абмяркоўваюць, спрачаюцца, пераходзяць ад адной групы да другой, кожнаму хочацца паслухаць, што гавораць і тут, і там.

Пажылая жанчына. Жыццё старшыні, Таіска, на віду. Як бы ні стараўся, людзі ўсё бачаць, усё пра цябе ведаюць. Як перад Богам — за ўсе гады Іванавіч не ўзяў лішняй капейкі!

Таіса. Раскажыце пра гэта на сходзе.

Пажылая жанчына. Авой, дачушка, столькі людзей!

Падыходзіць Карпук.

Карпук (з пагрозай). Я раскажу. Доўга чакаў!

Таіса. І што вы скажаце?

Карпук (уважліва паглядзеў). Вы, доктар, жывяце ў горадзе. Пасварыліся з начальствам — перайшлі ў другую бальніцу. А куды дзецца селяніну і як жыць, калі не паладзіў са старшынёй? Хто дасць паліва, камбікорм, машыну або каня? Хто заступіцца?

Пажылая жанчына. Ну, тады я таксама скажу! Але другое!

Падышоў Ляшчук.

Ляшчук. Збіраешся прамову трымаць, Сямёнаўна?

Пажылая жанчына. А, Міхайлавіч!.. Дзе нам! Сёе-тое… Пра што кумекаем…

Ляшчук (паглядзеў на Таісу). Штосьці такіх сімпатычных раней я тут…

Таіса (зірнула на часопіс, які несла жанчына). З рэдакцыі часопіса «Крестьянка». Па пісьму даяркі.

Хтосьці хіхікнуў. Ляшчук не надаў гэтаму значэння.

Ляшчук. А, адразу на баль! Сёння мяняем старшыню.

Таіса. Піў?

Ляшчук. Хто сёння не п’е?

Таіса. Заваліў гаспадарку?

Ляшчук. Перастаў адпавядаць. Самі ведаеце, якія цяпер задачы…

Таіса. А вы — адпавядаеце?

Ляшчук. Гэта вырашаюць іншыя. (Усміхнуўся.) Такія прыгожыя вочы — і суровы характар! Ой, гэтыя масквічкі!

Таіса. Вам патрэбен канфарміст. А калі асоба — з’есці гатовы!

Перейти на страницу:

Похожие книги